Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міколу Статкевіча ўпершыню наведаў кіраўнік офісу АБСЭ


Любоў Лунёва, Менск Кіраўнік офісу АБСЭ Окэ Пэтэрсан наведаў Міколу Статкевіча, які адбывае пакараньне на “хіміі” у Баранавічах за арганізацыю вулічных дэманстрацый 18 і 19 кастрычніка супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. На сустрэчу прыйшлі сацыял-дэмакраты, якія страцілі працу за ўдзел у выбарчай кампаніі. Мікола Статкевіч азнаёміў спадара Пэтэрсана са сваёй заявай наконт дадаткаў у крымінальны кодэкс.

На сустрэчы з кіраўніком офісу АБСЭ Окэ Пэтэрсанам прысутнічалі паплечнікі Міколы Статкевіча: кіраўнік сацыял-дэмакратаў у Баранавічах Аляксандр Долмат, Анатоль Вайцахоўскі і Віктар Сырыца. Спадара Пэтэрсана цікавілі падрабязнасьці звальненьня з працы кожнага з прысутных.

Аляксандр Долмат працаваў намесьнікам дырэктара каледжа. У 2003 годзе за ўдзел у выбарах у мясцовы савет яго звольнілі з працы разам з жонкай. У 2004 годзе яго звольнілі за ўдзел у выбарчай кампаніі і з прыватнай фірмы.

Анатоль Вайцахоўскі быў галоўным рэдактарам газэты “Шаг”. Яго звольнілі ў 2001 годзе за тое, што разьмясьціў матэрыял пра адзінага кандыдата. Калі ён выдаваў новую газэту, то даў магчымасьць "БДГ" друкаваць там свае матэрыялы. Пасьля чаго страціў і тую працу.

Літаральна два тыдні таму звольнілі з пасады выкладчыка прыватнага каледжа Віктара Сырыцу, які ўзначальваў Баранавіцкую філію Таварыства беларускай мовы і ўвайшоў у штаб Аляксандра Мілінкевіча.

(Статкевіч: ) “Я сказаў спадару амбасадару, што апошнія гады рэпрэсіяў супраць нашай партыі, як і супраць іншых дэмакратычных сіл, узмацніліся. Вельмі шмат звольненых і колькасьць іх расьце. Але я ня ведаю ніводнага факту, калі б сацыял-дэмакрат, які б трапіў пад рэпрэсіі, спыніў сваю працу ў партыі. Такое ўражаньне, што, наадварот, незаконныя, немаральныя дзеяньні ўлады служаць сьведчаньнем для людзей таго, што справа свабоды, якой яны служаць, зьяўляецца патрэбнай і маральнай”.

Мікола Статкевіч абмеркаваў з Окэ Пэтэрсанам палітычную сытуацыю ў краіне. Ён выказаў свой погляд на ініцыятыву ўладаў унесьці дадатковыя артыкулы ў Крымінальны кодэкс.

(Статкевіч: ) “Вы ведаеце пра гэтыя ініцыятывы. Карацей кажучы – за ўсё пасадзім. Я казаў, што лічу гэтыя заканадаўчыя ініцыятывы – сьведчаньне некантралюемага панічнага страху правячага рэжыму перад уласным народам. Яны баяцца масавых выступленьняў людзей супраць імітацыі выбараў.”

Мікола Статкевіч паведаміў Окэ Пэтэрсану, што яго, як кіраўніка незарэгістраванай партыі, перш за ўсё зацікавіла папраўка, паводле якой за дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі пагражае пазбаўленьне волі тэрмінам да двух гадоў.

(Статкевіч: ) “Мы лічым, што гэтая папраўка зроблена для таго, каб загнаць дэмакратычных актывістаў у клоны, створаныя ўладай. Гэта клоны вядомыя – сацыял-дэмакратычны клон, польскі клон і, магчыма, у будучым пісьменьніцкі манапольны клон. Але калі людзі хочуць працаваць разам дзеля свабоды, яны знойдуць форму быць разам. Паддавацца на гэта, ісьці ў гэтыя клоны ніхто не будзе.”

Міколу Статкевіча ўпершыню наведаў прадстаўнік АБСЭ. Раней да яго на “хімію” прыяжджаў амбасадар Нямеччыны, прадстаўнік дыпмісіі Швэцыі, а таксама замежныя калегі і журналісты з Галяндыі, Бэльгіі, Швэцыі, Расеі і Польшчы. Мікола Статкевіч запэўніў, што маральная падтрымка, якую ён адчувае, дазваляе яму трымацца на “хіміі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG