Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве ствараюць Супольнасьць дэмакратычнага выбару


Юрась Бушлякоў, Прага Лідэры і афіцыйныя прадстаўнікі 14 краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы сабраліся ў Кіеве для абмеркаваньня шляхоў паглыбленьня шматбаковага міждзяржаўнага супрацоўніцтва. Як чакаецца, у ходзе двухдзённага форуму імпульс для далейшага разьвіцьця атрымае шматнацыянальнае рэгіянальнае аб’яднаньне – Супольнасьць дэмакратычнага выбару. Паасобныя назіральнікі разглядаюць новую міждзяржаўную супольнасьць як патэнцыйную альтэрнатыву створанай 14 гадоў назад Судружнасьці незалежных дзяржаваў.

Кульмінацыя двухдзённай кіеўскай сустрэчы на высокім роўні чакаецца ў пятніцу – пройдзе ўстаноўчы сход Супольнасьці дэмакратычнага выбару і будзе прынятая агульная дэклярацыя. Сярод гасьцей ва ўкраінскай сталіцы – прэзыдэнты Эстоніі, Латвіі, Літвы, Македоніі, Румыніі, Малдовы й Славеніі, а таксама ўрадавыя дэлегацыі з Азэрбайджану, Баўгарыі, Чэскай Рэспублікі, Польшчы й Вугоршчыны.

Пачаткі новага рэгіянальнага аб’яднаньня заклалі ў жніўні ў грузінскім горадзе Баржомі прэзыдэнты Грузіі і Ўкраіны Віктар Юшчанка й Міхаіл Саакашвілі. У Баржомскай дэклярацыі прэзыдэнты зьвярнуліся з заклікам аб’яднацца да краін рэгіёну, якія адчуваюць адказнасьць за яго дэмакратычную будучыню. Гаворыць Віктар Юшчанка:

(Юшчанка: ) “Прыйшоў той час, калі мы можам гаварыць аб стварэньні кааліцыі – кааліцыі дзяржаваў, для якіх свабода й дэмакратыя – гэта тыя базавыя каштоўнасьці, што даюць ключ да адказу на пытаньні, дачынныя кожнага чалавека – і гуманітарныя, і эканамічныя, і сацыяльныя”.

Зь неназваных прычын прыбыць у Кіеў адмовіўся расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. Злучаныя Штаты на форуме ва ўкраінскай сталіцы прадстаўляе намесьніца дзяржсакратара Пола Дабранскі. Сваіх прадстаўнікоў на паседжаньні Супольнасьці дэмакратычнага выбару накіравалі таксама Рада Эўропа, АБСЭ й арганізацыя Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва.

Базавыя прынцыпы ствара́най у Кіеве супольнасьці аналягічныя прынцыпам ініцыяванай Злучанымі Штатамі ў 2000 годзе Супольнасьці дэмакратыяў – свабоднага аб’яднаньня, у склад якога ўваходзяць 106 урадаў. Краіны Супольнасьці дэмакратыяў абавязаліся ўмацоўваць свае дэмакратычныя інстытуты, а таксама дапамагаць у дэмакратызацыі іншым краінам.

Ініцыятары стварэньня Супольнасьці дэмакратычнага выбару дэкляруюць тыя самыя мэты. У Баржомскай дэклярацыі Юшчанка й Саакашвілі заявілі, што новая супольнасьць мае стаць важкім інструмэнтам пераадоленьня падзелаў у Балтыйска-Чарнаморскім рэгіёне.
XS
SM
MD
LG