Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мін’юст: суды гатовыя да выкананьня паправак у Крымінальны кодэкс


Валер Каліноўскі, Менск У Міністэрстве юстыцыі Беларусі не падзяляюць занепакоенасьці міжнароднай і беларускай грамадзкасьці адносна ўхваленых у першым чытаньні Палатай прадстаўнікоў паправак у Крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць пакараньне за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў і дыскрэдытацыю органаў улады. Пра гэта сёньня заявіў першы намесьнік міністра юстыцыі Беларусі Аляксандар Петраш.

Паводле Аляксандра Петраша, папраўкі ў Крымінальны кодэкс, ухваленыя ў першым чытаньні Палатай прадстаўнікоў, у тым ліку адносна дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і органаў улады, прайшлі працэдуру ўзгадненьня ў Міністэрстве юстыцыі і ня выклікалі там нейкіх прэтэнзіяў. Спадар Петраш як юрыст ня бачыць тут ніякіх пагрозаў правам і свабодам грамадзянаў:

(Петраш: ) “Ніякіх апасеньняў у мяне з нагоды прыняцьця гэтага закону няма”.

Першы намесьнік міністра юстыцыі Аляксандар Петраш, які адказвае за судовую сыстэму і выкананьне судовых рашэньняў, паведаміў таксама, што беларускія суды гатовыя да выкананьня новых паправак у Крымінальны кодэкс. Тое ж, што ў грамадзтве гэтыя папраўкі выклікалі абурэньне, спадар Петраш камэнтуе так:

(Петраш: ) “Я вам скажу, што адносна любога законапраекту існуюць два меркаваньні”.

Тое, што дыскрэдытацыя дзяржавы і яе органаў становіцца крымінальна караным злачынствам, спадар Петраш лічыць апраўданым:

(Петраш: ) “Вы аб сваёй сям’і кепска не гаворыце… Таму і казаць аб сваёй рэспубліцы, што ёсьць нешта кепскае, калі яно сапраўды ня так, таксама ня трэба. А ацэнку сёньня ўжо будзе даваць суд або орган крымінальнага перасьледу, да ведама якога будзе адносіцца такі факт”.

Паводле спадара Петраша, гэта ж адносіцца і да працы журналістаў.

Вядомы беларускі юрыст Міхаіл Пастухоў не падзяляе спакою першага намесьніка міністра юстыцыі. Спадар Пастухоў мяркуе, што гэтыя папраўкі фактычна скасоўваюць дзеяньне некаторых артыкулаў Канстытуцыі: аб свабодзе слова і вольным доступе да інфармацыі аб дзейнасьці дзяржаўных органаў ды ставяць пад сумнеў палажэньне Асноўнага закону аб тым, што Беларусь зьяўляецца дэмакратычнай і прававой краінай.

(Пастухоў: ) “Прыняцьцё такіх паправак будзе азначаць, што ў Беларусі ўведзенае як бы надзвычайнае становішча. Забараняюцца ўсякія размовы і аб’яднаньні асобаў, якія складаюць альтэрнатыву дзейнаму кіраўніку дзяржавы”.

Спадара Пастухова асабліва абураюць жорсткія меры пакараньня за дыскрэдытацыю і заклікі да замежных краінаў — ажно да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

(Пастухоў: ) “Такога яшчэ не было, можа, ні ў адной краіне сьвету. Як гэта забараняецца даваць інфармацыю прадстаўнікам замежных дзяржаваў, выказваць нейкія ацэнкі аб тым, што адбываецца ў краіне? Пачнецца суцэльная шпіёнаманія”.

Міхаіл Пастухоў перакананы, што папраўкі ў Крымінальны кодэкс канчаткова руйнуюць імідж Беларусі як сучаснай краіны і нагадваюць гады сталінскіх рэпрэсіяў.

Гл. таксама: • За "дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь" можна будзе атрымаць 2 гады • Праваабаронцы патрабуюць ад А.Лукашэнкі адклікаць папраўкі • Валянцін Стэфановіч: калі б дэпутаты не хацелі прымаць гэтыя папраўкі, яны б за іх не галасавалі • Богдан Кліх: “Такое права нельга паважаць” • Вацлаў Станкевіч: Беларускія улады надалей самаізалююцца • Акадэмік Вайтовіч: “Дыктатар хоча быць дыктатарам да канца жыцьця” • Амэрыканскі Камітэт па абароне журналістаў выступае супраць паправак Лукашэнкі • Вітаўт Кіпель: Мова паправак нагадвае мне 1940-ы сталінскі год
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG