Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Мілінкевіч: “У 2006 у Беларусі адбудзецца рэвалюцыя духу”


Юры Сьвірко, Кіеў У Кіеве знаходзіцца лідэр беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч. Ягоны візыт супаў з правядзеньнем 1 сьнежня саміту Ўкраіна-Эўрапейскі Зьвяз і, 2 сьнежня, саміту дэмакратычных краін Усходняй Эўропы.

Сёньня спадар Мілінкевіч выступіў на міжнародным Грамадзкім форуме “Супольнасьць дэмакратычнага выбару”, адным з арганізатараў якога было Міністэрства замежных справаў Украіны.

На форуме Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ўпэўнены ў “рэвалюцыі духу” ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году.

“Мы ня верым у тое, што беларускі рэжым пагодзіцца правесьці сумленныя й празрыстыя выбары, паколькі ў нас даўно ніхто ня лічыць галасы, і мы абяцаем, што выведзем людзей на вуліцы”, – сказаў у прамове адзіны кандыдат ад апазыцыі на выбарах прэзыдэнта Беларусі.

***

У перапынку форуму спадар Мілінкевіч даў эксклюзіўнае інтэрвію кіеўскаму карэспандэнту Радыё Свабода Юрыю Сьвірку. Слухайце яго ў эфіры і чытайце пазьней на нашым сайце.

***

Тым часам на саміце Ўкраїна-Эўразьвяз, на якім сярод іншага абмеркавалі адносіны зь Беларусьсю, Эўрапейскі Зьвяз прызнаў Украіну дзяржавай з рынкавай эканомікай. Пра гэта ў Кіеве абвесьціў кіраўнік Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу, які паабяцаў канчаткова аформіць гэты статус Украіны цягам двух месяцаў. Таксама ў Кіеў прыехаў Тоні Блэр, прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі, якая да канца году старшынюе ў Эўразьвязе. Спадар Блэр сказаў, што спадзяецца на далучэньне Ўкраіны да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі ўжо ў пачатку 2006 году.
XS
SM
MD
LG