Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорск: як ставяцца людзі да хворых на СНІД ды наркаманію?


Казімер Яноўскі, Сьветлагорск Гэта высьвятляў у жыхароў Сьветлагорску наш гомельскі карэспандэнт — на пытаньне адказвалі і хворыя, і тыя, хто жывуць побач зь імі.

(Спадар: ) “Я ВІЧ-інфікаваны. Мне паставілі гэты дыягназ яшчэ ў 2000 годзе ў турме ў Гомелі. Спачатку думаў скончыць жыцьцё самагубствам, а пасьля звыкся з гэтай думкаю. Стаўленьне да нас вельмі кепскае. Ніхто ня хоча сябраваць, мець агульных справаў. Вельмі нэгатыўнае стаўленьне з боку навакольных”.

(Спадар: ) “Я калюся ўжо каля пятнаццаці гадоў. Людзі агрэсіўна настроены супраць нараманаў. Ёсьць, канечне, тыя, хто разумее наркаманаў, але гэта адзінкі. У асноўным настроены агрэсіўна. Калі будуць ведаць, што ты наркаман, вельмі цяжка ўладкавацца на працу. Людзі адштурхоўваюць нас ад сябе. А тым больш, цяпер яшчэ гэтая праблема зь ВІЧ. Калі пачуюць, што яшчэ і ВІЧ, абыходзяць бокам”.

(Спадар: ) “Мы ўсе жывём у адным асяродку, таму ніхто не абаронены ад гэтай хваробы”.

(Спадар: ) “Праблемы вялікія для нас яны ствараюць. Шпрыцы валяюцца, іголкі ёсьць, кроў ад іх усюды застаецца. А вакол дзеці малыя бегаюць. Крадзяжы ад наркаманаў. Калі пад’езды адчынены, там так нагаджана, што страх”.

(Спадарыня: ) “Я сама па адукацыі фэльчар, амаль дваццаць гадоў на хуткай дапамозе працавала. Мне гэта блізка і знаёма, і я з разуменьнем, міласэрна стаўлюся да гэтых людзей”.

(Спадар: ) “Зьмяніўся погляд як саміх наркаманаў, так і стаўленьне насельніцтва да іх”.

(Спадар: ) “Больш цярпіма сталі ставіцца да такіх людзей. Але і размовы, бывае, чуюцца: саслаць іх трэба, ізаляваць. Але гэта адзінкі. Магчыма, ужо прывыклі. Вельмі часта сустракаюцца сем’і, у якіх ёсьць такая хвароба. І ўжо людзі з жалем, з разуменьнем ставяцца да тых, хто ўжывае наркотыкі. І да ВІЧ-інфікаваных таксама. І ужо глядзяць на іх не як на ізгояў, а як на нейкую частку грамадзтва”.
XS
SM
MD
LG