Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадары краінаў Эўразьвязу наведалі ўрочышча Курапаты (фота)


Ганна Соусь, Менск Яны выказалі абурэньне актамі вандалізму на месцы гібелі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Прыехаўшы ва ўрочышча, амбасадары пабачылі, што паваленая пліта лавы Клінтана пастаўленая на месца. Хто гэта мог зрабіць?

Амбасадары краінаў Эўразьвязу, акрэдытаваныя ў Беларусі, сёньня раніцай наведалі ўрочышча Курапаты, каб на свае вочы пабачыць сьляды вандалізму. Вось што паведаміў нашаму радыё амбасадар Вялікабрытаніі Браян Бэнэт:

(Бэнэт: ) “Мы чулі пра тое, што тут пабывалі вандалы і разбурылі крыжы і амэрыканскую лаву. Мы падумалі, што лепш прыйсьці і пабачыць гэта на свае вочы, і мы былі шакаваныя, што людзі так могуць рабіць. Мы хочам таксама выказаць сваю павагу і ўшанаваць памяць ахвяраў рэпрэсіяў. І мы з задавальненьнем заўважылі, што тое, што было разбурана, ужо адноўлена. Мы спадзяемся, што ўлады зробяць усё магчымае, каб усё аднавіць да першапачатковага выгляду і абараняць гэта”.

Амбасадар Францыі Стэфан Шмялеўскі згадаў, як некалькі гадоў таму ён пры гэткіх жа абставінах наведваў мэмарыял ахвярам галакосту “Яма”, які таксама апаганілі вандалы:

(Шмялеўскі: ) “Ва ўсіх краінах Эўропы паважаюць ахвяраў. Трэба такую павагу захоўваць. Гэта пытаньне культуры і цывілізацыі”.

Амбасадар Літвы ў Беларусі Пятрас Вайцякунас падзяліўся з Радыё Свабода сваімі ўражаньнямі ад наведваньня Курапатаў:

(Вайцякунас: ) “Страшнае месца, якое трэба памятаць, і не дапускаць такіх актаў вандалізму, якія тут адбыліся. А калі яны адбываюцца, то трэба паказваць сваю пазыцыю і аднаўляць”.

Зь нямецкім амбасадарам Марцінам Хэкерам я гутару, стоячы побач з абразом-капліцай Маці Божай Курапацкай, на якой вандалы прадралі цьвіком свастыку:

(Хэкер: ) “Я ў шоку, што такі вандалізм тут існуе. Паколькі я амбасадар Нямеччыны, то гэта мяне асабліва тычыцца, паколькі многія з забітых ад 1939 да 1941 году загінулі тут у выніку пакту Гітлера і Сталіна. Курапацкі мэмарыял — гэта таксама нагода ўспомніць пра хаўрус, які заключылі самыя жахлівыя дыктатары 20 стагодзьдзя”.

Пасьля таго, як амбасадары пакінулі Курапаты, я зьвяртаю ўвагу на зьмены, які адбыліся ва ўрочышчы ад учорашняга дня. Найперш: паваленую пліту лавы Клінтана нехта паставіў на апоры. Адзін з вырваных крыжоў нанава ўсталяваны. Як паведаміў мне актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо, які часта наведвае Курапаты, сябры ягонай партыі гэтага не рабілі. У амэрыканскай амбасадзе нашаму радыё параілі зьвярнуцца па тлумачэньні да гарадзкіх уладаў. Але ў прэсавай службе Менгарвыканкаму заявілі, што ўпершыню чуюць пра нядаўнія факты вандалізму ў Курапатах. Сваё меркаваньне на гэты конт выказаў скульптар Алесь Шатэрнік, які хоча нанава адрамантаваць лаву Клінтана.

(Шатэрнік: ) “Я думаю, што хутчэй за ўсё, гэта міліцыянты. Яны казалі, што ім не хапае людзей для аховы Курапатаў. Відаць, яны ня хочуць і скандалу. Пасьля таго, як гэта зьявілася ў друку, дык зразумела, што яны яе і паставілі. Думаю, што яе трэба замацаваць. У бліжэйшы час я гэтым займуся”.

Але начальнік Бараўлянскага аддзелу міліцыі Андрэй Лук’янаў сьцьвярджае, што ягоныя супрацоўнікі не папраўлялі мэмарыяльнага знаку.

(Лук’янаў: ) “Цалкам верагодна, што гэта маглі зрабіць і цывільныя асобы”.

Андрэй Лук’янаў паведаміў Радыё Свабода, што цяпер апэратыўны ўпаўнаважаны крымінальнага вышуку праводзіць праверку здарэньня ў Курапатах.





Гл. таксама • Акт вандалізму: фотарэпартаж з Курапатаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG