Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Аркуш: я не чакаў, што Бураўкін, Законьнікаў і Вярцінскі стануць у жорсткую апазыцыю


Вольга Караткевіч, Прага Удзельнікам сёньняшняга ранішняга эфіру быў полацкі паэт, Старшыня таварыства вольных літаратараў Алесь Аркуш.

(Караткевіч: ) "Алесь, як бы Вы ахарактарызавалі апошнія падзеі – стварэньне альтэрнатыўнага Саюзу пісьменьнікаў і папраўкі ў Крымінальны кодэкс, я маю на ўвазе новы артыкул "Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь?"

(Аркуш: ) "Адносна Саюзу пісьменьнікаў я ўжо выказваўся ў газэце "Наша Ніва". Адносна гэтага ўчынку ўладаў і тых людзей, што на гэта пайшлі, мне цяжка падабраць словы. Відавочна, што мэта новага Саюзу проста падмяніць ранейшы Саюз, які быў неляяльны да рэжыму. Гэта была апошняя творчая арганізацыя, якая выказвала сваю апазыцыйнасьць. Прычым, выказвала ня як арганізацыя, але кожны сябар асобна. Ясна, што была пастаўлена задача, гэтую апазыцыйнасьць ліквідаваць".

(Караткевіч: ) "У Беларусі вельмі малая колькасьць літаратурных часопісаў, няма шырокай практыкі сустрэчы пісьменьнікаў з чытачамі, дык які сэнс ліквідоўваць творчы саюз?"

(Аркуш: ) "А сэнсу, па вялікім рахунку, няма ні ў чым, што адбываецца апошнім часам. Ну навошта трэба было ліквідоўваць значную частку грамадзкіх арганізацыяў, якія проста займаліся дабрачыннасьцю. Які сэнс было зьнішчаць Саюз палякаў? Які сэнс было зьнішчаць пратэстанцкія цэрквы? Няма ніякага сэнсу. Сэнс у тым, што насоўваюцца прэзыдэнцкія выбары. Каб нават не было ніводнага апазыцыйнага асяродку, які б мог калектыўна выказацца супраць. Саюз пісьменьнікаў, тэарэтычна, мог прыняць заяву з падтрымкай нейкага кандыдата. Вось гэтую магчымасьць і трэба было ліквідаваць".

(Караткевіч: ) "А што Вы думаеце пра папраўкі ў Крымінальны кодэк?"

(Аркуш: ) "Гэта падзея з таго самага ланцуга. Трэба стварыць юрыдычныя падставы, каб любога чалавека можна было адправіць за краты. Я ўяўляю, як раней судзьдзям ставілі задачу засудзіць чалавека – за што было судзіць, калі ён проста стаяў у пікеце, ня кажучы ні слова? А цяпер створаныя ўмовы, каб кожнага можна было пасадзіць. Сказалі вы нешта замежнаму карэспандэнту – за краты..."

(Караткевіч: ) “Наколькі, на Вашую думку, беларуская нацыянальная інтэлігенцыя хоча і можа ўплываць на палітычныя дзеяньні апазыцыі?"

(Аркуш: ) "Ведаеце, апошнім часам у мяне тут зьявіўся аптымізм. Я не чакаў, што старыя нашы літаратары, якія выхоўваліся ў машэраўскай намэнклятуры – Законьнікаў, Вярцінскі, Бураўкін і іншыя – могуць стаць у жорсткую апазыцыю. Але гэта адбылося, і для мяне гэта нечаканасьць. Калі ў 1993 годзе мы стваралі Таварыства вольных літаратараў, мы таксама былі ў жорсткай апазыцыі да Саюза пісьменьнікаў, мы лічылі яго загніваючым калгасам, які абавязкова будзе дагаджаць любой уладзе і будзе пець песьні, якія яму загадаюць. Але насамрэч людзі, чые вершы мы вывучалі, гэта сур''ёзныя людзі, якімі мае ганарыцца наша нацыя. Яны паказалі, што беларуская літаратура – не прыкарытная, як казалі "Тутэйшыя" пра яе. Іншая справа, што гэтыя людзі пазбаўленыя выхаду да свайго народу, адціснутыя ад сродкаў масавай інфармацыі. Іх камэнтароў да палітычных падзеяў ніхто не спытаецца, іх ніхто не запросіць на прамы этэр тэлебачаньня ці радыё. Іх не відаць. Мы зрэдку чуем іх галасы ў апазыцыйных газэтах і на Радыё Свабода”.

(Караткевіч: ) "Каго б Вы назвалі новай яркай зьявай у літаратуры апошніх гадоў?"

(Аркуш: ) "Безумоўна, найбольш яркая зьява – Андрэй Хадановіч. Гэта чалавек, які здолеў стварыць свой уласны паэтычны вобраз творцы – такога пострамантычнага і постмадэрнісцкага адначасова. У ім ёсьць нешта бурлескавае і няма занудства, якое звычайна характэрнае для большасьці старэйшых пісьменьнікаў. Яго палюбіла моладзь. Я сам бачыў, як ён выступаў у Полацкім унівэрсытэце, яго сустракалі на "ўра" і пляскалі ў ладкі. Кожны ягоны верш знаходзіў у аўдыторыі водгук. Іншая рэч, як мне падаецца, Андрэй Хадановіч пачаў спаўзаць у поп-культуру. Мы нават паспрачаліся зь ім аб гэтым на літаратурнай канфэрэнцыі ў Полацку. Я таксама лічу, што ў беларускай літаратуры ёсьць розныя нішы, і, напрыклад, паэзія Ігара Бабкова – гэта зусім элітарная паэзія, ці паэзія Баярына. Ёсьць таксама паэзія больш разьняволеная, вясёлая, больш бурлескная. Мне яшчэ падабаецца паэзія Віктара Жыбуля. Хоць таксама ён, скажам так, несур''ёзны паэт, але яго дакладнае слова, яго гарадзкі фальклёр – гэта вельмі прафэсійна. Нядаўна рэдактарка газэты "Беларускае слова" з Таронта зьвярнулася да мяне з просьбай дапамагчы знайсьці некалькі акравершаў – яна пісала артыкул пра палітычныя акравершы ў Беларусі. Дык вось адзіны чалавек, які дакладна валодае гэтай тэмай – гэта Віктар Жыбуль".

(Карактевіч: ) "На Вашую думку, хто ў Беларусі стварыў найлепшы вобраз жанчыны ў літаратуры?"

(Аркуш: ) "Мне адразу ў галаву прыходзіць імя Дранька-Майсюка. Яго вершы да таямнічай А., яго рамантызм і мушкетэрства – бадай што гэта найбольш адметна".

(Караткевіч: ) "Што Вы апошнім часам прачыталі з сусьветнай літаратуры?"

(Аркуш: ) "Я апошнім часам чытаю беларускую літаратуру. Я сутыкнуўся з тым, што маладыя літаратары, палемізуючы ў інтэрнэце, абсалютна ня ведаюць беларускай літаратуры, маўляў, усё гэта старое і непатрэбнае. Але ўсё трэба ведаць. Перш чым сказаць, ацаніць, трэба ведаць".

(Караткевіч: ) "Што ў Вас выклікае пачуцьцё дыскамфорту ў сучаснай Беларусі, калі такое ёсьць?"

(Аркуш: ) "У мяне – вельмі шмат. Напрыклад, пэсымізм у грамадзтве. Калі людзі зьяжджаюць у эміграцыю, кажуць, што тут няма чаго рабіць, няма як. Але ж тут усё магчыма рабіць. Магчыма выдаваць часопісы, магчыма пісаць, магчыма сустракацца. Вось днямі была сустрэча з Уладзімерам Арловым у Полацку, было шмат людзей, шмат моладзі, і Арлоў выказваўся, так бы мовіць, не алегорыямі. Усё магчыма рабіць. Канечне, складана, але ж у 30-я гады было складаней. І вось гэты пэсымізм у грамадзтве, нібыта, людзі чакалі вельмі хуткага выніку, а вельмі хуткага выніку ня будзе, і трэба плянаваць сваё жыцьцё на 50-100 гадоў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG