Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднавілі крымінальную справу супраць дэпутата райсавету, сябра БНФ


АлегСупрунюк, Берасьцейская вобласьць Адноўлена крымінальная справа ў дачыненьні да дэпутата Маларыцкага райсавету. Сябра БНФ Уладзімер Малей зноў абвінавачваецца ў паклёпе на адрас кіраўніка мясцовай вэртыкалі.

Раніцай 1 сьнежня дэпутат Маларыцкага раённага савету, намесьнік старшыні Берасьцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Уладзімер Малей атрымаў паведамленьне з управы ўнутранных справаў аблвыканкаму. З паведамленьня вынікае, што сьледчыя органы аднавілі крымінальную справу ў адносінах да апазыцыйнага дэпутата.

Спадара Малея абвінавачваюць у паклёпе на адрас старшыні Маларыцкага райвыканкаму Казіміра Лапіча. У заяве ў пракуратуру кіраўнік мясцовай вэртыкалі сьцьвярджаў, што Ўладзімер Малей у сваім дэпутацкім запыце, які пасьля быў надрукаваны ў інфармацыйным бюлетэні “Наша слова”, распаўсюдзіў пра яго паклёпніцкія зьвесткі. Дэпутацкі запыт тычыўся службовага жыльля для былога старшыні райвыканкаму, якое засталося ў прыватнай уласнасьці пасьля ягонай адстаўкі. Паводле словаў спадара Малея, цяперашняе маларыцкае кіраўніцтва не зрабіла ніякіх захадаў, каб гэтая маёмасьць была вернутая дзяржаве. Гаворыць Уладзімер Малей:

(Малей: ) “Гэтую праблему ня я ставіў, а мае выбаршчыкі, бо я зьяўляюся дэпутатам Маларыцкага раённага савету. Яны абураліся тым, чаму гэтыя людзі працуюць у іншым месцы, пабудавалі дамы, самі выехалі, а ў гэтых дамах жывуць іхныя дзеці. Гэта самі выбаршчыкі пытаньне ставілі”.

Крымінальную справу адносна дэпутата распачалі сёлета 2 лютага. Сьледзтва цягнулася амаль шэсьць месяцаў і было спыненае, аднак цяпер абласная пракуратура не пагадзілася з рашэньнем закрыць справу. Спадар Малей мяркуе, што аднаўленьне крымінальнага перасьледу супраць яго можа быць зьвязанае з плянаванай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніяй, у якой зьбіраецца браць актыўны ўдзел маларыцкі апазыцыянэр.
XS
SM
MD
LG