Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Rzeczpospolita”: "Месцы толькі для ляяльных"


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Сёньня аўтарытэтны польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita” зьмяшчае матэрыял “Месцы толькі для ляяльных”, у якім расказваецца пра тое, што прыхільнікаў непрызнаванай афіцыйным Менскам старшыні СПБ Анжалікі Борыс адсоўваюць ад улады ў мясцовых суполках арганізацыі.

“Rzeczpospolita” піша, што цяпер у Беларусі адносна Саюзу палякаў выконваецца гэтак званы “ваўкавыскі сцэнар”. Штодзёньнік цытуе аднаго з прыхільнікаў Анжалікі Борыс, гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута, які кажа, што гэты сцэнар палягае ў тым, што Юзаф Лучнік – новы старшыня СПБ, абраны ў часе арганізаванага на патрабаваньні ўладаў жнівеньскага зьезду арганізацыі ў Ваўкавыску, меў падпарадкаваць сабе ўсе структуры Саюзу.

“Але гэтак ня здарылася. Лучніка не прынялі рэгіянальныя структуры СПБ, ніхто ня лічыць яго кіраўніком арганізацыі, таму пачалася глябальная акцыя, мэта якой – усіх запалохаць і падпарадкаваць мясцовыя арганізацыі СПБ”, – цытуе “Rzeczpospolita” Андрэя Пачобута.

Іншыя актывісты СПБ сказалі газэце, што прыхільнікам Анжалікі Борыс робяцца прапановы, “на якія яны ня могуць пагадзіцца” – гэта робіцца для таго, каб яны пагадзіліся, што старшыня арганізацыі, гэта Юзаф Лучнік.

“Rzeczpospolita” піша што справаздаўча-выбарчыя сходы прайшлі ўжо ў Берасьці, Барысаве. Наваградку ды іншых гарадох, а ў хуткім часе адбудуцца паўсюль, дзе спадарыню Борыс надалей лічаць кіраўніком СПБ.

“Здараецца, што новыя ўлады абіраюць, нягледзячы на адсутнасьць кворуму, альбо склад новага кіраўніцтва вядомы яшчэ перад пачаткам канфэрэнцыі. Дэлегатаў на гэтыя канфэрэнцыі практычна прывозяць дзяржаўнымі службовымі аўтамабілямі. А там, дзе няма дому польскага ці іншага памяшканьня, якое здымаў бы СПБ, ўлады арганізоўваюць канфэрэнцыі ў будынках гар- ці райвыканкамаў”, – піша “Rzeczpospolita” ды падае словы Андрэя Пісальніка – яшчэ аднаго прыхільніка Анжалікі Борыс, які кажа, што ў такіх выпадках дакладна бачна “хто за кім стаіць і ў такі спосаб на людзей ціснуць”.

Спадар Пісальнік кажа, што ўціск на прыхільнікаў кіраўніцтва СПБ на чале са спадарыняй Борыс настолькі моцны, што новаабраная кіраўніца адной з абласных арагнізацыяў адмовілася ад пасады, бо “палічыла, што гэта занадта маральна неадназначна роля”.

Адметна, што, як піша польскі штодзёньнік, апошнім часам ў менскай вобласьці СПБ страціў каля 40% сваіх чальцоў.
XS
SM
MD
LG