Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь з 15 краінаў Эўропы пратэставала каля амбасады Беларусі ў Вільні супраць выключэньня Тацяны Хомы з ВНУ (фота)


Тацяна Поклад, Вільня У розных краінах Эўропы працягваюцца акцыі у падтрымку студэнткі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Тацяны Хомы, якую выключылі з ВНУ за паездку у Францыю, дзе яна была абраная у раду міжнароднай студэнцкай арганізацыі – Нацыянальнага зьвязу студэнтаў Эўропы. У Вільні напярэдадні адбыўся пікет каля будынка амбасады Беларусі.

Акцыю ладзіў Літоўскі саюз студэнцкіх прадстаўніцтваў, буйнейшая літоўская студэнцкая арганізацыя, якая ў мінулым месяцы арганізавала шматтысячны мітынг студэнтаў у Вільні.

Студэнты тлумачылі, што гэта акцыя пратэсту супраць парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, і што яны абураныя выключэньнем з ВНУ актыўнай студэнткі, якая ўдзельнічае ў міжнародным студэнцкім руху. Моладзь трымала лісты шпалераў з малюнкам цаглянага мура – як сымбаль “дзяржаўнага мура”, а на ім – плякаты на розных мовах з надпісам “Свабоду руху!” і бел-чырвона-белы сьцяг.

Прэзыдэнт Саюзу студэнцкіх прадстаўніцтваў Вячаславас Палькявічус паведаміў, што яны будуць прасіць міністра адукацыі і навукі Літвы, каб той, паводле прыкладу свайго калегі са Швэцыі, таксама зьвярнуўся да рэктара Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту і заклікаў яго не выключаць студэнтку з-за паездкі на міжнароднае студэнцкае мерапрыемства.

Удзельнічалі некалькі дзесяткаў чалавек. Сабралася моладзь з 15 эўрапейскіх дзяржаваў – Літвы, Кіпру, Вялікай Брытаніі, Польшчы, Украіны ды іншых краінаў, у тым ліку і зь Беларусі. Усе яны прыехалі у Вільню на канфэрэнцыю моладзевых лідэраў. Студэнты зь Беларусі, якія вучацца ў Вільні, не удзельнічалі. Ідэя зладзіць пікет ва ўдзельнікаў канфэрэнцыі нарадзілася спантанна, арганізатары не паведамлялі пра гэта загадзя.

Не зьвярталіся яны і па дазвол на пікет у Віленскую мэрыю, так што акцыя была не санкцыянаваныя. Паколькі сабралася больш дазволенай колькасьці чалавек для несанкцыянаванай акцыі, прыехала паліцыя. Паліцыянты патлумачылі, што без папярэдняга дазволу нельга ладзіць акцыі з удзелам болей як 9 чалавек, іначай ім могуць прызначыць штраф. Пасьля гэтага ўдзельнікі падзяліліся на меншыя групы, і праблема была вырашаная.

Пікетам цікавіліся прадстаўнікі і літоўскіх, і замежных сродкаў масавай інфармацыі, у іх ліку журналісты з “NewYork Times”, агенцтва “Reuters”.





XS
SM
MD
LG