Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вітаўт Кіпель: Мова паправак нагадвае мне 1940-ы сталінскі год


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Вітаўт Кіпель адзін з найстарэйшых беларускіх дзеячаў у ЗША і дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва. Паводле яго, мэта нядаўніх паправак у Крымінальны кодэкс Беларусі – запужаць людзей перад удзелам у палітычным працэсе перад выбарамі. Ён лічыць, што нягледзячы на шырокія фармулёўкі, як напрыклад “грубае парушэньне грамадзкага парадку”, якія дазволяць задушыць любую апазыцыю, закон будзе прымяняцца выбарачна, пераважна да актывістаў апазыцыі і грамадзкіх арганізацый у правінцыі, дзе апазыцыя менш загартаваная і масавая.

(Кіпель: ) “Калі б я ня бачыў даты на гэтым законе, дык падумаў бы, што гэта 1940 ці 194-ы год, калі змагаліся з лятунствам, з пераездамі з кватэры на кватэру, нерэгістрацыяй у міліцыі. Гэты закон і законы савецкага сталінскага перадваеннага часу падобныя, як дзьве кроплі вады.”

(Кіпель: ) “Ва ўлады ёсьць рэальны страх. Грамадзтва наэлектрызаванае, і хопіць іскры, каб яго ўзарваць. І каб не дапусьціць выбуху, трэба зьнішчыць магчымыя ачагі напружаньня. Рэжым баіцца масавага забурэньня. Усе зандажы публічнай апініі, якія паказваюць Беларусь спакойнай і соннай – яны справядлівыя, але да пэўнай меры. Адзіная сапраўдная апінія – гэта апінія ў дзень выбараў. Калі ў 1991 годзе на вуліцы выйшла сто тысяч, гэта здавалася цудам, але гэты цуд можа паўтарыцца”.

Спадар Кіпель таксама пракамэнтаваў мову законапраекту. Папраўку, у якой гаворка ідзе пра добраахвотнае адмаўленьне ад працы ў грамадзкай арганізацыі, каб пазьбегчы крымінальнай адказнасьці спадар Кіпель разглядае, як спробу ўладаў раскалоць арганізацыі зь сярэдзіны і стымуляваць даносы. Артыкул пра дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь можна будзе выкарыстаць для арышту любой асобы, выказваньне якой не супадзе з афіцыйнымі выказваньнямі. “Любы кантакт з дыяспарай можа быць інтэрпрэтаваны як замежная дывэрсія і скончыцца турэмным зьняволеньнем”, – лічыць спадар Кіпель.

Паводле Вітаўта Кіпеля, рэжым Лукашэнкі зараз спрабуе ня толькі раскалоць і кантраляваць унутраную апазыцыю, але і беларускую дыяспару.

(Кіпель: ) “Пакуль на Беларусі будуць прамаскоўскія рэжымы, зьнішчыць дыяспару будзе мэтай тых рэжымаў. У дыяспары перахоўваецца ідэя незалежнай Беларусі. І Маскве, і прамаскоўскаму рэжыму дзейнасьць дыяспары заўсёды стаіць папярок горла. І гэтыя спробы раскалоць дыяспару, зьнішчыць беларускія цэрквы, дзе гаворыцца па-беларуску, зьнішчыць арганізацыі, якія абараняюць наш прынцып свабоднай незалежнай Беларусі, былі і ў часы савецкія, ёсьць яны і ў часы Лукашэнкі”.

Гл. таксама: • За "дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь" можна будзе атрымаць 2 гады • Праваабаронцы патрабуюць ад А.Лукашэнкі адклікаць папраўкі • Валянцін Стэфановіч: калі б дэпутаты не хацелі прымаць гэтыя папраўкі, яны б за іх не галасавалі • Богдан Кліх: “Такое права нельга паважаць” • Вацлаў Станкевіч: Беларускія улады надалей самаізалююцца • Акадэмік Вайтовіч: “Дыктатар хоча быць дыктатарам да канца жыцьця” • Амэрыканскі Камітэт па абароне журналістаў выступае супраць паправак Лукашэнкі
XS
SM
MD
LG