Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падтрымае А.Мілінкевіча беларускі бізнэс?


Юлія Шарова, Менск Нацыянальны выканкам аб’яднанай апазыцыі арганізаваў круглы стол на тэму “Прадпрымальніцтва і грамадзтва: выклікі й пэрспэктывы ў сучаснай Беларусі”. Яго ўдзельнікі хацелі вызначыць, як адзіны кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч павінен працаваць з прадпрымальнікамі.

Чаму Нацыянальны выканкам аб’яднанай апазыцыі зацікавіўся менавіта прадпрымальнікамі? Ягоны кіраўнік Анатоль Лябедзька растлумачыў:

(Лябедзька: ) “Гэта тая група, якая найбольш актыўная ў часе паездак па рэгіёнах адзінага кандытада, і ёсьць неабходнасьць пэўнага пасланьня для гэтай групы насельніцтва — яснага, зразумелага і дакладнага”.

Да круглага стала было пададзена нямала аналітычных матэрыялаў, якія падрыхтаваў дасьледчы Цэнтар Мізэса. Там поўны пералік усіх праблемаў беларускіх бізнэсоўцаў. Зыходзячы з гэтых зьвестак адзіны кандыдат і павінен адбудоўваць стратэгію супрацоўніцтва з прадпрымальнікамі дый наагул рыхтаваць эканамічную праграму перад выбарамі.

Магчымыя контуры гэтай праграмы пазначаныя ў матэрыялах эканаміста Яраслава Раманчука. Зь ягоных словаў, трэба засяродзіцца на зьмякчэньні ўмоваў для бізнэсу, а таксама прапагандаваць сярод насельніцтва прыватную ініцыятыву. Адна з асноўных тэзаў праграмы: мы хутчэй ствараем новыя працоўныя месцы, чым ліквідуем старыя.

Аднак старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа са скепсісам успрымае саму ідэю зрабіць стаўку на прадпрымальнікаў. Зь ягоных словаў, у іхным асяродку вельмі часта і хутка здараюцца выбухі незадаволенасьці, і гэта відаць сярод дробных, індывідуальных прадпрымальнікаў. Але ў фазу палітычных працэсаў гэта не перарастае. А кіраўнікі дробных і сярэдніх прадпрыемстваў наагул ня хочуць рызыкаваць — яны пасьпелі прыстасавацца да гэтых умоваў, шмат хто працуе пад апекай дзяржавы, цьвердзіць Аляксандар Патупа.

(Патупа: ) “Вельмі высокі адсотак — гэта паддахавыя структуры, а дах, спадарства, дорага каштуе, асабліва, калі новую браць. Таму, ці зацікаўленыя яны ў тым, каб тут усё рэзка памянялася ды ўсе дахі паляцелі й давялося шукаць сабе новыя, гэта вельмі вялікая праблема насамрэч”.

Пры гэтым большасьць прадпрымальнікаў усьведамляе нярынкавасьць беларускай эканомікі, лічыць спадар Патупа. Але працаваць з гэтай часткай электарату досыць складана яшчэ й таму, што далёка ня ўсе прадпрымальнікі робяць пляны на будучыню. На думку старшыні Саюзу прадпрымальнікаў, бізнэсоўцы маглі выяўляць большую грамадзянскую актыўнасьць і сьвядомасьць недзе да 1999 году. Цяперашнім прадпрымальнікам галоўнае выжыць любой цаной сёньня і цяпер.
XS
SM
MD
LG