Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Навумаў у Жэнэве спадзяецца атрымаць грошы на мігрантаў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Беларусь прынялі ў Міжнародную арганізацыю міграцыі (МАМ), якая аб’ядноўвае больш за 100 краінаў сьвету. Ці паўплывае сяброўства ў гэтай арганізацыі на ўмовы, у якіх знаходзяцца тысячы мігрантаў, якія празь Беларусь імкнуцца ў Эўропу?

Рада Міжнароднай арганізацыі міграцыі, якая праходзіць ў Жэнэве, прыняла Беларусь ў гэтую арганізацыю. Беларусь стала 116-м яе сябрам.

На паседжаньні рады прысутнічаў міністар унутраных справаў Беларусі Ўладзімер Навумаў.

Да ста тысяч мігрантаў штогод прыяжджае ў Беларусь, каб празь яе патрапіць у іншыя краіны сьвету, у асноўным эўрапейскія. Гэтую лічбу, паводле агенцтва "Ройтэрс", назваў 28 лістапада старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка.

Старшыня КДБ назваў Беларусь “буфэрам” на шляху нелегальнай міграцыі ў Эўропу і выказаў незадаволенасьць тым, што на барацьбу зь нелегальнай міграцыяй Беларусь атрымлівае значна меней грошай, чымсьці Польшча, Літва і Латвія.

Уступны ўнёсак Беларусі ў Міжнародную арганізацыю міграцыі, нязначны – ня болей за 10 тысяч даляраў. А вось грашовая дапамога ад арганізацыі зараз можа быць куды большай. У прэсавай службе Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі не хаваюць гэтых спадзяваньняў:

(Новікаў: ) “Для нас відавочная выгода ад ўступленьня Беларусі ў МАМ. Бо пытаньні атрыманьня фінансавай і тэхнічнай дапамогі знаходзяцца ў цеснай залежнасьць ад сяброў арганізацыі, сярод якіх цяпер будзе і наша краіна”, – сказаў супрацоўнік прэсавай службы МУС Віктар Новікаў.

Аднак нават прыблізную лічбу дапамогі, на якую разьлічвае Беларусь, у міністэрстве ўнутраных справаў не называюць. Але не хаваюць праектаў, на якія хацелі б атрымаць грошы. Гэта ўвядзеньне біямэтрычных пашпартоў і барацьба з гандлем людзьмі.

Як раней Беларусь выкарыстоўвала фінансавую дапамогу у галіне барацьбы зь нелегальнай міграцыяй?

Асноўная частка дапамогі ідзе на абсталяваньне межаў Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй. Паводле агенцтва "Ройтэрс" толькі ад Рады Эўропы на гэта ў Беларусь штогод паступае некалькі мільёнаў даляраў. Па узроўні аховы гэтых межаў, як лічаць экспэрты, Беларусь ужо наблізілася да самых высокіх сусьветных стандартаў. А вось умовы ўтрыманьня нелегальных мігрантаў, якіх затрымалі міліцыянты альбо памежнікі, застаюцца вельмі дрэннымі.

Штодзень у Беларусі затрымліваюць дзесяткі мігрантаў, між тым дзейнічае толькі адзін пункт для часовага утрыманьня нелегальных мігрантаў – у Віцебску. У іншых месцах мігрантаў часта зьмяшчаюць ў міліцэйскія пастарункі, дзе гэтыя людзі знаходзяцца ў вельмі дрэнных умовах да таго часу, як іх вывязуць зь Беларусі. Ёсьць скаргі ад гэтых людзей на тое, што іх зьбіваюць сукамэрнікі альбо міліцыянты.

У прадстаўніцтве Міжнароднай арганізацыі міграцыі ў Менску мне патлумачылі, што з уступленьнем Беларусі ў гэтую арганізацыю прававы статус мігрантаў у Беларусі ніяк не зьменіцца. Аднак ў прадстаўніцтве разьлічваюць, што праз удзел Беларусі ў пэўных праграмах удасца палепшыць умовы, у якіх трымаюць у Беларусі большасьць нелегальных мігрантаў.

Варта нагадаць нядаўнюю гісторыю з этыёпскімі лётчыкамі, якія апынуліся ў Беларусі, уцякаючы ад рэпрэсій этыёпскага рэжыму за адмову страляць ў мірных суайчыньнікаў.

Гэтыя мігранты прасілі ў Беларусі палітычнага прытулку, аднак ім было адмоўлена. Этыёпскіх лётчыкаў трымалі ў згаданым пункце для мігрантаў у Віцебску, адкуль ім пагражала дэпартацыя на радзіму. У верасьні з гэтага віцебскага пункту этыёпы зьбеглі. Паводле пазьнейшых зьвестак ў інтэрнэце яны усё ж знайшлі прытулак, але не ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG