Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Роджэр Патоцкі абвяргае абвінавачаньні шэфа беларускага КДБ


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Роджэр Патоцкі, старэйшы супрацоўнік аддзелу Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы амэрыканскага Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі (National Endowment for Democracy) камэнтуе нядаўнюю заяву старшыні беларускага КДБ Сьцяпана Сухарэнкі агенцтву "Ройтэрс" і прапанаваныя папраўкі да Крымінальнага кодэксу.

(Патоцкі: ) “Перш за ўсё ў заяве шмат недакладнасьцяў. Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі не заклікае да гвалтоўных дзяржаўных пераваротаў і зьмены рэжыму. Наша ўстанова падтрымлівае мясцовыя дэмакратычныя арганізацыі, мэта якіх мірныя дэмакратычныя зьмены.

Па-другое, ані Захад увогуле, ані Нацыянальны фонд ў падтрымку дэмакратыі, у прыватнасьці, не займаюцца ўтварэньнем недзяржаўных арганізацый у Беларусі.

Мы падтрымліваем існуючыя арганізацыі, якія ўтвораныя беларусамі, у якіх працуюць беларусы на карысьць пашырэньня незалежных сродкаў інфармацыі, незалежных прафсаюзаў і грамадзкіх арганізацый. Мы не ствараем арганізацыі ў Беларусі”.

(Карэспандэнтка: ) "Ці мае страх старшыні КДБ што да бунтарскага маладзёвага руху рэальныя падставы?"

(Патоцкі: ) “Ужо доўгі час відавочна, што маладзейшая, больш адукаваная, больш празаходняя частка беларускага грамадзтва – моладзь. Яна найменш за ўсіх зацікаўленая ў сыстэме і каштоўнасьцях, прапанаваных Лукашэнкам.

Рэжым адчувае, што страціў гэты сэгмэнт грамадзтва і робіць, што толькі можа, каб запабегчы пашырэньня гэтых настрояў. Адсюль усе нядаўнія абмежаваньні на выезд і вучобу за мяжой і кантакт з замежнымі маладзёвымі групамі, чыстка студэнтаў”.

(Карэспандэнтка: ) "Як прапанаваныя папраўкі да Крымінальнага кодэксу, якія ўводзяць крымінальную адказнасьць за працу ў незарэгістраванай арганізацыі, адаб''юцца на супрацоўніцтве Заходніх арганізацый зь беларускімі грамадзкімі арганізацыямі?"

(Патоцкі: ) “Гэта будзе залежаць ад сыстэмы прымяненьня гэтых новых законаў. Многія з гэтых законаў ужываюцца выбарачна. Дагэтуль многія недзяржаўныя арганізацыі, якія страцілі свой афіцыйны статус, працягвалі сваю працу незарэгістраваныя. Новыя папраўкі – сьведчаньне таго, што рэжым нэрвуецца і баіцца грамадзянскай супольнасьці, хоць і гаворыць пра яе няздольнасьць”.

Гаворачы пра матывацыю прыняцьця паправак да Крымінальнага кодэксу, спадар Патоцкі зазначыў, што ўсе дыктатары баяцца сваіх грамадзян. Пасьля падзей ва Ўкраіне і Грузіі, Лукашэнка думае пра гэту пагрозу. Адначасова, узмацненьне рэпрэсій – гэта натуральных шлях функцыянаваньня дыктатуры.

(Патоцкі: ) “Усе яны паступова закручваюць гайкі, каб не выклікаць выбуху абурэньня. Лукашэнка гэта робіць ад пачатку свайго абраньня. Мы ад Лукашэнкі чакаем найгоршага ў Эўрапейскім кантэксьце”.

У сытуацыі пагаршэньня палітычнай сытуацыі ў Беларусі спадар Патоцкі лічыць, што Захад мусіць яшчэ больш увагі надаваць беларускаму пытаньню. Параўноўваючы з двума-трыма гадамі таму, Роджэр Патоцкі бачыць рост цікавасьці ў Вашынгтоне і Брусэлі да Беларусі.

(Патоцкі: ) "Я ня думаю, што паступовасьць пагаршэньня сытуацыі ў Беларусі выпрацавала імунітэт у ЗША. Я бачу, што ўсё больш арганізацый хочуць працаваць зь беларускімі арганізацыямі, што стала выдзяляцца больш бюджэтных і прыватных рэсурсаў. Ня думаю, што Лукашэнка можа шакаваць сваімі дзеяньнямі Вашынгтон.

Усе гэтыя зьмены яшчэ больш натхняюць Захад працаваць зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю, бо дэманструюць уплыў і сілу грамадзянскай супольнасьці і страх перад ёй рэжыму”.

Гл. таксама • Шэф КДБ у інтэрвію "Reuters": КДБ зробіць усё, каб не дапусьціць рэвалюцыі
XS
SM
MD
LG