Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму галадоўка Мікалая Аўтуховіча не дае плёну?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 30 лістапада) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: карэспандэнт Радыё Свабода Сяргей Астраўцоў з Горадні і юрыст Сяргей Балыкін зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч стаў своеасаблівым сымбалем змаганьня беларускіх прадпрымальнікаў за свае правы. Ніхто ў краіне так зацята не пратэстуе супраць дзеяньняў уладаў, як ён. Прычым, вычарпаўшы ўсе прававыя сродкі адстойваньня сваіх правоў, Аўтуховіч выкарыстоўвае апошні сродак — галадоўку. Іх было некалькі, толькі сёлета дзьве, трэцяя — за кратамі. Большасьць беларускіх прадпрымальнікаў, апынуўшыся пад ціскам уладаў, выбіраюць іншы шлях. Адны здаюцца і спыняюць свой бізнэс, другія дамаўляюцца з уладамі нейкім ценявым шляхам, трэція ўвогуле зьяжджаюць з краіны. Аўтуховіч выбраў шлях змаганьня. Апэляцыя да закону і галадоўкі, якія можна разглядаць як апэляцыю да грамадзкасьці — такія сродкі выкарыстоўвае ён. Усьлед за галадоўкай на волі — галадоўка за кратамі. Якія вынікі і ўрокі змаганьня Мікалая Аўтуховіча можна адзначыць?”

(Сяргей Астраўцоў: ) “Гісторыя змаганьня Аўтуховіча цягнецца больш за два гады. Усё пачалося з таго, што выйшаў прэзыдэнцкі ўказ, які забараняў прадпрымальнікам мець больш за тры найманых працаўнікі. А ў Аўтуховіча некалькі дзясяткаў чалавек працавалі на ягоных таксоўках. Рэальна яны апынуліся на вуліцы. Ён мусіў фармальна ўладкаваць іх у фірме “Ніка-транс”, але яны працягвалі езьдзіць на таксоўках і здавалі яму выручку. І вось тут падатковая служба ўбачыла парушэньні, яго пакаралі вялікім штрафам і арыштавалі машыны. Адначасова прыпынілі ліцэнзію на таксаперавозкі. Тады Аўтуховіч абвясьціў галадоўку, яго падтрымалі кіроўцы, якія апынуліся бяз працы.

Тым разам яму ўдалося часткова перамагчы, але супраць штрафаў пачалося доўгае змаганьне ў судах з падатковай інспэкцыяй. Сёлета вясной адбылася другая масавая галадоўка. У верасьні Мікалай Аўтуховіч галадаў яшчэ раз, але адзін. Тады ўсе рашэньні наконт штрафаў былі скасаваныя, і справа накіравана на новы разгляд у Вышэйшым гаспадарчым судзе. Аўтуховіч расцаніў гэта як перамогу. Але недзе праз два тыдні яму прад’явілі абвінавачаньне аб нявыплаце падаткаў у асабліва вялікіх памерах і арыштавалі. Як сказаў мне адзін юрыст, за штрафныя санкцыі не саджаюць, саджаюць за нявыплату падаткаў. Атрымліваецца, што каб Аўтуховіч не змагаўся супраць штрафаў, магло б ня быць і крымінальнай справы. Але штрафы і пэня так вырасьлі за два гады, што яму не хапіла б усёй маёмасьці, каб расплаціцца, гаварыў ён. Атрымліваецца, што яго загналі ў кут.

Я сам сёньня задумваюся: чаму Аўтуховіч так зацята змагаўся? У мяне няма іншага тлумачэньня, як тое, што ён лічыў, што падатковая служба перасьледуе яго несправядліва. Прычым, ён змагаўся законнымі мэтадамі — зьвяртаўся ў суды, у пракуратуру. Іншая рэч, што ён, магчыма, недаацаніў моц і няўмольнасьць дзяржаўнай машыны”.

(Сяргей Балыкін: ) “Я таксама пачну з гісторыі. Пасьля таго, як выйшаў той указ, пра які нагадаў спадар Астраўцоў, Мікалай Аўтуховіч знайшоў юрыдычна карэктную схему, каб абысьці гэтыя абмежаваньні. І фармальна права было на ягоным баку. Як казаў некалі адзін з судзьдзяў Вярхоўнага суду ЗША, ніхто не абавязаны рабіць свае справы так, каб плаціць больш падаткаў. І калі нехта ў рамках закону можа пабудаваць схему, якая дазваляе яму плаціць менш падаткаў, то ён не зьяўляецца злачынцам. Спадар Аўтуховіч зрабіў менавіта так.

Але ж беларускія ўлады, напэўна, нават ня ведаюць такога паняцьця, як прэзумпцыя невінаватасьці. І таму яны зрабілі ўсё, каб пакараць прадпрымальніка, які змог абысьці гэтае абсурднае абмежаваньне. Справа Аўтуховіча выразна дэманструе, што ў гэтай краіне ня дзейнічае права нідзе: ні ў крымінальнай галіне, ні ў падатковай галіне, ні ў іншых галінах”.

(Карбалевіч: ) “Рэпрэсіўныя дзеяньні ўладаў супраць Аўтуховіча і ягонай фірмы тлумачацца звычайнай лёгікай дзяржаўнай палітыкі адносна бізнэсу, ці гэта нейкая адмысловая замова на вядомага ваўкавыскага прадпрымальніка? Ягоны арышт — гэта звычайная практыка мясцовых органаў, ці палітычны крок, каб зламаць упартага на пратэсты чалавека і даць урок усім прадпрымальнікам: маўляў, калі вось такое зрабілі з усім вядомым Аўтуховічам, тое ж самае будзе з усімі, хто адважыцца адстойваць свае правы?”

(Астраўцоў: ) “Чаго хочуць улады? Кіраўніца ваўкавыскай падатковай службы адносна пратэстаў Мікалая Аўтуховіча мне гаварыла: падаткі трэба плаціць, і трэба плаціць усім. Маўляў, з выручкі, якую здавалі яму кіроўцы, падаткі былі недаплачаныя. У сьледчым ізалятары Мікалай Аўтуховіч зноў пратэстуе, ён зь першага дня галадае, а арыштавалі яго 14 кастрычніка. Прычым, ён па тэлефоне мне яшчэ пасьпеў сказаць, што лічыць гэта падступствам: ён прыехаў у Горадню ва ўпраўленьне Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў па іншай справе, яго не выклікалі, а там яму прад’явілі абвінавачаньне ды арыштавалі.

Яшчэ ён пасьпеў сказаць, што лічыць: гэта было зроблена на ўказаньне абласнога кіраўніцтва. Дарэчы, падчас першай галадоўкі два гады таму да Аўтуховіча прыяжджаў асабіста старшыня аблвыканкаму Саўчанка, і я быў гэтаму сьведкам. Карацей, спачатку ўлады неяк рэагавалі на пратэсты Аўтуховіча. А потым ён пачаў іх папросту раздражняць, асабліва масавыя акцыі пратэсту. Паводле ўладаў, гэта азначае пагаршэньне “сацыяльна-палітычнай абстаноўкі” у раёне, хібы ў гэтак званай ідэалягічнай рабоце.

Трэба сказаць, што Аўтуховіч у Ваўкавыску ў прыватным бізнэсе быў вельмі значным чалавекам. Такія людзі, якія паводзяць сябе незалежна, уладам, зразумела, не патрэбныя. Год таму Аўтуховіч добра наладзіў сваю выбарчую кампанію, але ўлады ўсё зрабілі, каб ён ня трапіў у Палату прадстаўнікоў. Такія лідэры, якія маюць арганізатарскія здольнасьці, за якімі могуць пайсьці людзі, уладам зусім непатрэбныя, яны для іх небясьпечныя. Можна ўспомніць тут прыклад Валерыя Леванеўскага, які арганізаваў у Горадні масавы мітынг прадпрымальнікаў з палітычнымі патрабаваньнямі, і чалавека адразу пасадзілі. Калі гаварыць пра Аўтуховіча, то ён, па сутнасьці, паказвае сапраўдны беларускі гарт: такія людзі змагаліся за свае правы ў Заходняй Беларусі за польскім часам і змагаюцца сёньня, але такіх людзей адносна няшмат”.

(Балыкін: ) “Мабыць, справа спадара Аўтуховіча пачыналася на мясцовым узроўні. Бо такія аналягічныя справы ўзьнікаюць па ўсёй краіне. Прадпрымальнікі з рэгіёнаў мне даволі часта скардзяцца на тое, што іх ціснуць усялякімі мэтадамі мясцовыя ўлады, падатковыя органы. Існуе ўстаноўка з цэнтру, што ўлада, падатковыя органы заўсёды маюць рацыю. Падатковая інспэкцыя імкнецца ўсялякімі спосабамі, прававымі альбо ня вельмі выціснуць з прадпрымальнікаў як мага больш грошай.

Але пачаўшыся як мясцовы канфлікт, ён перарос рамкі рэгіёну і выйшаў на цэнтральную ўладу. Я не зьдзіўлюся, калі нейкі высокі начальнік зь Менску размаўляў з кіраўніком гарадзенскай вэртыкалі і ў такой жорсткай форме пытаўся: што ў вас творыцца? Чаму вы ня можаце справіцца з адным прадпрымальнікам? Таму я лічу, што цяпер справа Аўтуховіча кантралюецца менавіта з цэнтру”.

(Карбалевіч: ) “Справа Аўтуховіча дастаткова паказальная ў сэнсе стаўленьня дзяржавы да бізнэсу. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году Лукашэнка апавядаў пра лібэралізацыю, прыняў дэкрэт, якія рабіў паслабленьні прыватным прадпрымальнікам. А цяпер улады праводзіць іншую палітыку. Апошні час зроблены шэраг захадаў супраць бізнэсу. Да прыватных прадпрымальнікаў зьявіліся новыя патрабаваньні, уведзена забарона на продаж імі алькагольнай і парфумнай прадукцыі. Як вы можаце пракамэнтаваць гэта?”

(Балыкін: ) “Я не пагаджуся з тым, што ўлады апошнім часам робяць крокі толькі ў кірунку, каб заціснуць бізнэс. Спадар Лукашэнка ўвесь час кажа пра неабходнасьць падтрымкі бізнэсу. І ён пастаянна крочыць то ў адзін бок, то ў іншы бок. То ён прымае дэкрэт альбо ўказ, які дае паслабленьні прадпрымальнікам, то, наадварот, прымае дакумэнт, які цісьне іх. Напрыклад, восеньню мінулага году Лукашэнка запатрабаваў спрасьціць жыцьцё прадпрымальнікам, якія займаюцца дробным рамяством. І сапраўды, зьявіўся адпаведны ўказ аб рамеснай дзейнасьці, які спрашчаў дзейнасьць гэтых людзей. Затым зьявіўся ўказ №285, які ўлады рэклямавалі як дакумэнт, скіраваны на падтрымку дробнага бізнэсу. Але насамрэч указ павысіў падаткі.

Нядаўна зьявіліся два прэзыдэнцкія акты насустрач прадпрымальнікам. Першы зь іх — гэта дэкрэт аб Парку высокіх тэхналёгіяў. Другі дакумэнт — гэта ўказ аб аплаце прыватнымі прадпрымальнікамі ўнёскаў у Фонд сацыяльнай абароны. Ён істотна паслабіў патрабаваньні да прадпрымальнікаў. Я лічу, што ўлада проста ня ведае, што ім рабіць з гэтымі прадпрымальнікамі. Яна хацела б, каб прадпрымальнікі былі такія, якія падабаюцца ёй. Мусіць, спадар Лукашэнка ўспрымае прадпрымальнікаў як нейкіх арандатараў, якія ўзялі ў яго маёмасьць і павінны яму напаўняць бюджэт.

Дробны ўласьнік, дробны гандляр у свой час пабудаваў у Вялікабрытаніі, іншых краінах сучасную дэмакратыю. Але Лукашэнка супраць таго, каб уласьнік імкнуўся нейкім чынам у палітычны працэс, адстойваў свае правы, выступаў з ініцыятывамі. Калі б ён мог, то сам бы прызначаў бізнэсоўцаў, каб яны проста працавалі і плацілі яму падаткі. Але ж так не бывае”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца цяпер у цяжкім становішчы — як фізычным, так і юрыдычным. І ягоная драма — гэта драма ўсяго прадпрымальніцкага асяродзьдзя. Ягоны стан адлюстраваў лёс усяго недзяржаўнага сэктару Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG