Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэктар БДЭУ адмаўляецца аднавіць на вучобе Тацяну Хому


Альгерд Невяроўскі, Менск Рэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Шымаў даў адмоўны адказ на звароты міжнародных студэнцкіх ды праваабарончых арганізацыяў і замежных унівэрсытэтаў, якія патрабавалі аднавіць на вучобе студэнтку 4 курсу Тацяну Хому. Шымаў фактычна паўтарыў фармулёўку рэктарскага загаду аб выключэньні Тацяны з унівэрсытэту. Спадарыня Хома лічыць гэты адказ фармальным і зьбіраецца працягваць барацьбу за сваё аднаўленьне ў ВНУ.

Сёньня на афіцыйным інтэрнэт-сайце эканамічнага ўнівэрсытэту зьявіўся адказ рэктара міжнародным арганізацыям, якія пратэстуюць з нагоды выключэньня Тацяны Хомы. Гэты ліст напісаны па-ангельску і ўтрымлівае даволі шмат граматычных памылак. Уладзімер Шымаў тлумачыць у лісьце, што Тацяна Хома паехала ў Францыю без дазволу і знаходзілася там з 11 да 14 лістапада 2005 году ў часе навучальнага пэрыяду. У гэты ж час была абвешчаная надзвычайная сытуацыя ў шэрагу францускіх гарадоў. На думку спадара Шымава, у такіх варунках паездка Тацяны ў Францыю магла прывесьці да трагічных вынікаў.

Рэктар таксама гаворыць, што спадарыня Хома сваім учынкам груба парушыла ўнутраныя правілы ўнівэрсытэту і прадэманстравала непавагу да арганізацыі, што адказвае за бясьпеку студэнтаў падчас адукацыйнага працэсу. Выключэньне спадарыні Хомы з унівэрсытэту было зроблена ў адпаведнасьці з заканадаўствам, дадае Ўладзімер Шымаў. Рэктар таксама выказвае зьдзіўленьне, што ніхто зь міжнародных арганізацыяў не зьвяртаўся да яго з просьбай адправіць Тацяну ў Францыю і адзначае, што падчас яе выключэньня палітычныя матывы ў разьлік ня браліся.

Вось як пракамэнтавала гэты адказ Уладзімера Шымава Тацяна Хома:

(Хома: ) “Там нічога асабліва новага не напісана. Гэта проста афіцыйна рэктар агучыў сваю пазыцыю — усім іншым установам, акрамя ўласна ўнівэрсытэту. Пазыцыя тая ж самая, што і ў загадзе. Унівэрсытэт не зьмяніў стаўленьня да мяне пасьля ўсіх лістоў і зваротаў, якія мы атрымалі з боку міжнародных структураў, а таксама замежных унівэрсытэтаў”.

Сёньня пра выключэньне Тацяны Хомы з унівэрсытэту напісалі “Народная Воля” і “Комсомольская правда в Белоруссии”. На інтэрнэт-форумах ідзе актыўнае абмеркаваньне гэтай гісторыі. Многія раяць Тацяне спыніць змаганьне і ехаць вучыцца за мяжу.

Сама спадарыня Хома гаворыць, што ў будучыні, можа быць, і паехала б куды-небудзь атрымаць ступень магістра, але толькі пасьля заканчэньня Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту, дзе яна была адной зь лепшых студэнтак. Тацяна не зьбіраецца спыняць барацьбу за сваё права вучыцца. Яе падтрымліваюць многія замежныя арганізацыі і нямала беларускіх студэнтаў.

Зьнешнія спасылкі: • Партал www.studenty.by • Афіцыйны сайт БДЭУ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG