Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зьявіцца амбасадар Расеі, а што будзе з амбасадаркай Латвіі?


Алесь Дашчынскі, Менск Новы амбасадар Расеі ў Беларусі можа пачаць працу ў Менску напрыканцы гэтага году. Пра верагоднасьць завяршэньня гэтага дыпляматычнага канфлікту заявіў кіраўнік беларускай дыпляматычнай місыі ў Маскве. Аднак у афіцыйнага Менску ўспыхнуў новы дыпляматычны скандал — з суседняй Латвіяй.

Пасада расейскага амбасадара ў Беларусі застаецца вакантнай ужо некалькі месяцаў. Прызначаны раней былы губэрнатар Дзьмітры Аяцкаў да Менску так і не даехаў. Афіцыйны Менск быў не задаволены камэнтарамі, якія зрабіў спадар Аяцкаў на адрас А.Лукашэнкі. 19 ліпеня ён заявіў у Саратаве: “Цяжка зламаць рэжым Лукашэнкі, вельмі цяжка, ён вельмі моцна стаіць на нагах”. Паводле Аяцкава, А.Лукашэнка ні ў якім выпадку не павінен надзімаць шчок, што “ён там даўно працуе і нехта павінен быць у яго на пасылках”. Афіцыйны Менск заявіў, што такія рэплікі не адпавядаюць цёплым і сяброўскім адносінам паміж Расеяй і Беларусьсю. Пасьля гэтага прыбыцьцё Аяцкава ў Менск было адкладзена на няпэўны тэрмін, і Аяцкаву паступова пачалі шукаць замену.

Паводле інфармацыі БелТА, абодва бакі ўзгаднілі новую кандыдатуру — былога губэрнатара Алтайскага краю Аляксандра Сурыкава. Беларускі амбасадар у Расеі Ўладзімер Грыгор’еў заявіў, што ўсе фармальнасьці па кандыдатуры выкананыя, і засталося толькі дачакацца ўказу прэзыдэнта Расеі. Спадар Грыгор’еў аднак не называе імя новага кіраўніка расейскай дыпмісіі ў Менску, але адзначае, што гэта вядомы чалавек, які прайшоў стажыроўкі ў расейскім МЗС, і раней ён ня меў ніякага дачыненьня да Беларусі. Тым часам у беларускім МЗС пакуль устрымліваюцца ад камэнтароў. Прадстаўнік МЗС Беларусі Марыя Ваньшына заявіла:

(Ваньшына: ) “Я разумею, ён меў на ўвазе, што захаваныя фармальнасьці расейскім бокам. Да нас запыт на агрэман не паступаў”.

Не пасьпеў афіцыйны Менск палагодзіць адзін дыпляматычны канфлікт, як узьнік новы. Цяпер ужо выказваньні дзейнай амбасадаркі Латвіі ў Беларусі Майры Моры выклікалі нэгатыўную рэакцыю беларускіх уладаў. Спадарыня Мора ўжо дала тлумачэньні начальніку ўправы Эўропы беларускага МЗС Валеру Рамашку пра свае нібыта “тэндэнцыйныя выказваньні”, якія былі зроблены на паседжаньні камісіі ў замежных справах Сэйму Латвіі 23 лістапада. Майра Мора нібыта заявіла, што “Лукашэнка сядзіць на бомбе з запальнікам, бо ён ня даў прыватызаваць прадпрыемствы ніводнаму расейскаму алігарху. Беларусь крала расейскія нафту і газ, Расея наагул перакрыла кран, але чаму цяпер яна гэтага ня робіць? Таму што па пэрыфэрыі Расеі прайшлі страсеньні, і спадар Лукашэнка, як пудзіла ў садзе, якое адпужвае Захад”.

Майру Мору выклікалі ў Рыгу, дзе яна цяпер і знаходзіцца. Ці зможа яна працягнуць працу ў Менску? Прадстаўніца прэсавай службы МЗС Латвіі Дыяна Эглітэ заявіла:

(Эглітэ: ) “Сытуацыя з нашым амбасадарам у Беларусі такая, што міністар замежных справаў Арціс Пабрыкс сустрэнецца з Майрай Морай. Ён хоча высьветліць, што яна сказала ў камісіі ў міжнародных справах Сэйму. І пасьля ўдакладненьня яе выказваньняў ён прыме рашэньне. Сустрэча адбудзецца заўтра”.

Міністар замежных справаў Латвіі заявіў журналістам, што Латвія і Беларусь па-рознаму разумеюць дэмакратыю і іншыя каштоўнасьці, але гэта не азначае, што супрацоўніцтва ня можа быць. У адносінах паміж краінамі трэба захоўваць павагу, незалежна ад рэжыму, ідэалёгіі і іншых рэчаў. Паводле міністра, калі інфармацыя адносна Майры Мора пацьвердзіцца, то яе праца ў Беларусі можа стаць складанай.
XS
SM
MD
LG