Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Пашкевіч: У бліжэйшыя 5 гадоў я пераменаў не чакаю


Вольга Караткевіч, Прага Удзельнікам нашага сёньняшняга ранішняга эфіру быў кіраўнік Беларускага аналітычнага фонду, былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта і былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Іван Пашкевіч.

(Караткевіч: ) “Як пачынаецца Ваш дзень?”

(Пашкевіч: ) "Раніцай, як і ўсе людзі, я люблю даўжэй паляжаць у ложку. Але сёлета Эвангельская царква, членам якой я зьяўляюся, праводзіць год Бібліі. Гэта азначае, што ўсе вернікі Эвангельскай царквы павінны кожны дзень хоць некалькі хвілінаў правесьці зь Бібліяй. Удзень мне гэта зрабіць цяжка, дык я ўсьлед за прыкладам некаторых адзінаверцаў, прачытваю некалькі вершаў Бібліі раніцай. На бліжэйшым братэрскім зборы (гэта калі зьбіраюцца толькі мужчыны-вернікі) адбудзецца гутарка пра слова. Я лічу, што слова сёньня выкарыстоўваецца ня так, як трэба. Паглядзіце, напрыклад, сэрыялы – брыдкаслоўе, жаргон... Нашая моладзь таксама выкарыстоўвае некаторыя непатрэбныя словы. Вось мы і правядзем гутарку пра выкарыстаньне слова ў асяродку Эвангельскай царквы. Я цяпер гартаю Біблію і "Сымфонію" (лексычны паказальнік да Бібліі), каб падрыхтавацца да збору. Тэрмін "слова" сустракаецца ў Бібліі больш за 1200 разоў".

(Караткевіч: ) “Як вы ацэньваеце стан рэлігійных свабодаў у Беларусі?”

(Пашкевіч: ) "Становішча выклікае ў мяне некаторую занепакоенасьць. Я, як вернік і як палітоляг, вельмі ўважліва адсочваю ўсе падзеі, што адбываюцца ў рэлігійнай сфэры. Мяне вельмі турбуе, што адны канфэсіі ўзносяцца ў нашай дзяржаве, іншыя замоўчваюцца. Некаторым нават нармальна існаваць не даюць. Напрыклад, Эвангельская царква на працягу апошніх 15 гадоў не атрымала ў Менску ніводнага зямельнага пляцу для пабудовы храму. Такое становішча і ў католікаў. На маёй памяці толькі аднойчы, недзе ў 1998 годзе, адзін пляц быў выдзелены для Каталіцкай царквы – у Серабранцы – для пабудовы касьцёла. Вашыя слухачы з вашых перадачаў ведаюць пра падзеі, якія разгортваюцца вакол пратэстанцкай грамады "Новае жыцьцё". Калі я чую ад кіраўнікоў ураду, што ў нас становішча з рэлігіяй ціхае, міралюбнае, што дзяржава ставіцца да ўсіх канфэсіяў у Беларусі роўна, з павагай, дык такія заявы ў мяне выклікаюць зьдзіўленьне".

(Караткевіч: ) "У 2001 годзе Вы пакінулі пасаду намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта і неяк у інтэрвію "Независимой газете" сказалі, што Ваш сыход быў зьвязаны з тым, што (цытую) "ўсё большую сілу ў краіне набірае радыкальнае крыло ў атачэньні прэзыдэнта". Цяпер актыўна абмяркоўваюцца зьмены ў Крымінальны кодэкс, унесеныя прэзыдэнтам. Многія палітыкі назвалі сытуацыю шокавай. Як Вы ацэньваеце гэтыя зьмены?"

(Пашкевіч: ) "Гэта таксама выклікае і зьдзіўленьне, і занепакоенасьць. Хачу заўважыць, што гэтыя папраўкі ўнесеныя ў парлямэнт прэзыдэнтам і да таго ж з пазнакай “тэрмінова”. Прычынай для ўнясеньня, паводле словаў старшыні КГБ, які дакладаў у парлямэнце, былі віцебскія падзеі. Там, як вядома, адбыліся выбухі самаробных прыладаў, былі пацярпелыя. З павелічэньнем крымінальнай адказнасьці за такія злачынствы можна пагадзіцца. Але тое, што зьмены ўносяцца ўжо ў іншыя артыкулы, што тычацца адказнасьці за ўдзел у падрыхтоўцы асобаў для масавых хваляваньняў, дык гэта выклікае ў мяне занепакоенасьць. Калі, напрыклад, у Беларусі на вуліцу выйдуць 10 асоб з заклікамі знайсьці зьніклых палітыкаў, дык ужо і гэта можа расцэньвацца як крымінал. Калі навучэнцы Беларускага ліцэя выходзілі на вуліцу з абаронай сваёй установы, гэта таксама можна палічыць крыміналам. Мяне палохае тое, што папраўкі ў Крымінальны кодэкс можна павярнуць такім бокам, што любы пратэст, як, напрыклад, выхад на вуліцу працаўнікоў мотавелазаводу і іх заявы, што завод не працуе, можна палічыць крымінальным злачынствам, бо гэта разыходзіцца з заявамі дзяржавы.

Таксама мяне трывожаць і папраўкі, датычныя прадастаўленьня замежным дзяржавам загадзя хлусьлівых і паклёпніцкіх вестак..."

(Караткевіч: ) "Вось Вы цяпер крытыкуеце для Радыё Свабода беларускую ўладу і..."

(Пашкевіч: ) "Так, так. так... Я думаю, што тое, што я адказваю на вашыя пытаньні крытычна, і нейкі слухач палічыць, што я даю хлусьлівыя ацэнкі становішча, дык гэта можа прывесьці да турэмнага зьняволеньня тэрімнам да 2 гадоў".

(караткенвіч: ) "Калі вы былі намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, на беларускім тэлебачаньні пачалося цкаваньне Васіля Быкава. Ці можна было нейкім чынам паўплываць на гэтую кампанію і ці рабілі Вы нейкія захады? Вы ж былі намесьнікам старшыні па ідэалёгіі..."

(Пашкевіч: ) "Вой, тое што вы закранулі... Вядома, трэба весьці нейкую працу, трэба адстойваць імёны ня толькі Васіля Быкава, але і іншых нашых пісьменьнікаў... Тое, што адбылося ў апошні час з Саюзам пісьменьнікаў, сьведчыць, што зьменаў у лепшы бок у бліжэйшы час не адбудзецца. Я лічу, што паралельны Саюз створаны на прамое ўказаньне самых высокіх чыноўнікаў. Спроба расколу Саюзу пісьменьнікаў ужо была ў 1999 годзе, калі я працаваў у Адміністрацыі прэзыдэнта. Такую прапанову ўносілі дзеячы-пісьменьнікі з бліжэйшага атачэньня нашага прэзыдэнта – гэта Скобелеў, Чаргінец і той-сёй яшчэ, хто адыйшоў ужо ў іншы сьвет. Дык вось яшчэ тады яны хацелі стварыць альтэрнатыўны Саюз пісьменьнікаў. Ім не ўдалося ў тым ліку і таму, што я заняў жорсткую пазыцыю, не адзін раз зьвяртаўся да прэзыдэнта краіны. Але вось адбылося тое, што адбылося".

(Караткевіч: ) "Налета прэзыдэнцкія выбары. Хто, на Вашую думку, мае шанцы на перамогу, і хто з патэнцыйных удзельнікаў Вам асабіста больш сымпатычны?"

(Пашкевіч: ) "Я, як і ўсе жыхары Беларусі, хачу станоўчых пераменаў у нашай дзяржаве. Перш за ўсё – каб мы вальней сябе адчувалі ў сваёй краіне. Адсюль і мае пажаданьні да палітыкаў, якія будуць удзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі. На жаль, я тут – вельмі вялікі пэсыміст. Ад тых, хто сёньня прэтэндуе на ўдзел у прэзыдэнцкай гонцы, я не чакаю ніякіх пераменаў. Магчымасьці гэтых пераменаў я ня бачу ў бліжэйшыя гадоў пяць. Надзея ў мяне толькі адна і толькі на аднаго – на Бога".
XS
SM
MD
LG