Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Рэпартэры бязь межаў" заклікаюць расьсьледаваць сьмерць журналіста


Радыё Свабода Міжнародная арганізацыя па абароне правоў журналістаў "Рэпартэры бязь межаў" "сур''ёзна занепакоена" рашэньнем Менскай раённай пракуратуры, якая адмовіла ў завядзеньні крымінальнай справы па факце сьмерці пазаштатнага карэспандэнта "Народнай Волі" Васіля Гроднікава.

Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджаным сёньня адкрытым лісьце кіраўніка арганізацыі Рабэра Мэнара кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку.

Рашэньне аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы было прынятае пракуратурай 28 лістапада "з-за адсутнасьці складу злачынства".

Васіль Гроднікаў быў знойдзены мёртвым раніцай 18 кастрычніка ў сваім доме ў Заслаўі (Менскі раён). Паводле ягонага брата, галава загіблага была акрываўленая, а плямы крыві былі паўсюль у доме: на сьценах і зламаным зэдліку.

"Рэпартэры бязь межаў" заклікаюць Лукашэнку не закрываць справу аб сьмерці Гроднікава да таго, пакуль не будзе дакладна расьсьледавана вэрсія забойства. Арганізацыя заклікае таксама расьсьледаваць справы Веранікі Чаркасавай і Зьмітра Завадзкага.
XS
SM
MD
LG