Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскую карэспандэнтку БелаПАНу пазбавілі акрэдытацыі


Казімер Яноўскі, Гомель Гомельскі аблвыканкам пазбавіў акрэдытацыі Алену Пасканную — уласную карэспандэнтку ў рэгіёне Беларускай прыватнай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.

Афіцыйны ліст наконт пазбаўленьня акрэдытацыі Алены Пасканнай дасланы ў БелаПАН за подпісам намесьніка старшыні аблвыканкаму Пятра Кірычэнкі. У ім сказана, што карэспандэнтка пазбаўлена акрэдытацыі ў сувязі з парушэньнем ёю вызначаных правілаў акрэдытацыі.

Гаворыць Алена Пасканная:

(Пасканная: ) “Я нават ня ведаю, што Гомельскі аблвыканкам мае нейкае палажэньне пра акрэдытацыю. Прэсавы сакратар Яўген Пабалавец кажа, што такія правілы існуюць. Але ні я, ні мае калегі ніколі ня бачылі гэтага палажэньня. Лічу, што акрэдытацыя — сродак абмежаваньня доступу да інфармацыі журналістаў недзяржаўных мэдыяў. Якая можа быць акрэдытацыя?! Я грамадзянка Беларусі, кампанія, дзе я працую, таксама беларуская, афіцыйна зарэгістравана ў Беларусі. Мы працуем дзеля грамадзянаў нашай краіны. Чаму мы ня можам мець доступу да інфармацыі з органаў улады?”

Прэсавы сакратар аблвыканкаму Яўген Пабалавец сьцьвярджае, што карэспандэнтка Пасканная пазбаўлена акрэдытацыі за “некаторую прадузятасьць і неаб’ектыўнасьць” — маўляў, журналістка ў адной з інфармацыяў спасылалася на аддзел ідэалёгіі гарвыканкаму, хаця ў аддзел яна нібыта не зьвярталася.

(Пабалавец: ) “Другі варыянт. Яна напісала інфармацыю, і гэта я бачыў у Інтэрнэце, што прэсавы сакратар Гомельскага аблвыканкаму Пабалавец адмовіўся даць інфармацыю з нагоды візыту міністра замежных справаў. Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці. Калі журналістка мне патэлефанавала, я быў заняты, папрасіў патэлефанаваць празь дзесяць хвілінаў, і я ўсё раскажу. Яна не ператэлефанавала. І потым быў гэты матэрыял, што я яе кудысьці не пусьціў і чагосьці ня даў. Абражаны непасрэдна прэсавы сакратар Гомельскага аблвыканкаму, гэта значыць, я магу расцэньваць гэта як абразу ў цэлым Гомельскага аблвыканкаму”, — сказаў Яўген Пабалавец.

Гомельская арганізацыя Беларускай асацыяцыі журналістаў, чальцом якой зьяўляецца Алена Пасканная, па часе абмяркуе на сходзе сытуацыю з пазбаўленьнем журналісткі акрэдытацыі.

Дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай лічыць рашэньне аблвыканкаму адносна сваёй супрацоўніцы неабгрунтаваным:

(Ліпай: ) “Мы лічым, што гэта беспадстаўна і робіцца з палітычных прычынаў. Мы незалежная інфармацыйная кампанія. Наша дзейнасьць не падабаецца ўладам”.

Пазбаўленьне акрэдытацыі не азначае, што журналістка БелаПАНу ня можа працаваць у рэгіёне. Проста аблвыканкам ня будзе дапускаць яе на свае паседжаньні ды іншыя мерапрыемствы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG