Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя польскай філіі “Міжнароднай Амністыі” супраць цэнзуры ў Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Ужо тыдзень цягнецца акцыя польскай філіі аўтарытэтнай праваабарончай арганізацыі “Міжнародная Амністыя” супраць цэнзуры ў Беларусі. Прадстаўнікі арганізацыі кажуць, што пасьля закліку пісаць электронныя лісты да кіраўніка Беларусі з патрабаваньнем спыніць перасьлед незалежных мэдыяў, журналістаў і ўдзельнікаў акцыяў пратэсту, на англамоўнай вэрсіі інтэрнэт-старонкі Аляксандра Лукашэнкі была заблякаваная магчымасьць дасылаць такія лісты.

Шырокамаштабная акцыя супраць цэнзуры, парушэньня прынцыпаў свабоды слова і перасьледу ўдзельнікаў апазыцыйных акцыяў пачалася ў Польшчы на мінулым тыдні, калі вядучыя польскія штодзённыя газэты “Rzeczpospolita” і “Gazeta Wyborcza” выйшлі з чорнымі плямамі на першых палосах.

На вуліцах буйных польскіх гарадоў, а таксама ў Брусэлі актывісты Міжнароднай амністыі расклеілі 30 тысячаў плякатаў з партрэтамі беларукіх журналістаў і грамадзкіх дзеячоў, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў з боку ўладаў. На інтэрнэт-старонцы “Міжнароднай Амністыі”, “Gazety Wyborczej” а таксама буйнога інфармацыйнага інтэрнэт-парталу “Onet” зьмешчаны тэкст ліста да кіраўніка Беларусі з заклікам спыніць рэпрэсіі ды выконваць міжнародныя пагадненьні ў галіне правоў чалавека, якія Беларусь падпісала.

Гаворыць прадстаўніца польскай філіі “Міжнароднай Амністыі” Мірэла Панэк.

(Панэк: ) “Зацікаўленасьць вельмі вялікая – і мэдыяў, і звычайных людзей, якія пісалі лісты, тэлефанавалі да нас. Цяпер мы спрабуем падлічыць, колькі электронных лістоў з пратэстамі палякі выслалі ў беларускую амбасаду і адміністрацыю прэзыдэнта. Канчатковых дадзеных пакуль няма, але гэта напэўна будзе больш за 100 тысяч”.

Паводле спадарыні Панэк, праз некалькі дзён пасьля пачатку акцыі, выслаць ліст да кіраўніка Беларусі праз англамоўную вэрсію ягонай інтэрнэт-старонкі стала немагчыма.

(Панэк: ) “Лукашэнка мае сваю старонку, у тым ліку і англамоўную вэрсію. Там было такое месца, адкуль па-ангельску можна было дасылаць мэйлы да прэзыдэнта. Аднак гэта заблякавалі, працуе толькі расейская вэрсія старонкі”.

Большасьць лістоў у адміністрацыю прэзыдэнта палякі дасылалі менавіта па-ангельску.

Акцыя Міжнароднай амністыі працягнецца яшчэ тыдзень.
XS
SM
MD
LG