Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хутка мы ўсе адчуем, што канчаткова вярнуліся ў БССР”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У беларускім крымінальным заканадаўстве хутка могуць зьявіцца артыкулы, паводле якіх трапіць на некалькі гадоў у турму можна будзе за так званую “дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусі” — а прасьцей кажучы, за тое, што адважысься выказаць за мяжой такія зьвесткі пра жыцьцё ў Беларусі, якія, на думку ўлады, прыніжаюць яе на міжнароднай арэне. Да якіх наступстваў гэта можа прывесьці? Ці ўдасца такім чынам уладзе дамагчыся таго, каб за мяжой пра яе гаварылі толькі тое, што ёй прыемна, што не дыскрэдытуе яе ў вачох міжнароднай супольнасьці? Вось як спрабуе адказаць на гэтыя пытаньні ў сваім электронным лісьце на “Свабоду” Павал Жаўняровіч зь Менску:

“У тым, што Палата прадстаўнікоў паслухмяна прагаласуе за ўсё, што ёй прынясуць з адміністрацыі прэзыдэнта, асабіста я ні хвіліны не сумняюся. Ведаю, як выбіралі гэтых дэпутатаў і наколькі яны самастойныя і незалежныя ў сваіх дзеяньнях. Цана іхных мандатаў вядомая ўсім, у тым ліку і ім самім. Вясёлыя настануць у нас цяпер часіны. Сьвет будзе чуць толькі пра тое, як згуртаваны беларускі народ пад мудрым кіраўніцтвам першага і незаменнага прэзыдэнта крочыць ад перамогі да перамогі, ставячы перад сабой высокія мэты, становячыся на працоўныя вахты і мужна пераадольваючы часовыя цяжкасьці…

Апазыцыі ў Беларусі пасьля гэтага, напэўна, увогуле не застанецца. Чым ёй цяпер займацца? Скажа Лябедзька пра тое, што ў Беларусі сотні тысяч людзей ня маюць уласнага кутка, гадамі стаяць у чэргах на кватэру — і яго можна пасадзіць на два гады за дыскрэдытацыю ворганаў улады. Бо, сапраўды, хіба не дыскрэдытуе ўладу тое, што праз шэсьцьдзесят гадоў пасьля вайны сотні тысяч людзей не змаглі, працуючы ўсё жыцьцё на дзяржаўных прадпрыемствах і ўстановах, зарабіць на асобную кватэру? Пад дыскрэдытацыю можна падвесьці што заўгодна: занядбаныя калгасы, мізэрныя заробкі, брудныя грамадзкія прыбіральні… Выйсьце цяпер у палітыкаў і журналістаў адно — хваліць сьветлую беларускую рэчаіснасьць. Над Беларусьсю апускаецца змрок, калі людзі будуць пазбаўленыя магчымасьці гаварыць і чуць праўду. Цяпер ужо мы ўсе адчуем, што канчаткова вярнуліся ў БССР”.

Пра канчатковае вяртаньне, спадар Жаўняровіч, пакуль што гаварыць усё ж ранавата. Вядома, палітычныя артыкулы ў Крымінальным кодэксе — гэта адзін з найважнейшых інструмэнтаў таталітарнай сыстэмы. Але яшчэ застаецца адносна свабодны выезд з краіны, яшчэ ёсьць магчымасьць карыстацца Інтэрнэтам і глядзець спадарожнікавыя каналы, яшчэ адкрытая мяжа з Расейскай Фэдэрацыяй, дзе палітыкі і журналісты адчуваюць сябе значна больш свабоднымі і разьняволенымі. Яшчэ некалькі гадоў таму здавалася, што ўлада ня дойдзе да таго, каб адбіраць у апазыцыянэраў замежныя пашпарты, уводзіць абмежаваньні на Інтэрнэт ці сьпілоўваць са сьценаў будынкаў спадарожнікавыя антэны. Але сёньня небясьпека гэтага ўжо не выглядае неверагоднай.

Наш даўні слухач і аўтар Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну ў сваім новым лісьце разважае пра тое, чаму Беларусь застаецца адзінай выспай таталітарызму на эўрапейскім кантынэнце:

“Найбольш ачмураная, несьвядомая ды абыякавая да ўсяго частка беларусаў на чале з цьвердалобымі камуністамі і па сёньняшні дзень, нібы тапелец за саломінку, чапляецца за мінулае, настальгуе па ім. Яна ўсё яшчэ імкнецца, хоць і поўзаючы на каленях перад суседкай-імпэрыяй, будаваць свой эфэмэрны камунізм. Вось за такую бязглуздую ўпартасьць гэтай часткі нашага разьяднанага грамадзтва і нясе Боскую кару ўвесь беларускі народ вось ужо больш за дзесяць год. Толькі моцныя духам, годныя, валявыя, самадастатковыя ды згуртаваныя народы змаглі не паддацца на спакусы сатаны ды пабудаваць у сваіх краінах больш-менш свабодныя дэмакратычныя грамадзтвы. У нас жа гэты працэс ідзе зь вялізнымі цяжкасьцямі”.

З вашымі назіраньнямі і высновамі, спадар Ляскоўскі, цяжка не пагадзіцца. Вось толькі наўрад ці выпадае сьцьвярджаць, што ў сёньняшняй Беларусі працягваецца будаўніцтва камунізму. Такія лёзунгі больш не гучаць. Тая частка новых уласьнікаў, якая дэманструе ляяльнасьць да ўлады, пачуваецца зусім няблага. Дый сама ўладная намэнклятура ў сваім прыватным жыцьці зусім не імкнецца быць падобнай на колішніх аскетычных бальшавіцкіх камісараў.

Урывак зь вялікага ліста ад Анатоля Шапялевіча з Рагачова, у якім слухач, сярод іншага, разважае пра тое, якія настроі пануюць у сёньняшнім беларускім грамадзтве:

“Наш народ так затурканы тэлебачаньнем ды іншымі дзяржаўнымі мэдыямі, што дзіва бярэ. Нагадай ім, што Лукашэнка не кіраваў раёнам, вобласьцю, не працаваў у Савеце Міністраў (карацей, ня мае належнага досьведу) — дык яны ж вочы заплююць. Асабліва пэнсіянэры. Яны за яго — рукамі і нагамі. Будуць казаць, што ён прыйшоў, калі казна была пустая, што запусьціў заводы, што своечасова плаціць пэнсіі. А пры Шушкевічу, маўляў, былі парожнія прылаўкі. І ўвогуле, ён — злодзей. “А што скраў? — пытаюся. — Скрынку цьвікоў?” Маўчаць, ня вераць. Ня вераць і ў тое, што Шушкевіч атрымлівае пэнсію 3200 рублёў.

О, нашы людзі — дзівакі. Ва ўсім разьбіраюцца, усё ведаюць. Ня ведаюць толькі, чаму жывуць бедна. Бо не былі за мяжой. Сьцьвярджаюць, што ў нас — найлепш. А што добрага? “Не гняві Бога, скажуць: Лукашэнка — за парадак, дысцыпліну. Ён ня крадзе, дае начальнікам разгон”. Мне здаецца, “Свабода” зашмат вяшчае пра палітыку, а трэба больш гаварыць пра жыцьцё. Няхай пра гэта разважаюць простыя людзі — як жывуць, як выжываюць. Варта ставіць пытаньне: чым мы дурнейшыя за немцаў, палякаў, прыбалтаў? Чаму ў нас такія нізкія заробкі? Трэба шукаць корань зла, прыслухоўвацца да думак людзей. Часьцей даваць слова пісьменьнікам, эканамістам, кіраўнікам сярэдняга зьвяна, настаўнікам. Вядома, пры бязглуздай кантрактнай сыстэме гэта зрабіць цяжка. Але ж ня ўсе нашы спэцыялісты стаяць на каленях перад начальствам”.

Дзякуй вам, спадар Шапялевіч, за цікавыя развагі і слушныя прапановы. Мы імкнемся, каб у нашых праграмах гучалі разнастайныя думкі і меркаваньні, у тым ліку і процілеглыя. Ахвотна даем слова і чыноўнікам, кіраўнікам розных узроўняў: гэта неабходна, каб слухачы маглі атрымаць поўнае ўяўленьне аб праблеме ці зьяве, пра якую мы расказваем. На жаль, пры гэтым часта сутыкаемся з тым, што спэцыяліст ці чыноўнік, чыё меркаваньне важнае, адмаўляецца альбо ўхіляецца ад камэнтара. Як правіла, гэтыя людзі апасаюцца нэгатыўных наступстваў з боку начальства. Некаторыя нават прызнаюцца, што адмаўляюцца гаварыць зь любымі журналістамі, нават зь беларускіх дзяржаўных мэдыяў. “Час такі, — кажуць, — што лепш не прыцягваць увагі да сваёй пэрсоны. Раптам начальства няправільна зразумее такую актыўнасьць”.

Некаторыя пагаджаюцца гаварыць толькі на ўмовах ананімнасьці. І калі імя і пасада суразмоўцы ня маюць прынцыповага значэньня ў журналісцкім матэрыяле — мы пагаджаемся на такія ўмовы. На заканчэньне — ліст, які даслаў Міхаіл Шавель зь Менску:

“Прапаную адкрыць на “Свабодзе” рубрыку “Трагічны лёс беларусаў”, у якіх расказваць пра пакутніцкую долю многіх сумленных людзей, якія пацярпелі ў савецкі час. Мяне, напрыклад, дагэтуль непакоіць трагічная сьмерць майго земляка з Івацэвіцкага раёну Сяргея Найдзёніка. Ён працаваў журналістам рагачоўскай раённай газэты, быў загадчыкам аддзелу сельскай гаспадаркі. У адзін з восеньскіх дзён 1969 году паехаў у раён у камандзіроўку, і дамоў не вярнуўся. Раніцай яго знайшлі мёртвым у райцэнтры. Мае лісты з гэтай нагоды ў Рагачоў (у рэдакцыю і міліцыю) засталіся без адказу. Сваякі забітага журналіста мне потым сказалі, што забойцаў так і не знайшлі. Можа, вашы журналісты зацікавяцца гэтай гісторыяй?”

Гэта даволі праблематычна, спадар Шавель — больш як праз 35 год пасьля крымінальнага злачынства, у якога наўрад ці былі нейкія палітычныя матывы, сіламі журналістаў ды грамадзкасьці аднавіць расьсьледаваньне. Хоць, увогуле, ідэя неблагая — зьвярнуць увагу на трагічныя лёсы тых беларусаў, якія ў савецкі час сталі ахвярамі таталітарнай сыстэмы. Але, натуральна, гэта павінны быць грамадзка значныя гісторыі — такія, што ў свой час выклікалі розгалас і дагэтуль застаюцца ў людзкой памяці.

Цягам мінулых дзён нам таксама напісалі Антон Тола зь вёскі Мікулічы Баранавіцкага раёну, Сяргей Антаноўскі з пасёлку Лагішын Пінскага раёну, Мікола Самасейчык, Рыгор Зільбер і Маргарыта Пушкевіч зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG