Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ведае апазыцыя аб падрыхтоўцы "каляровых баевікоў"?


Уладзімер Глод, Менск Сьцяпан Сухарэнка, старшыня КДБ, заявіў учора агенцтву Reuters: ЗША прыкладаюць шмат намаганьняў для падрыхтоўкі спэцгруп, якія неўзабаве мяркуецца задзейнічаць для арганізацыі масавых беспарадкаў. Крыху раней шэф КДБ паабяцаў звазіць журналістаў на экскурсію ў лясныя “ваенізаваныя лягеры”, дзе нібыта і адпрацоўваюць навыкі “каляровыя баевікі-рэвалюцыянэры”.

Сьцяпан Сухарэнка апошнім часам шмат гаворыць пра тое, што беларуская апазыцыя з дапамогай Захаду хоча правесьці ў Беларусі каляровую рэвалюцыю на ўзор Грузіі, Украіны ці Кіргізстану. Прыкладам, падчас прадстаўленьня дэпутатам Палаты прадстаўнікоў дадаткаў і зьмяненьняў у Крымінальны кодэкс ды некаторыя іншыя заканадаўчыя акты аб грамадзянскай бясьпецы, шэф беларускага КДБ сказаў наступнае: "У нашую краіну прыбываюць эмісары розных няўрадавых арганізацыяў, якія на ўказаньне і на грошы спэцслужбаў заходніх краінаў арганізоўваюць і праводзяць сэмінары, дзе вучаць, як праводзіць гэтыя рэвалюцыі, як арганізавана супрацьдзейнічаць праваахоўным органам, якія ўзнаўляюць грамадзкі парадак...".

А пасьля таго, як кіраўнік КДБ выйшаў з Авальнай залі, журналісты задалі яму некалькі пытаньняў. Прынамсі, я спытаў Сьцяпана Сухарэнку, чаму ён не называе канкрэтныя адрасы, канкрэтныя факты, канкрэтныя прозьвішчы? І ці пачуем мы хоць штосьці канкрэтнае? А Марына Коктыш з "Народнай волі" дадала такое пытаньне: "Ці не маглі б Вы назваць адрасы гэтых лягераў? Хочацца пабачыць усё гэта на ўласныя вочы". І вось што адказаў старшыня КДБ Беларусі:

(Сухарэнка: ) "Канкрэтна, канечне... Калі будзе неабходна для галоснасьці, для грамадзкасьці, дык мы вас і адвязем, і пакажам, дзе праводзяцца гэтыя "вышкалы". "Вышкалы" праводзіліся на Вялейшчыне, на Меншчыне (пад Крупкамі) — там ваенізаваныя лягеры з вайсковай падрыхтоўкай, з практыкаваньнямі ў стральбе ды іншымі элемэнтамі. Я даручу, каб падрыхтавалі, і звозім".

Я зьвярнуўся да аднаго з каардынатараў незарэгістраванага моладзевага руху "Зубар" Уладзімера Кобеца. Чаму менавіта сюды? Справа ў тым, што ўінтэрвію старшыні КДБ Беларусі агенцтву Reuters той заявіў: арганізатарамі вулічных выступаў могуць стаць незарэгістраваныя моладзевыя арганізацыі "Зубар" ды "Малады фронт". Дык вось, Уладзімер Кобец цалкам адмаўляецца да якога-небудзь дачыненьня “зуброў” да вайсковых лягераў і падкрэсьлівае, што яны - рух негвалтоўнага супраціву:

(Кобец: ) "Натуральна, што ня мае да гэтага ніякага дачыненьня "Зубар". Я, шчыра кажучы, нават ня веру ў існаваньне гэтых лягераў. Вось у існаваньне "эскадронаў сьмерці" я веру, таму што факты зьнікненьня Ганчара, Красоўскага, Захаранкі ёсьць фактамі. Улады мараць і гавораць такімі катэгорыямі: "вайсковая база", "баевікі", "зброя"... Мы гаворым і думаем іншымі катэгорыямі: "правы чалавека", "дэмакратыя", "свабода"... Наша асноўная задача -- гэта даносіць да людзей незалежную інфармацыю. І таму наша зброя - улёткі, газэты, налепкі. Але ніяк ня тое, пра што кажа спадар Сухарэнка. Я, канечне, не зьдзіўлюся, калі раптам мы пабачым пацёмкінскія вёскі, таму што стварыць нешта штучнае і выдаць гэта за дзейнасьць апазыцыі можна. І не хачу сказаць, што гэта будзе. Але я не зьдзіўлюся гэтаму таму, што мы памятаем, як у спадара Марыніча знайшлі пісталет, які падкінулі. Мы - супраць гвалту, супраць гвалтоўных дзеяньняў. Мы - рух негвалтоўнага супраціву".

Прыкладам, лідэр незарэгістраванай у Міністэрстве юстыцыі Партыі свабоды Сяржук Высоцкі гаворыць, што ён ведае пра тое, што ў лясох пад Крупкамі рыхтаваліся сябры РНЕ – “Российского национального единства”.

(Высоцкі:) "Што датычыцца гэтых лягераў, дык я маю пэўную інфармацыю. Прыкладам, я ведаю дакладна, што пад Крупкамі праводзіліся лягеры РНЕ. Ёсьць і іншыя групоўкі такога кшталту, якія, дарэчы, з дэмакратычнымі сіламі ніколі не кантактуюць, прыкладам, з намі. Яны невядома кім створаныя, невядома каму падпарадкоўваюцца. Можа быць, самім КДБ створаныя, а потым яны ж будуць прадстаўленыя грамадзкасьці ў абліччы экстрэмістаў. Там могуць шараговыя людзі сапраўды думаць, што вось яны змагаюцца. А на чале такіх груповак могуць стаяць тыповыя прадстаўнікі спэцслужбаў. Такое ўжо не раз адбывалася".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG