Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзкія ўлады гатовы выслухаць работнікаў "Мотавела"?


Юлія Шарова, Менск Сёньня працаўнікі менскага заводу “Мотавела” павінны сустрэцца з кіраўніцтвам гораду, каб абмеркаваць праблемы на прадпрыемстве. У мінулую пятніцу каля сотні работнікаў зладзілі стыхійны страйк – ім ня выплацілі заробак за кастрычнік.

Раней дырэкцыя прадпрыемства абяцала работнікам, што грошы ім выплацяць у аўторак. Учора ўвечары, а чацьвертай гадзіне, калі на “Мотавела” заканчваецца зьмена, я падышла да прахадной прадпрыемства й пацікавілася ў работнікаў, ці атрымалі яны грошы. Адказы былі часам супярэчлівыя. Некаторыя зь людзей цьвердзілі, што наогул тут не працуюць, некаторыя адмаўляліся казаць пра заробак.

(Спадарыня: ) "Я толькі з адпачынку, ня ведаю нічога яшчэ, першы дзень".

(Спадар: ) "Заробак ужо сёньня далі. Запазычанасьці ў нас ніякай не было, аддаюць тое, што нам належыць".

(Іншы спадар: ) "За кастрычнік павінны былі пятнаццатага даваць, а яны яшчэ дагэтуль не аддалі".

(Яшчэ адзін спадар: ) "Не яшчэ. Кажуць, ад пятай сёньня. Абяцалі. Але абяцанкі-цацанкі. Будзем чакаць можа да дзясятага, кажуць. Калектыўнай дамовы яны ні халеры не прытрымліваюцца".

(Спадар: ) "Так, пачалі даваць".

(Іншы спадар: ) "Кажуць, што дадуць. А калі – я ня ведаю. Хтосьці кажа пасьля шостай, хтосьці – зараз. Невядома. Але сказалі, што сёньня".

Кіраўнік “Мотавела” Ўладзімер Ключнікаў напярэдадні ў інтэрвію “Інтэрфаксу” заяўляў, што абстаноўка на прадпрыемстве напружаная й людзі ня ведаюць, што робяць. На сёньня, як вядома, прадпрыемства на мяжы банкруцтва й своечасова плаціць заробак працаўнікам для яго складана.

Інтэрнэт-рэсурс “Белорусский партизан” вылучае сваю вэрсію: сама дзяржава мэтанакіравана вяла “Мотавела” да банкруцтва, каб потым зноў завалодаць прыватызаваным заводам. У артыкуле “Сплянавана”, разьмешчаным на сайце www.belaruspartisan.org за подпісам Ільлі Перцава, гаворыцца пра тое, што яшчэ чатыры гады таму завод працаваў бяз стратаў і меў пэрспэктывы разьвіцьця, работнікі атрымлівалі неблагі заробак. Потым, у 2003 годзе, пачаліся праблемы аб’ектыўнага кшталту: на ўсясьветным рынку падвысіліся кошты на мэтал, Віетнам, куды дастаўлялася шмат прадукцыі прадпрыемства, узьняў мыта на яе ажно на 40 адсоткаў.

Каб выжыць, прадпрыемства мусіла шукаць інвэстара і такі знайшоўся – італьянскі канцэрн “Каждыва”. Інвэставаць у “Мотавела” італьянцы пагадзіліся пры ўмове, што ім прададуць кантрольны пакет акцыяў. Але тагачасны дырэктар Анатоль Язьвінскі супраць гэтага запратэставаў і заявіў, што завод гатовы аддаць кантрольны пакет акцыяў дзяржаве ў абмен на фінансавую падтрымку. Адбылося гэта пасьля таго, як дырэктара тэрмінова выклікалі ў Міністэрства прамысловасьці. Усе далейшыя дзеяньні спадара Язьвінскага, які, дарэчы, пасьля звальненьня з пасады дырэктара апынуўся на працы ў Мінпроме, таксама паказваюць на тое, што менавіта ён давёў завод да такога стану, цьвердзіць аўтар “Белорусского партизана”.

Са словаў старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, папярэдняга кіраўніка “Мотавела” Язьвінскага сапраўды можна падазраваць у недасканалым мэнэджмэнце. Таксама прафсаюзны лідэ нагадаў, што да 1998 году прадпрыемства ўзначальваў Канстанцін Устымчук, чалавек значна лепшых дзелавых якасьцяў. Аднак на яго чыніўся ціск і дырэктар заводу вымушаны быў звольніцца.

(Ярашук: ) "На мой погляд, Канстанцін Устымчук у значна большай ступені быў рыначнікам і хутчэй за ўсё за ім малі прыйсьці пэрспэктыўныя інвэстары і такім чынам стварыць прадпрыемству нейкую пэрспэктыву на будучыню".

Цягам апошніх год, разважае Аляксандар Ярашук, увогуле ішоў наступ на прадпрыемствы зь недзяржаўнай формай уласнасьці, на акцыянэрныя таварыствы. Таму нельга выключаць таго, што хаця б ускосна дзяржава паспрыяла таму, каб “Мотавела” апынулася ў такім становішчы: сама дзяржаўная палітыка рабіла ўмовы працы складанымі.
XS
SM
MD
LG