Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Француская парфума стане не па кішэні бальшыні беларусаў?


Іна Студзінская, Менск У верасьні Аляксандар Лукашэнка падпісаў Дэкрэт №11 “Аб удасканаленьні дзяржаўнага рэгуляваньня вытворчасьці, абароту і рэклямы алькагольнай, нехарчовай прадукцыі, якая ўтрымлівае сьпірт, і нехарчовага этылявага сьпірту”.

А нядаўна Савет Міністраў прыняў прапанову №1221, згодна зь якой гандляваць такой прадукцыяй маюць права толькі юрыдычныя асобы са статутным фондам ня менш за 100 тысяч эўра. Такім чынам дробныя і сярэднія прадпрымальнікі, што гандлююць парфумэрнымі сродкамі, бытавой хіміяй, аўтакасмэтыкай, вымушаныя будуць сысьці з рынку. Як гэтая пастанова адаб’ецца на бізнэсе і на пакупніках?

У пералік такіх тавараў ўваходзяць парфума і туалетная вада, касмэтычныя сродкі для макіяжу і сродкі дагляду за скурай (шматлікія тонікі, пенкі, крэмы, вадкасьці, малачко, сьмятанкі, пенкі), сродкі для загару альбо супраць загару, дэзадаранты для цела, сродкі для манікюру, сродкі для галеньня, бытавая хімія (дэзадаранты для паветра, шклоачышчальнікі), аўтакасмэтыка – вельмі вялікі асартымэнт. Згодна з пастановай Саўміну, пасьля 16 сьнежня значная колькасьць гандлёвых кропак, магазінчыкаў, шапікаў, якія прадаюць такія тавары, павінна зачыніцца. А наперадзе навагоднія сьвяты, калі традыцыйна ажыўляецца гандаль: прадпрымальнікі завезьлі ўжо шмат тавару, уклалі сродкі…

Па самых сьціплых падліках, каля 25 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў, а з улікам наёмных работнікаў, так званых рэалізатараў, – тысяч 80 па ўсёй Беларусі застануцца бяз працы. І не сакрэт, што гэтыя тавары беларусы часьцяком набываюць не ў вялікіх крамах і дарагіх буціках, а менавіта ў дробных прадпрымальнікаў, на рынках. У Менску, да прыкладу, у гандлёвых цэнтрах кшталту “Імпульсу”, “Алімпу”, “Шчасьця”, “Падземнага гораду” кошты значна ніжэйшыя. Дый асартымэнт часьцяком шырэйшы – індывідуальныя прадпрымальнікі апэратыўна рэагуюць на попыт, на моду. Па шчырасьці, самі бізнэсоўцы зараз вельмі напалоханыя і баяцца абмяркоўваць гэтыя ўрадавыя дакумэнты. Вось тыповая размова:

(Дзяўчына: ) “Я лічу гэта вялікім-вялікім глупствам. Проста прадукцыя падаражае, у крамах яна значна даражэй. І набыць тыя ж самыя рэчы будзе значна складаней”.

(Карэспандэнтка: ) “У вас увесь тавар мае сэртыфікаты, у вас уся прадукцыя сапраўдная?”

(Дзяўчына: ) “Так, канечне. У нас ёсьць пастаянныя пакупнікі, якія нам давяраюць, ніякіх нараканьняў не бывае”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы ведаеце кошты тут, у “Імпульсе”, і ў крамах. Тут значна таньней?”

(Дзяўчына: ) “Так. Мы параўноўвалі кошты з крамамі. У крамах элітныя туалетныя воды тысяч на 60 даражэй, чым тут”.

Адна з мэтаў і дэкрэту, і пастановы Саўміну – гэта клопат пра пакупніка. Маўляў, дзяржава манапалізуе сфэру рэалізацыі прадукцыі, што ўтрымлівае сьпірт, бо шмат парушэньняў, могуць гандляваць падробкамі…

Да гонару беларускіх гандляроў парфумэрыяй, не магу не прывесьці адзін паказальны прыклад. На мінулым тыдні ў элітную краму “Зьвязда” прыяжджалі прадстаўнікі “Шанэль”. Разам з дырэктарам крамы Яўгенам Андрэевым яны прайшліся па рынках, па гандлёвых кропках – і паўсюль прадаваўся сапраўдны водар. Ёсьць нормы кантролю – стандарты, сэртыфікаты, іншыя патрабаваньні. І наўрад ці прадпрымальнік будзе рызыкаваць. Але вернемся да пакупнікоў. Як яны ставяцца да саўмінаўскай забароны?

(Спадар: ) “Я адмоўна да гэтага стаўлюся. Я ня ведаю, ці змагу купляць парфуму ў тых месцах, дзе купляў раней, па тых коштах, што мяне задавальняюць.”

(Карэспандэнтка: ) “Але вы купляеце тут, у “Імпульсе”, дарагую парфуму, і верыце, што яна сапраўдная, тут усё ў парадку?”

(Спадар: ) “Так, прынамсі, тое, што я купляю, мне падабаецца, і да якасьці ў мяне прэтэнзіяў няма.

(Карэспандэнтка: ) “Вы прыйшлі купляць сюды даволі дарагую парфуму. Тут таньней, чым у ГУМе, ЦУМе?”

(Галасы: ) “Так”, “Тут значна таньней”, “Там прадаецца тое ж самае, але значна даражэй”, “Забароны прывядуць да таго, што ўзрастуць кошты”.

(Карэспандэнтка: ) “А якасьці вы давяраеце?”

(Спадарыня: ) “Мяне ніхто не расчараваў яшчэ тут”.

Наўрад ці шмат ў Беларусі індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць статутны капітал 100 тысяч эўра дый складзкія памяшканьні ў тысячу квадратных мэтраў. Нават калі некалькі зь іх “скінуцца”, ім ня ўдасца зарэгістравацца як юрыдычная асоба. Так што сапраўды дробны і сярэдні бізнэс пад пагрозай…

Яшчэ адна прычына для абмежаваньня рынку – сапраўды анэкдатычная: “Спажываньне парфумы ў якасьці сьпіртных напояў...” Але калі бутэлька гарэлкі каштуе два даляры, бутэлька “чарнілаў” – адзін даляр, наўрад ці самыя кончаныя алькаголікі будуць дзяліць “на траіх” 30-мілімэтровы флякон францускага парфуму за 50 даляраў…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG