Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Сіліцкі: "Беларусь, на жаль, існуе як своеасаблівая кліенцкая дзяржава Расеі"


Радыё Свабода Якіх зьменаў у беларуска-расейскіх адносінах можна чакаць у сьвятле заяваў Аляксандра Лукашэнкі, зробленых на ягонай апошняй прэсавай канфэрэнцыі? Ці будзе Масква, скарыстоўваючы і эканамічныя рычагі, і патрэбу Лукашэнкі ў расейскай падтрымцы на выбарах, дамагацца ад яго ў бліжэйшыя месяцы істотных крокаў на шляху інтэграцыі? У чым адрозьненьне цяперашняй перадвыбарчай сытуацыі і той, якая была падчас выбараў 2001 году?

Віталь Сіліцкі:

(Сіліцкі: ) "Давайце ня будзем называць гэта перадвыбарчай кампаніяй. Тое, што адбудзецца, я б не рашыўся называць выбарамі. Гэта будзе піяр-кампанія па заручэньні прэзыдэнта (усе ведаюць, хто ім будзе) народнай падтрымкай.

І пра тэму беларуска-расейскай інтэграцыі тут таксама варта казаць, як пра нейкую віртуальную зьяву, якая існуе ў палітычным дыскурсе, у друку і г.д. Тое, што адбываецца ў рэчаіснасьці – гэта абсалютна іншая рэч. Дык вось гэтая віртуальная інтэграцыя ўвесь час разьвіваецца па сынусоідзе: то ідзе рыторыка аб''яднаньня, то ідзе рыторыка незалежніцкая, як гэта было ў 2004 годзе падчас газавага канфлікту, потым ізноў кудысьці вынясе. Каб пачаць новы інтэграцыйны абарот, абавязкова спачатку трэба пасварыцца.

Што тычыцца гэтых палітычных піяр-кампаніяў, якія ў Беларусі называюцца выбарамі, то перад рэфэрэндумамі і выбарамі ў Беларусі заўжды ў афіцыйным дыскурсе мацнее рыторыка незалежнасьці, памятаеце лёзунг "За Беларусь" леташняга рэфэрэндуму, у 2001 годзе штосьці падобнае таксама было.

...Паўтаруся, інтэграцыя – гэта пытаньне, слаба зьвязанае з рэчаіснасьцю. У рэчаіснасьці Беларусь, на жаль, пакуль што існуе, як своеасаблівая кліенцкая дзяржава Расеі і абсалютная большасьць расейскіх пытаньняў – ваенных, эканамічных, геапалітычных – гэтым вырашана." (поўны тэкст перадачы "Праскі акцэнт").
XS
SM
MD
LG