Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Марачкін: “Беларускі дом” у Кіеве будзе!”


Міхась Скобла, Менск (эфір 27 лістапада) Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

Творы Аляксея Марачкіна неаднойчы здымаліся з выставаў у менскім Палацы мастацтва і нават арыштоўваліся. Падобны лёс напаткаў іх і ў Кіеве, дзе экспазыцыя беларускіх мастакоў нонканфармістаў пратрывала ўсяго адзін дзень, а “Беларускі дом”, дзе адбывалася выстава, быў зачынены. На думку мастака, адбылося гэта пад ціскам беларускіх уладаў на афіцыйны Кіеў. А днямі Аляксей Марачкін вярнуўся з Воршы, дзе адчынілася выстава, прысьвечаная памяці Ўладзімера Караткевіча.

(Міхась Скобла: ) “Спадар Аляксей, прыказка ёсьць: “Кепска каля Вітэбска, а пад Воршай яшчэ горшай”. А мастакі як там сябе адчувалі?”

(Аляксей Марачкін: ) “Мастакі ў Воршы адчувалі сябе вольна, непрыхавана вольна. Таму што аршанская зямля намоленая паэзіяй Караткевіча. Гэта адчувалася і летам, калі мы праводзілі мастацкі пленэр на Аршаншчыне. На выставе, якая адчынілася ў цэнтры Воршы, у выстаўнай залі, было прадстаўлена больш за семдзесят палотнаў. І нават аршанскае начальства (а куды яму дзявацца?) дапамагала нам і ў правядзеньні пленэру, і ў арганізацыі выставы. Мы не адчувалі ніякіх перашкодаў”.

(Скобла: ) “Вядомы здымак, на якім Уладзімер Караткевіч сядзіць на фоне вашай карціны — усьмешлівы, прасьветлены. Як часта яго можна было пабачыць на выставах, у майстэрнях мастакоў?”

(Марачкін: ) “Блізка я пазнаёміўся з Караткевічам якраз на выставе, прысьвечанай Міколу Гусоўскаму. Хоць быў знаёмы зь ім і да гэтага. У тыя гады мы сустракаліся ў маёй майстэрні, яе ахрысьцілі “На паддашку”, гэта каля вакзалу. Я таксама быў частым госьцем у яго ўдома. Я адчуваў, што ён мне давярае. Я нават некалькі карцінаў яму падараваў. Сярод мастакоў пісьменьнік меў даўніх і адданых сяброў. Найперш варта назваць Пятра Драчова, які, на вялікі жаль, у гэтым годзе адышоў у лепшы сьвет. Караткевіч вельмі часта бываў на нашых выставах. Памятаю, ён расказваў, як у “Мастацкім салёне” прыдбаў адзін мой твор. Кажа, ён мне і так спадабаўся, але калі пабачыў, што і падпісаны па-беларуску, то не вагаўся і купіў.

Караткевіч любіў жарты. Аднойчы паказаў мне конскую галаву: “Паглядзі, скульптар Глебаў падараваў мне галаву каня. Вылепіць усю Пагоню яму духу не хапіла”.

(Скобла: ) “Калі я гартаю альбом жывапісу Тараса Шаўчэнкі, то нават пачынаю сумнявацца: у паэзіі ці ў жывапсісе найпаўней праявіўся ягоны геній? Караткевіч таксама быў мастаком. Шкада, што ў нядаўна выдадзенай кнізе ўспамінаў “Быў. Ёсьць. Буду” Караткевічавы малюнкі ідуць фонам да фатаздымкаў. Як бы вы іх ацанілі?”

(Марачкін: ) “Перш колькі словаў пра згаданую кнігу. Мне таксама было прапанавана напісаць успаміны пра Караткевіча. І я іх напісаў. Але потым аказалася, што ў кнігу яны ня трапілі, як і ўспаміны Рыгора Барадуліна і Сяргея Законьнікава. Цэрбэры ад цэнзуры жывуць яшчэ. Безумоўна, Караткевіч і як мастак быў таленавіты. Яго графічныя малюнкі ўнікальныя. Я іх мог бы параўнаць з пушкінскімі (маю на ўвазе Аляксандра Сяргеевіча). Памятаеце ягоныя імклівыя аўтапартрэты, жаночыя постаці на палёх рукапісаў?

Караткевіч прызнаваўся: “Ляксейка, ведаеш, калі мне добра працуецца? Калі горад сьпіць. Уяўляеш, усе людзі сьпяць, а ты працуеш, і такія думкі прыходзяць у галаву! А калі стамляюся, бяру ў рукі аловак ці туш і малюю”. Такая ўжо тэхналёгія творчасьці. Калі доўга працуеш над адным і тым жа, то прытупляюцца пачуцьці. І пачынаеш музыку слухаць ці маляваць, уваходзіць у другую сфэру творчасьці. У Караткевіча так было цягам усяго жыцьця. Вельмі шмат засталося ягоных малюнкаў”.

(Скобла: ) “Вось бы сабраць іх і выдаць”.

(Марачкін: ) “Вельмі слушная ідэя. І грамадзкае аб’яднаньне “Бацькаўшчына”, я думаю, магло б тут паспрыяць, зьвярнуцца па дапамогу да нашых суайчыньнікаў за мяжою. Трэба гэта не адкладваць, а ўжо сёньня рабіць”.

(Скобла: ) “Вам Караткевіч даверыў адзін свой твор, які да гэтай пары не прачытаны. Вы ў “Нашай Ніве” пішаце, што без адмысловага ключа яго ніхто не расшыфруе. Цяпер такія тэхнічныя магчымасьці, можа, варта было б пашукаць адмыслоўца-дэшыфравальніка?”

(Марачкін: ) “Свой тайнапіс Караткевіч перадаў мне незадоўга да сваёй сьмерці. Улетку 1984 году мы сустрэліся зь ім на вуліцы Дзімітрава, зайшлі ў майстэрню, дзе мы працавалі з Алесем Шатэрнікам і Віктарам Маркаўцом. Караткевіч адвёў мяне ўбок, аддаў тайнапіс і сказаў, што ў ім зашыфраваны вялікі сэнс. І ключ да тайнапісу паабяцаў даць толькі праз год”.

(Скобла: ) “А што б гэта магло быць? Верш, тастамэнт?”

(Марачкін: ) “Я здагадваюся, што гэта нейкі тастамэнт, нейкая сутнасьць яго жыцьця. Тайнапіс — гэта літары і лічбы: “а-3, б-1, в-2, г-2 (загалоўныя), г-1 (у радку), д-3, з-1, е-9, і-3, й-1, к-2, л-2, м-1, н-2, о-2, п-1, р-3, с-1, у-3, ў-1, ц-3, ы-1, ь-1, ю-1, я-1, апостраф-1, кропкі-2, коска-1, працяжнік-1. Складзена 22 чэрвеня 84 году”. Калі б сапраўды які-небудзь спэцыяліст заняўся, то разгадаў бы”.

(Скобла: ) “Вы былі ў цэнтры падзеяў вакол “Беларускага дому” ў Кіеве. Нагадаю, што пасьля адкрыцьця там выставы беларускіх мастакоў дом быў захоплены прадстаўнікамі партыі Януковіча. Чым вы іх так настрашылі?”

(Марачкін: ) “Адзіная ўкраінская партыя, якая працягнула руку дэмакратычным сілам у Беларусі — Народная партыя Ўкраіны. Яна і арганізавала культурна-асьветніцкі асяродак. Мы яго называем “Беларускі дом”, а афіцыйная назва — Украінска-беларускае партнэрства. Першая наша выстава ў Кіеве насіла нонканфармісцкі характар. На ёй выстаўляліся творы Алеся Пушкіна, сэрыя ягоных партрэтаў дзеячаў антысавецкага супраціву. Мае два творы —“Расейская частушка” і “Сьляза Міндоўга” — таксама былі прадстаўленыя. І выстава гэтая праходзіла без усялякіх эксцэсаў.

Але калі мы прывезьлі ў Кіеў палітычную сатыру аб сытуацыі ў Беларусі… Данецкія малойчыкі, валянтэры партыі Януковіча захапілі дом, які належыць “Кіеўскай рэстаўрацыі”, у якой арандавала памяшканьне Народная партыя. Нашыя карціны былі часова артыштаваныя, і нам было ўльтыматыўна заяўлена, што калі мы тэрмінова не пакінем Кіеў, то творы будуць у нас забраныя назаўсёды. Так што выстава палітычнай сатыры правісела ўсяго адзін дзень, а потым давялося здымаць.

21 лістапада ў Кіеве з гэтай нагоды адбылася прэс-канфэрэнцыя, у якой ад Беларусі бралі ўдзел Генадзь Драздоў, Пётра Васілеўскі і я. Якая пэрспэктыва? Украінскі бок, прадстаўнік Народнай партыі, сказаў, што беларускі асяродак у Кіеве захаваецца, і неўзабаве “Беларускі дом” будзе адчынены ў іншым месцы. На пачатку сьнежня з прэзыдэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам будуць сустракацца Аляксандар Мілінкевіч і Вінцук Вячорка. Думаю, што пытаньне “Беларускага дому” будзе абмяркоўвацца на самым высокім роўні”.

(Скобла: ) “Беларускія памежнікі-мытнікі апошнім часам надзвычай пільныя. Не было праблемаў на мяжы, ці вы перапраўлялі свае творы партызанскімі сьцежкамі?”

(Марачкін: ) “Не, карціны мы везьлі ў Кіеў не кантрабандай, легальна, аформіўшы ўсе неабходныя паперы. Праўда, калі мы вярталіся, у мяне ўзьнікла такое адчуваньне, што нас на мяжы чакаюць-не дачакаюцца. Мытнікі нават не глядзелі, што там у нас за карціны. Яны не хавалі сваёй радасьці, хуценька паставілі свае штампікі і — калі ласка на радзіму”.

(Скобла: ) “Месяц таму вы разам са старшынём Саюзу пісьменьнікаў Алесем Пашкевічам напісалі ліст мітрапаліту Філарэту пра тое, што ў Беларусі забароненыя і зьневажаюцца колеры Ісуса Хрыста: белы і чырвоны. Ці атрымалі адказ?”

(Марачкін: ) “Да гэтага часу Філарэт маўчыць. А праблема навідавоку. Неаднойчы мне даводзілася быць сьведкам, як бела-чырвоныя сьцягі тапталіся амонаўцамі, на маіх вачах міліцыянты забралі і паламалі адабраны ў дзяўчыны бела-чырвоны парасон. Зрываюць бела-чырвоныя шалікі, стужачкі нагалоўныя… А гэта ж колеры хрысьціянства, яны прысутнічаюць на шатах патрыярхаў, на япіскапскіх мантыях. Таму мы і зьвярнуліся да найвышэйшага ярарха Беларускай праваслаўнай царквы. Цікава было б пачуць яго думку”.

(Скобла: ) “Мы папрасілі выказацца па ўзьнятай праблеме адказнага сакратара Беларускай праваслаўнай царквы па сувязях са СМІ архімандрыта Аляксея Шынкевіча”.

(Аляксей Шынкевіч: ) “Ведаеце, я лічу, што гэта ненармальна, калі прадстаўнікі праваахоўных органаў вядуць барацьбу супраць колераў, якія звычайныя ў Беларусі. Таму што белы колер — колер чысьціні, а з царкоўнага погляду — колер боскасьці, колер сьвятасьці. А чырвоны колер у хрысьціянстве, тым больш у праваслаўі, гэта колер ахвярнасьці, колер крыві Хрыстовай. І гэта зусім ненармальна, калі нават супраць гэтых колераў вядзецца барацьба. Я лічу, што гэта нейкая апантанасьць. Я проста не разумею, што гэта за палітыка такая, што гэта за адносіны. Ведаеце, да мяне як да сьвяшчэньніка нават вернікі зьвяртаюцца: “Чаму такія адносіны да колераў? Растлумачце нам”.

Я лічу, што гэта псыхічна ненармальнае явішча, гэтай праблемай павінны псыхіятры займацца. Таму што ў нармальнага чалавека павінны быць нармальныя адносіны да ўсяго, што ёсьць. А тым больш да нашых гістарычных сымбаляў, якія так шанаваліся. Гэта не дабаўляе павагі з боку нашага народу да тых, хто павінен захоўваць стабільнасьць і парадак у грамадзтве. Гэтай агрэсіі ня можам успрымаць станоўча, яна вельмі пужае наш народ, гэтая агрэсія супраць бела-чырвонага спалучэньня колераў. Я лічу, што ўлады павінны рабіць усё, каб падобнае ніколі не паўтаралася ў нас у Беларусі”.

(Скобла: ) “Дык ці будзе афіцыйны адказ мітрапаліта Філарэта?”

(Шынкевіч: ) “Ведаеце, я за мітрапаліта не магу адказваць. Але я проста ведаю, што ў падобных спрэчках пазыцыя мітрапаліта адназначная. Мітрапаліт будзе ўстрымлівацца”.

(Марачкін: ) “Цікава было пачуць меркаваньне архімандрыта Аляксея. Ён усё ж такі афіцыйны прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы”.

(Скобла: ) “Спадар Аляксей, апошнія дванаццаць гадоў паказалі, што беларускім уладам абыякавы лёс творчых саюзаў. І раптам — утвараецца праўладны Саюз пісьменьнікаў. Каму ён патрэбен?”

(Марачкін: ) “Улады разумеюць, што слова — гэта зброя, і зброя наймагутнейшая. Бо слова заўсёды матэрыялізуецца. І ўладам сёньня патрэбная падуладная, кішэнная пісьменьніцкая арганізацыя, патрэбныя паслухмяныя пісьменьнікі”.

(Скобла: ) “Караткевіч ня сварыўся з уладай, забараняў у сваёй хаце гаварыць пра палітыку. Як вы лічыце, ён бы і сёньня заставаўся апалітычным?”

(Марачкін: ) “Ведаеце, ня быў ён апалітычным. Гаварылі мы зь ім і пра палітыку, і пра ўсё на сьвеце. Калі часам даводзіцца засумнявацца, я зьвяртаюся па параду да Янкі Купалы, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Уладзімера Караткевіча. Гэта мае духоўныя арыенціры. Безумоўна, калі б жыў Караткевіч, ён быў бы з намі. І нават гаварыць не выпадае, што ён пайшоў бы ў гэты кішэнны саюз на чале з генэралам і палітыкам Чаргінцом. Я на выставе ў Воршы прачытаў свой верш, у якім паспрабаваў ахарактарызаваць нашу сёньняшнюю сытуацыю. Эпіграфам да верша — словы Караткевіча: “Сьцюжны час, бязьмежна суровы, сьпіць народ, нібы зерне ў зямлі…”

Суровы… Суворы… Сувораў… Усё паўтараецца зноўку і зноў — На шыю зьвівае пятлю Мураўёў. Лінія Сталіна. Лінія Берыя. Зімна, сьцюдзёна, яшчэ ў нешта веру я. Шэпты на кухні, голас эліты. На стале шкварка і чарка наліта. Зерне ў зямлі курапацкай зарыта, І сьвінапас зь бізуном ля карыта.

Зерне ў зямлі, зоры на небе. Што табе трэба? Што табе трэба? Мне — прарасьці не пустым каласом І зьберагчы ад навалы свой Дом. Лінія Сталіна. Цень Джугашвілі. Цэрбэры нема ваўкамі завылі. Не прачынаецца люд, ну ня хоча, А за карчамі рагаты рагоча. Соладка сьпіцца пад сьпеў баюна — Абы ўсё ціха, абы не вайна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG