Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ніхто так не дыскрымінуе нашу рэспубліку, як тыя людзі, якія цяпер трымаюць уладу у сваіх руках"


Радыё Свабода Водгукі слухачоў. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

29 лістапада

(Генадзь, Менск: ) “Перамогу дзесяцігадовай дзяўчынкі з Мазыра Ксеніі Сітнік на Эўрапейскім фэстывалі дзіцячай песьні так званы прэзыдэнт Лукашэнка выкарыстоўвае ў палітычных мэтах. Гэтым ён хоча дадаткова прыпісаць сабе ачкі да будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Нездарма прэм’ер-міністар Ўкраіны Еханураў сказаў іранічна, што Лукашэнка – добры прапагандыст”.

(Мікалай Бельскі: ) “У газэце “Народнае слова” за 10 лістапада гэтага году, якая як і “Віцебскі рабочы” абслугоўвае інтарэсы ўлады, напісана пра аднаго з двух ардэнаносцаў славы, якія пражываюць у Сенінскім раёне. Напісана, як пра сьціплага чалавека, які нічога з таго, што заслужыў не патрабуе, быццам і няма яго.

Па праўдзе кажучы, у нашай краіне ўсё і амаль усімі дораць, як у даваенныя часы ўсё і тымі, каго вабіла ідэя захапіць гэта ўсё, купляецца і прадаецца. Купляецца нават апазыцыя ўлады, як і самой уладай так і добразычліўцамі нашымі і з замежжа. Падаўлялася, а цяпер прадаецца воля ворагаў народу на базарах перамогі, на юбілейных таргах, на аўкцыёнах, ідзе спэкуляцыя на крыві. Вядома, як разьлічыліся з ворагамі ідэі. Кіроўцы міру іх ня пусьцяць на базар, таму што тыя не салдаты перамогі, яны – калябаранты. Ганаровым членам яго хутчэй застанецца сьціплы салдат, перад якім сьвет як у даўгу.

Наш згаданы герой у мірны час зрабіўся інвалідам. Усім калгасам усё ж угаманілі яго пайсьці на групу, каб была капейка зь невялікай пэнсіяй. Угаманілі, каб меней езьдзіў на “Дняпру”, а згадзіўся атрымаць аўтамашыну. Таму, што хоць і новы матацыкл, ды дуе сьціплай жонцы ў бакі. Ўлада ўгаманіла сфатаграфавацца да яго любімай газэты. Кажуць, што і ордэн славы яго таксама ўгаманілі прыняць сьціплыя таварышы, якіх у свой час угаманілі стаць сувязнымі партызан. Згадзіўся, можа таму, што нянькай быў колішні начальнік КДБ Беларусі, сваяк па жонцы”.

(Спадар: ) “Ці праўду кажуць, што фэрмэры за мяжой, каб не перакідваць зь месца на месца гной, шпурляюць яго катапультамі прама на агароды, а катапульты тыя, аснашчаныя кампутарамі, кладуць ляпёшкі ў шашачным парадку? Каб не пабіла курэй, гусей і іншую дробную жыўнасьць, кажуць, што катапульты працуюць ад першых пеўняў да ранішняй дойкі. Яшчэ кажуць, што перадавікам капіталістычнай працы да хат іхных праведзены малакаправоды. Ці так гэта? Адкажыце, калі ласка”.

(Уладзімер: ) “Водгук на інтэрвію Аляксандра Казуліна, у прыватнасьці наконт яго сьцьвярджэньня паводле таго, што, маўляў, беларускую мову ён ня ведае таму, што гэтага ў свой час не вывучаў у школе.

Справа ў тым, што ў школе ўсё вывучыць немагчыма. А такому палітыку як Казулін усё ж такі неабходна ўзяць зь першага сьнежня, напрыклад, пачаць і за некалькі месяцаў авалодаць беларускай мовай. Гэта даволі няцяжка.

Па-другое, калі я вучыўся ў школе ў 80-х гадах, беларуская мова таксама была адзін раз на тыдзень. Амаль усе вакол размаўлялі па-расейску, але гэта мне не перашкодзіла яшчэ ў тыя гады авалодаць беларускай мовай. Таксама мае дочкі вучацца ў школе, дзе ўсё расейскамоўнае, але і гэта ім таксама не перашкодзіла авалодаць з нашай дапамогай, бацькоў, беларускай мовай.

Чалавек павінен вучыцца ўсяму ў жыцьці, а не спасылацца ня тое, што чагосьці там у школе не выкладаюць. Для такога палітыка як Аляксандар Казулін гэта гучыць вельмі абразьліва. Таму тэрмінова авалодаць беларускай мовай!”

(Спадар: ) “Я, напрыклад, супраць таго, каб іншыя дзяржавы даплачвалі нейкім там супрацоўнікам дадзенай краіны і праводзілі праз гэта палітыку. У дадзеным выпадку Пуцін Уладзімер Уладзімеравіч вельмі правільна паступіў, што патрабаваў, каб такога не было. Таксама я падтрымліваю Лукашэнку Аляксандра Рыгоравіча ў гэтым пляне. Малайчына! Правільна! Толькі так!

І зноў жа хачу сказаць, што не за мяжой трэба прасіць і нешта клянчыць, а трэба зьвяртацца да народу і паказаць, навошта ты ідзеш ва ўладу: каб валодаць уладай ці каб дапамагчы беларускаму народу жыць больш менш варта!”

28 лістапада

(Спадар: ) “Хачу пракамэнтаваць, як у нас усякія дэмакратычныя пытаньні вырашаюцца.

Вось Лукашэнка сабраў старшыняў камісіяў дзьвюх палат і падзякаваў ім за тое, што яны вельмі заканатворча працуюць, што усе ягоныя надумкі яны прыгожа аформілі і падалі. Карацей кажучы, амаль у тупік завялі рэспубліку з гэтай бюракратыяй – паперка на паперцы – душу вымаюць у людзей... А потым кажа: “Працягвайце ў тым самым духу, дарагія спадары, толькі майце на ўвазе, што далей вы будзеце гэтыя выкрутасы так рабіць, каб яны былі зразумелыя людзям”.

Вось як! Рабіце ўсё так, каб зразумела гэта было людзям! Не дай не прывядзі Гасподзь усё гэта слухаць!”

(Ільля Копыл: ) “Пачуў па Свабодзе, што Палата прадстаўнікоў нелегітымнага беларускага парлямэнту дапаўняе Крымінальны кодэкс новым артыкулам – дыскрымінацыя Рэспублікі Беларусь.

Лічу, што гэты артыкул патрэбен і прымаецца своечасова. Ніхто так не дыскрымінуе нашу рэспубліку, як тыя людзі, якія цяпер трымаюць уладу у сваіх руках. Калі гэты рэжым рухне, ён і панясе адказнасьць у адпаведнасьці з новым артыкулам Крымінальнага кодэксу. Распрацоўшчыкі артыкулу гэта пралічылі, таму і пакараньне прызначылі ня вельмі жорсткае”.

(Пэнсіянэр, Менск: ) “Пытаньне да Свабоды. На гэтым тыдні ў бяднейшую пацёмкінскую Беларусь за гарадавым вопытам прыяжджалі расейскія журналісты, нават з далёкіх рэгіёнаў поўначы і Сыбіры. Цікава, хто аплачваў дарагі прыезд у Менск: расейскі багач Раман Абрамовіч ці беларускі прэзыдэнт?

Бедны пэнсіянэр зь Менску”.

(Яцкевіч Аляксандар Анатольевіч, Віцебск: ) “Наш прэзыдэнт любіць паказваць, які клопат ён праяўляе да дзетак. Але ж ці ведае прэзыдэнт, як у перапоўненых школах дзеці больш прывілеяваных слаёў насельніцтва, міліцыі, начальнікаў якіх-небудзь, зьдзекваюцца зь дзяцей. Куды няшчасным дзеткам дзявацца? Ён падзяліў краіну на саслоўі. Што ён робіць?

Зараз дасылаю ў адміністрацыю прэзыдэнта пісьмо, як дзеці зьдзекваюцца з другіх дзяцей-інвалідаў”.

(Спадар: ) “Хачу выказацца наконт калектыву вэлязаводу, нешта там у іх неспакойна.

Дык іхныя вэлясыпэды, іх прадукцыя, якую яны выпускаюць вельмі нізкай якасьці! Гляньце на замежныя вэлясыпэды, якія да нас паступаюць – лёгкія, даступныя, прыгожыя, элегантныя, зь перадачамі. Іх і купляюць. Можна набыць за 90-100 даляраў шыкарны замежны вэлясыпэд. А наш, простыя жалезкі, дык недзе 220-250 тысяч каштуе.

Канечне, трапілі яны ў такое становішча, мы ім спачуваем. Але ж трэба працаваць, трэба прыдумляць, трэба талковыя вэлясыпэды рабіць. Тады і ўсё будзе! А так нашыя вэлясыпэды неканкурэнтназдольныя! Таму тут трэба скардзіцца тока на саміх сябе. Працуйце! Рабіце якасную прадукцыю, прыгожую, элегантную, талковую!

Гэта не пры савецкай уладзе, калі ўсё, што ня зробіць вэлязавод, усё хапалі, рассылалі недзе ў глыбінку Расеі, Беларусі і не дапускалі іншай прадукцыі. Час прайшоў, людзі ня хочуць гэтыя цяжкія, грувасткія вэлясыпэды купляць. Каб паехаць на іх сілы патрэбныя, трэба спартоўцам быць. Таму трэба на сябе крыўдаваць”.

(Спадар: ) “Наконт любві Аляксандра Рыгоравіча да беларусаў.

Я ўвесь час сачу за яго выступленьнямі. Я пэнсіянэр, таму ёсьць у мяне магчымасьць. Як толькі ён адчыніць рот і скажа, што ён любіць беларусаў, што ня сьпіць, ня есьці, а толькі і стараецца для іх жыцьця – абавязкова ўчыняецца якая-небудзь гадасьць.

Вось некалькі дзён таму ён, як толькі сказаў пра гэта, тут жа зьнізіліся працэнтныя стаўкі па ўкладах насельніцтва. Людзі, якія нешта прадалі, паклалі, каб хоць нейкі працэнт атрымаць, разьлічыцца за жыльлё і г.д... Усё, зьніжаецца! І гэта не Нацыянальны банк робіць, а паказвалі па тэлебачаньні, ён старшыні Нацбанку казаў: “Я табе сказаў, а ты павінен давесьці ў гэтым годзе да 10 адсоткаў! Здымай усё астатняе!”

Вось вам і любоў да народу. Такая любоў, што ён у абдымках гэтай любові і задушыць людзей.

Тое самае ён паўтарыў наконт аплаты камунальных паслугаў. Якасьць камунальных паслугаў зьнізілася! А ён кажа, што на 4-5 даляраў мы паднімем… Дарагі Аляксандар Рыгоравіч, 4-5 даляраў за камунальныя паслугі, а за другое – дзе 2, дзе 4, дзе 5 даляраў! Глянь на другія, ня толькі ЖКХ, і атрымліваецца, што людзі ня толькі без штаноў, а без усяго застануцца!”

(Міхаіл Леках, Рыга: ) “Апошнія месяцы і тыдні беларуская "Свабода" вельмі шмат часу надае заявам прадстаўнікам Польшчы. І ў мяне ўзьнікае пытаньне: Чаму гэтыя спадары палякі займаюцца Беларусьсю, а не займаюцца ўласнай краінай?

Перада мной ляжыць справаздача Сусьветнага банку. Што мы чытаем: што за апошнія два гады ў Польшчы павялічылася расслаеньне, і павялічылася колькасьць бедных людзей.

Вось перада мной справаздача эўрапейскай структуры “Эўрастат”. Бачым, што па карупцыі Польшча займае першае мейсца сярод 25 краінаў ЭС, то бок квітнеюць крадзяжы і карупцыя, народ бяднее.

Перада мной афіцыйныя дадзеныя польскага статыстычнага ведамства: афіцыйных беспрацоўных 18 адсоткаў, па эўрапейскім стандартам каля 30.

Мы бачым, што Польшча сацыяльны хлеў! І яны вучаць Беларусь жыць! Трэба б у сваім хляву пачаць разьбірацца! І вы пра гэта маўчыце! Як быццам бы гэтыя прадстаўнікі сацыяльнага хляву ісьціна апошняй інстанцыі! Прашу пра гэта расказваць, а то атрымліваецца двайной стандарт!”

(Вераніка Бядыгіна:) “Я вось слухаю пра новы законапраект і, думаю, што гэта зусім нядрэнна. Таму, калі пасядзець пры нашых тэлевізарах, пры нашых беларускіх каналах, дык трэба садзіць у турму першую асобу і яго выканаўцаў, таму што там суцэльная хлусьня ідзе пра нашу краіну Беларусь ад іх!”

(Спадар: ) “Лукашэнка загадаў прыняць закон аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь, што насамрэч азначае – аб дыскрэдытацыі Аляксандра Лукашэнкі.

А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю? А куды ж нясуць напаказ сваю? – На сьвет цэлы.

Гэта верш Янкі Купалы, напісаны на пачатку 20-га стагодзьдзя, актуальны і напачатку 21-га.

А што да закону, то Лукашэнку самога трэба судзіць па гэтым ягоным закону. Як сказаў Хрыстос: “Якім судом судзіш, такім і асуджаны будзеш”.

А хто найбольш дыскрэдытуе Лукашэнку, усім вядома, – Радыё Свабода”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная Свабода! Хачу паведаміць, што адбылося ў нас некалькі дзён таму ў горадзе Ліда. Я думала – вайна. Страшнае запалохваньне было людзей, каб нічога не казалі на Лукашэнку. Але ж мы ня можам больш вытрымліваць. Дапамажыце болей не дапусьціць да ўлады Лукашэнку, бо мы гэтага ня вытрымаем!”

25 лістапада

(Спадар: ) “Я з вас не перастаю дзівіцца! Гэта я наконт бронецягніка для Лукашэнкі. Ну, вы ўжо Гэбэльса пераплюнулі да яшчэ з апытаньнем жыхароў. Гэта ўжо звышмайстэрства вашага! Малайцы! Вы становіцеся падобнымі жоўтай прэсе, тыпу “Народная Воля”, гоніце хлусьню, не правяраеце факты. Вашая галоўная задача, я зразумеў, гэта ачарніць Лукашэнку любымі спосабамі. Вы нагадваеце мне бабу-пляткарку, якая зьбірае ўсе плёткі, а што і сама прыдумляе. Усім яна незадаволеная, усё ёй ня так, усіх асуджае. Рабяткі, ня трэба апускацца так нізка! Ці вялікія грошы апускаюць вас, так? Ну, усяго добрага!”

(Спадарыня: ) “Я хачу паведаміць вам гісторыю, якая адбылася са мной і маім мужам 23 лістапада 2005 году.

Мы паехалі ў менскую раённую паліклініку, каб атрымаць неабходныя даведкі: мужу, каб стаць у чаргу у райсабесе ў санаторый, мне для атрыманьня пуцёўкі ў санаторый, бо прыйшла чарга. З 8 раніцы да 13 мы толькі прайшлі двух урачоў. За гэты час яны сапсавалі нам усе нэрвы, асабліва адзначылася урач-кардыёляг Воўкава Марыя Мікалаеўна. Яна прымусіла нас зрабіць паўторную кардыяграму сэрца, бачыце, сельскім паліклінікам яна не давярае і нават зьняважліва выказвалася ў адрас нашых сельскіх урачоў, хаця ёй да іх вельмі далёка. У выніку зь іх кардыяграмы Воўкава зусім не дазволіла мужу стаць у чаргу, а мне падпісала даведку толькі пасьля таго, калі я заявіла, што можаце сабе браць маю пуцёўку, а я абыдуся і без санаторыю. Сэрца ў мяне ніколі яшчэ не балела, я ня ведаю яго болю. Як яна рабіла кардыяграму, як яна расшыфроўвала, можна толькі ўяўляць. Дзіўна, што ў нашыя часы там працуюць па савецкіх узроах!”

(Спадар: ) “Хацеў бы пракамэнтаваць учорашняе выступленьне Лукашэнкі па тэлебачаньні.

Чым болей ён кажа, тым жахлівей становіцца нам усім. Сабраў ён нейкіх людзей і кажа: “Вы павінны быць маімі агітатарамі і прапагандыстамі!” Прапагандыстамі чаго? “Трэба нам усё зрабіць для чалавека, каб не было гэтай жахлівай бюракратыі, калі чалавеку нідзе не прабіцца, замардавалі чалавека паперкамі і г.д.” Вось агульныя словы, канкрэтна кажы, што! Яны паслухалі, разышліся і пляваць яны хацелі. Ім карысна тое, што стварыў Лукашэнка.

Яшчэ пытаньне падняў цікавае пра пагрозы з усходу, захаду, як мы іх адбіваем. Уяўляеце, дзікунства нейкае, вар’яцтва!

Заробкі нізкія, пэнсіі жабрацкія! Што зрабіць, каб гэта паправіць? А людзі самі знойдуць дарогу, як жыць, калі ў іх дастатак будзе больш-менш людзкі”.

(Уладзімер: ) “Водгук на інтэрвію Зянона Пазьняка, у тым ліку па тым пытаньні, што беларусы страцілі здольнасьць да барацьбы.

Сапраўды, яны страцілі гэтую здольнасьць, але каб гэтая здольнасьць аднавілася неабходна, каб кожная беларуская сям’я вырашыла свае ўласныя праблемы, перамагла ляноту, хваробы і іншыя якасьці, якія перашкаджаюць нармальнаму самаразьвіцьцю.

Калі яно будзе, тады сукупнасьць гэтых сем’яў будзе здольная ўтвараць спачатку грамаду, а потым грамадзтва, а потым ужо і нацыю. Менавіта дзеля таго нашая сям’я сябе штосьці ўдасканальвае: загартоўваемся, дачок сваіх выводзім на вуліцу, без усялякіх скідак на дзіцячы ўзрост, толькі дзеля таго, каб яны расьлі прыгожымі, дужымі, мелі асабістае меркаваньне, маглі супрацьстаяць розным жыцьцёвым нягодам. Ня кожны гэта разумее, але тым з нашага колу, хто гэта разумее, ім гэта вельмі падабаецца. Гэта патроху распаўсюджваецца на іншыя сем’і.

Але ў сёньняшніх умовах беларусы ўсё ж такі няздольныя выступаць як нацыя і супрацьстаяць нейкім навалам, ці то з усходу, ці зь іншага боку, ці крыміналізму і г.д. Вось на сёньня задача нашай эліты распрацаваць такі плян, каб хоць здаровыя сілы беларускай нацыі на нешта ўзьняць і нечага дасягнуць. Вось, што сёньня зьяўляецца галоўнай задачай”.

24 лістапада

(Спадарыня: ) “У маіх вачах стаіць вельмі густы туман, па начах льецца кроў, адмаўляюць ногі. А нашае прадпрыемства на гэта глядзіць вельмі спакойна! А ўчора, знаходзячыся на мяжы беднасьці, адзінокая шматдзетная маці Мазура пранесла мне супакойваючыя лекі. А яе дзіця не ўзяў зь мяне ніякіх грошаў. Я трэці месяц знаходжуся без бальнічнага. Мэдыкі ў бальніцах трымаюць тых, чые сем’і на глебе алькагалізму адмаўляюцца карміць. А таму, каму неабходна аказаць тэрміновую дапамогу і аплаціць бальнічны ліст, на гэтага чалавека не зьвяртаюць ніякай увагі.

Гарадзкія ўлады мяне адмаўляюцца лячыць. А гэтай адзінокай працавітай маці адмаўляюць палепшыць жыльлё! Мазура згодная ехаць нават у добры забясьпечаны калгас толькі дзеля таго, каб працаваць і жыць спакойна”.

(Сталы слухач з Мазыра: ) “Адна ў нас з вамі праблема: вас вельмі дрэнна чуваць у маім рэгіёне. Я неаднойчы вам ужо тэлефанаваў. Ну, немагчыма!

У мяне нармальны прыймач “Акіян”, ловіць усё радыёстанцыі: і Бі-Бі-Сі, і Нямецкую хвалю, і рускую службу "Свобода" цудоўна чуваць, а вось беларускую службу – нуль. Няўжо ня могуць тэхнічныя службы неяк дамовіцца і зрабіць, хаця б гэтую сярэднюю хвалю больш магутнай, каб вас магчыма было прыймаць.

У нас жа такое сёньня мерапрыемства – кіраўнік наш арганізаваў радыётэлешоў з мас-мэдыямі расейскімі. Хацелася б паслухаць і ваш камэнтар – немагчыма!

Тэхнічная служба, рабіце што-небудзь! Няўжо нельга нармальны сыгнал зрабіць?”

(Бартось Марыя Іванаўна, в. Квасоўка: ) “Глядзела сёньня беларускае тэлебачаньне, як Лукашэнка сабраў карэспандэнтаў расейскіх і пасадзіў каля сябе. Дык трэба было б сабраць і пасадзіць нашых карэспандэнтаў і з апазыцыі таксама, і нашых людзей беларускіх, паслухаць, як мы жывем, як вы нас паважаеце, як суды працуюць, як вашыя начальнікі тут з нас зьдзекваюцца, як адабралі ўсё апошняе.

Адзін раз, другі прыяжджалі вы ў Квасоўку. Але ці дапусьцілі нас з вамі пагаварыць? Не! Абкружыліся міліцыяй!

Брыдка слухаць, Аляксандар Рыгоравіч! Вы ж ужо дарослы чалавек! Вы што думаеце, мы не разумеем, што тут адбываецца? Крымкі будуюць сабе катэджы, а вы “бышляеце” іх, бо яны прывялі вас да ўлады. А мы на каго будзем усё жыцьцё працаваць? На такіх як Крымко?

Бог ты мой! Як можна вось так вось хлусіць? Я проста не магу ўсё гэта выказаць! Аляксандар Рыгоравіч, прыедзьце вы да нас, і пагаворым! У нас ужо ёсьць прэзыдэнт – Мілінкевіч!”

(Спадар: ) “Не рабі зла, і цябе не спасьцігне зло. Ня сей на барознах няпраўду, і ня будзеш ў сем разоў болей пажынаць яе. Не прасі ў Госпада ўлады і ў цара ганаровага мейсца. Не дамагайся зрабіцца судзьдзём, каб не апынуцца табе бясьсільным, асудзіць няпраўду, забаяўшыся моцнай асобы і не пакласьці ценю на справядлівасьць сваю”. (“Кніга Прамудрасьці”, сёмы разьдзел).

Не дамагайся зрабіцца міліцыянтам, можна дадаць, каб не апынуцца бясьсільным пакараць злодзея ва ўласных шэрагах, які прыкрываецца пагонамі ці высокай пасадай, а пакараць замест яго нявінных, асабліва ганебна, калі гэта жанчыны, толькі за тое, што яны сказалі праўду і змагаліся ў тым ліку і за вашыя правы і правы вашых дзяцей.

Чаму вы, міліцыянты, не арыштуеце Лукашэнку па падазрэньню ў забойстве зьніклых? Тое ж пытаньне да спэцназу і КДБ. Калі вы апынецеся ў пекле разам са сваімі аднадумцамі, вы пашкадуеце, што баранілі гонар мундзіру і годнасьць таксама, асабліва галоўнага мундзіру нашай дзяржавы”.

(Пэнсіянэр, Менск: ) “Глядзеў учора прэс-канфэрэнцыю Лукашэнкі з расейскімі журналістамі. Чакаў, каб хоць адзін журналіст задаў пытаньне прэзыдэнту аб зьніклых: Захаранкі, Завадзкім, аб тым, што ў Беларусі зачыняюцца літаральна ўсе незалежныя СМІ, аб тым, што людзі ў турмах галадаюць, атрымліваюць другую групу інваліднасьці. Глуха!

Лічу, што пытаньні, зададзеныя прэзыдэнту былі ўзгодненыя з вэртыкальлю загадзя. Калі ёсьць у нас саюз Расеі зь Беларусьсю ці Беларусі з Расеяй, то чаму не запрасілі на канфэрэнцыю журналістаў праграмы “Эхо Москвы”, газэты “Коммерсант”, журналістаў НТВ, РТР, ТВЦ? Да таму што пытаньні былі б зусім іншыя і адказваць трэба было неяк.

Ужо 10 год нам таўдычаць аб нейкім саюзе! А людзі так і не разумеюць, у чым гэты саюз заключаецца. Адбываецца нейкая гульня у “кошкі-мышкі”, а не саюз!”

(Уладзімер: ) “Набліжаецца чарговая гадавіна слуцкага ўзброенага чыну. Я і мае аднадумцы да гэтага часу спэцыяльна прымяркоўваем адмысловае гартаваньне. Гэта значыць, што мы едзем на лецішча, дзе праходзім курс адмысловай загартоўкі: трымаем сябе ў холадзе, абліваемся халоднай вадой, выконваем усялякія фізычныя практыкаваньні. Таксама выкарыстоўваем нацыянальныя сымбалі, якія нам у гэтым вельмі дапамагаюць загартоўвацца як фізычна і, што самае галоўнае, духоўна. Трэба адзначыць, што Беларусь проста пакутуе ад таго, што у яе вельмі мала сапраўднай эліты. А каб эліту гартаваць, вось патрэбна рабіць такія дзеяньні.

Таму зварот да ўсіх слухачоў Радыё Свабода ўзгадаць пра слуцкі ўзброены чын, пра змагароў, якія амаль у безнадзейным становішчы паказалі вялікі гераізм. Але, на жаль, з-за адсутнасьці дастатковай эліты, ён не набыў неабходных вынікаў”.
XS
SM
MD
LG