Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28.11.05: "У Лукашэнкі такая любоў да народу, што ён у абдымках гэтай любові і задушвае людзей"


Радыё Свабода Водгукі слухачоў – 28 лістапада. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Спадар: ) “Хачу пракамэнтаваць, як у нас усякія дэмакратычныя пытаньні вырашаюцца.

Вось Лукашэнка сабраў старшыняў камісіяў дзьвюх палат і падзякаваў ім за тое, што яны вельмі заканатворча працуюць, што усе ягоныя надумкі яны прыгожа аформілі і падалі. Карацей кажучы, амаль у тупік завялі рэспубліку з гэтай бюракратыяй – паперка на паперцы – душу вымаюць у людзей... А потым кажа: “Працягвайце ў тым самым духу, дарагія спадары, толькі майце на ўвазе, што далей вы будзеце гэтыя выкрутасы так рабіць, каб яны былі зразумелыя людзям”.

Вось як! Рабіце ўсё так, каб зразумела гэта было людзям! Не дай не прывядзі Гасподзь усё гэта слухаць!”

(Ільля Копыл: ) “Пачуў па Свабодзе, што Палата прадстаўнікоў нелегітымнага беларускага парлямэнту дапаўняе Крымінальны кодэкс новым артыкулам – дыскрымінацыя Рэспублікі Беларусь.

Лічу, што гэты артыкул патрэбен і прымаецца своечасова. Ніхто так не дыскрымінуе нашу рэспубліку, як тыя людзі, якія цяпер трымаюць уладу у сваіх руках. Калі гэты рэжым рухне, ён і панясе адказнасьць у адпаведнасьці з новым артыкулам Крымінальнага кодэксу. Распрацоўшчыкі артыкулу гэта пралічылі, таму і пакараньне прызначылі ня вельмі жорсткае”.

(Пэнсіянэр, Менск: ) “Пытаньне да Свабоды. На гэтым тыдні ў бяднейшую пацёмкінскую Беларусь за гарадавым вопытам прыяжджалі расейскія журналісты, нават з далёкіх рэгіёнаў поўначы і Сыбіры. Цікава, хто аплачваў дарагі прыезд у Менск: расейскі багач Раман Абрамовіч ці беларускі прэзыдэнт?

Бедны пэнсіянэр зь Менску”.

(Яцкевіч Аляксандар Анатольевіч, Віцебск: ) “Наш прэзыдэнт любіць паказваць, які клопат ён праяўляе да дзетак. Але ж ці ведае прэзыдэнт, як у перапоўненых школах дзеці больш прывілеяваных слаёў насельніцтва, міліцыі, начальнікаў якіх-небудзь, зьдзекваюцца зь дзяцей. Куды няшчасным дзеткам дзявацца? Ён падзяліў краіну на саслоўі. Што ён робіць?

Зараз дасылаю ў адміністрацыю прэзыдэнта пісьмо, як дзеці зьдзекваюцца з другіх дзяцей-інвалідаў”.

(Спадар: ) “Хачу выказацца наконт калектыву вэлязаводу, нешта там у іх неспакойна.

Дык іхныя вэлясыпэды, іх прадукцыя, якую яны выпускаюць вельмі нізкай якасьці! Гляньце на замежныя вэлясыпэды, якія да нас паступаюць – лёгкія, даступныя, прыгожыя, элегантныя, зь перадачамі. Іх і купляюць. Можна набыць за 90-100 даляраў шыкарны замежны вэлясыпэд. А наш, простыя жалезкі, дык недзе 220-250 тысяч каштуе.

Канечне, трапілі яны ў такое становішча, мы ім спачуваем. Але ж трэба працаваць, трэба прыдумляць, трэба талковыя вэлясыпэды рабіць. Тады і ўсё будзе! А так нашыя вэлясыпэды неканкурэнтназдольныя! Таму тут трэба скардзіцца тока на саміх сябе. Працуйце! Рабіце якасную прадукцыю, прыгожую, элегантную, талковую!

Гэта не пры савецкай уладзе, калі ўсё, што ня зробіць вэлязавод, усё хапалі, рассылалі недзе ў глыбінку Расеі, Беларусі і не дапускалі іншай прадукцыі. Час прайшоў, людзі ня хочуць гэтыя цяжкія, грувасткія вэлясыпэды купляць. Каб паехаць на іх сілы патрэбныя, трэба спартоўцам быць. Таму трэба на сябе крыўдаваць”.

(Спадар: ) “Наконт любві Аляксандра Рыгоравіча да беларусаў.

Я ўвесь час сачу за яго выступленьнямі. Я пэнсіянэр, таму ёсьць у мяне магчымасьць. Як толькі ён адчыніць рот і скажа, што ён любіць беларусаў, што ня сьпіць, ня есьці, а толькі і стараецца для іх жыцьця – абавязкова ўчыняецца якая-небудзь гадасьць.

Вось некалькі дзён таму ён, як толькі сказаў пра гэта, тут жа зьнізіліся працэнтныя стаўкі па ўкладах насельніцтва. Людзі, якія нешта прадалі, паклалі, каб хоць нейкі працэнт атрымаць, разьлічыцца за жыльлё і г.д... Усё, зьніжаецца! І гэта не Нацыянальны банк робіць, а паказвалі па тэлебачаньні, ён старшыні Нацбанку казаў: “Я табе сказаў, а ты павінен давесьці ў гэтым годзе да 10 адсоткаў! Здымай усё астатняе!”

Вось вам і любоў да народу. Такая любоў, што ён у абдымках гэтай любові і задушыць людзей.

Тое самае ён паўтарыў наконт аплаты камунальных паслугаў. Якасьць камунальных паслугаў зьнізілася! А ён кажа, што на 4-5 даляраў мы паднімем… Дарагі Аляксандар Рыгоравіч, 4-5 даляраў за камунальныя паслугі, а за другое – дзе 2, дзе 4, дзе 5 даляраў! Глянь на другія, ня толькі ЖКХ, і атрымліваецца, што людзі ня толькі без штаноў, а без усяго застануцца!”

(Міхаіл Леках, Рыга: ) “Апошнія месяцы і тыдні беларуская "Свабода" вельмі шмат часу надае заявам прадстаўнікам Польшчы. І ў мяне ўзьнікае пытаньне: Чаму гэтыя спадары палякі займаюцца Беларусьсю, а не займаюцца ўласнай краінай?

Перада мной ляжыць справаздача Сусьветнага банку. Што мы чытаем: што за апошнія два гады ў Польшчы павялічылася расслаеньне, і павялічылася колькасьць бедных людзей.

Вось перада мной справаздача эўрапейскай структуры “Эўрастат”. Бачым, што па карупцыі Польшча займае першае мейсца сярод 25 краінаў ЭС, то бок квітнеюць крадзяжы і карупцыя, народ бяднее.

Перада мной афіцыйныя дадзеныя польскага статыстычнага ведамства: афіцыйных беспрацоўных 18 адсоткаў, па эўрапейскім стандартам каля 30.

Мы бачым, што Польшча сацыяльны хлеў! І яны вучаць Беларусь жыць! Трэба б у сваім хляву пачаць разьбірацца! І вы пра гэта маўчыце! Як быццам бы гэтыя прадстаўнікі сацыяльнага хляву ісьціна апошняй інстанцыі! Прашу пра гэта расказваць, а то атрымліваецца двайной стандарт!”

(Вераніка Бядыгіна:) “Я вось слухаю пра новы законапраект і, думаю, што гэта зусім нядрэнна. Таму, калі пасядзець пры нашых тэлевізарах, пры нашых беларускіх каналах, дык трэба садзіць у турму першую асобу і яго выканаўцаў, таму што там суцэльная хлусьня ідзе пра нашу краіну Беларусь ад іх!”

(Спадар: ) “Лукашэнка загадаў прыняць закон аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь, што насамрэч азначае – аб дыскрэдытацыі Аляксандра Лукашэнкі.

А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю? А куды ж нясуць напаказ сваю? – На сьвет цэлы.

Гэта верш Янкі Купалы, напісаны на пачатку 20-га стагодзьдзя, актуальны і напачатку 21-га.

А што да закону, то Лукашэнку самога трэба судзіць па гэтым ягоным закону. Як сказаў Хрыстос: “Якім судом судзіш, такім і асуджаны будзеш”.

А хто найбольш дыскрэдытуе Лукашэнку, усім вядома, – Радыё Свабода”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная Свабода! Хачу паведаміць, што адбылося ў нас некалькі дзён таму ў горадзе Ліда. Я думала – вайна. Страшнае запалохваньне было людзей, каб нічога не казалі на Лукашэнку. Але ж мы ня можам больш вытрымліваць. Дапамажыце болей не дапусьціць да ўлады Лукашэнку, бо мы гэтага ня вытрымаем!”
XS
SM
MD
LG