Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае пытаньне выклікае супярэчнасьці сярод нямецкіх палітыкаў


Алена Струвэ, Менск Дэпутатка Бундэстагу нямецкая сацыял-дэмакратка Ута Цапф рашуча нязгодная з рэзкімі выказваньнямі свайго партнэра па “вялікай кааліцыі”, хрысьціянскага дэмакрата Георга Шырмбэка на адрас сытуацыі ў Беларусі. Спадарыня Цапф лічыць, што Нямеччына павінна выступаць за правядзеньне крытычнага дыялёгу з гэтай краінай, як гэта робіць фракцыя СДПГ.

Нагадаем, што пасьля свайго наведаньня Беларусі ў якасьці ўдзельніка Менскага форуму 2005 дэпутат Георг Шырмбек у інтэрвію нямецкім мэдыям ад імя сваёй фракцыі заявіў, што ХДС/ХСС хоча зрабіць “змаганьне супраць беларускай тыраніі, якая зьневажае элемэнтарныя правы чалавека, цэнтральным пунктам нямецкай усходняй палітыкі”.

У размове з “Neue Osnabruecker Zeitung” Георг Шырмбэк, у прыватнасьці, падкрэсьліў, што “сталінізм у Беларусі адраджаецца”, і што “новы міністар замежных справаў Нямеччыны Штайнмаер разам з партнэрамі па Эўразьвязе павінен узмацніць ціск на беларускае кіраўніцтва”.

У адказ на выказваньні калегі Георга Шырмбэка Ўта Цапф як віцэ-сьпікер сацыял-дэмакратычнай фракцыі распаўсюдзіла сёньня ўвечары адмысловую заяву для прэсы.

Ута Цапф, якая да абраньня ў Бундэстагу новых камісіяў і рабочых групаў, па-ранейшаму застаецца старшынёй нямецка-беларускай парлямэнцкай групы, крытыкуе дэпутата Шырмбэка за тое, што ён не ўзгадніў свае публічныя заявы зь іншымі парлямэнтарамі.

Паводле яе словаў, “той, хто заўчасна, да пачатку сапраўднай працы Бундэстагу заяўляе пра новыя стратэгіі нямецкай замежнай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі, напэўна забываецца, што іх сумесна вызначае вялікая кааліцыя”.

Як перакананая спадарыня Цапф, дагэтуль нямецкі Бундэстаг дэманстраваў адзінства ў сваёй беларускай палітыцы. “Аднадушнай была і ёсьць нашая крытыка супраць рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі. Рашэньні Бундэстагу заўсёды прымаліся сумесна”, падкрэсьлівае сацыял-дэмакратка.

Паводле Ўты Цапф, мэтай нямецкай палітыкі ёсьць не “раптоўныя размахваньні дубінай”, а правядзеньня дыялёгу, як зь беларускай адміністрацыяй, так і парлямэнтарамі.

“Бяз гэтага дыялёгу і нашай падтрымкі дэмакратызацыі мы пакінем людзей ў гэтае краіне сам на сам з самавольствам ўладаў”, – заяўляе Ута Цапф.

У заяве старшыні нямецка-беларускай парлямэнцкай групы таксама гаворыцца, што нямецкая палітыка дыялёгу зь Беларусьсю будуецца “на наўпростай канструктыўнай крытыцы”, што мэтай гэтай палітыкі ёсьць “падтрымка грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычна арыентаваных апазыцыйных палітыкаў”.

Як вынікае з заявы Уты Цапф, нямецкая ўсходняя палітыка заўсёды ўзгадняецца з эўрапейскімі партнэрамі. На апошняй Радзе Эўразьвязу былі ўхваленыя захады, накіраваныя на правядзеньне палітыкі дыялёгу ды стрыманых санкцыяў ў дачыненьні Менску.

“Жорсткія выказваньні не падтрымаюць неабходны дыялёг, не наблізяць Беларусь да Эўропы і яе эўрапейскіх каштоўнасьцяў”, лічыць дэпутатка Бундэстагу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG