Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Суздальцаў: прэзыдэнцкія выбары могуць адбыцца ўжо вясной


Уладзімер Глод, Менск Палітоляг Суздальцаў цьвердзіць, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць не летам, а вясной 2006 году. У гутарцы з карэспандэнтам нашага радыё спадар Суздальцаў спаслаўся на тое, што гэтую інфармацыю ён атрымаў сёньня ўвечары з Масквы з дзьвюх не зьвязаных адна з другой крыніцаў.

Андрэй Суздальцаў, які апошнім часам шмат займаецца вывучэньнем менавіта беларуска-расейскіх адносінаў, паведаміў Радыё Свабода:

(Суздальцаў: ) "Паступіла інфармацыя, што напрыканцы мінулага тыдня адбылася нарада, на якой было вырашана зрушыць тэрмін правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў зь ліпеня на сакавік 2006 году.

Рашэньне аб вылучэньні Аляксандра Лукашэнкі на трэці тэрмін, мяркуючы па ўсім, прыме Ўсебеларускі народны сход, які адбудзецца зімой.

Зьвяртае ўвагу, што менавіта да сакавіка будуць прывязаныя некаторыя мерапрыемствы з Расейскай Фэдэрацыяй. Гэта атрыманьне Беларусьсю ракетнага комплексу С-300 і здача чатырох кампрэсарных станцыяў на газапровадзе Ямал – Эўропа. Пакуль пабудаваныя толькі дзьве, яшчэ дзьве прывязаныя таксама да сакавіка. Цана пытаньня амаль мільярд кубамэтраў газу, які не закачваецца ў дзейны газапровад. Неяк усё прывязваецца да адных датаў".

Афіцыйныя асобы Беларусі, у якіх я спадзяваўся атрымаць камэнтар, альбо маўчаць, альбо гавораць, што ім пра гэта нічога невядома.

Гаворыць сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) "Закон не ўстанаўлівае, наколькі могуць адбыцца выбары раней. Адзінае, што закон устанаўлівае – не пазьней за два месяцы да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў прэзыдэнта. Тэарэтычна такое магчыма. Але ніякіх дзеяньняў пакуль – ні ў Цэнтарвыбаркаме, ні ў парлямэнце, ні ў іншых афіцыйных дзяржаўных органах я пакуль ня бачыў".

Я спытаўся палітоляга Суздальцава, чаму Аляксандру Лукашэнку выгадна перанесьці час правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў. Андрэй Суздальцаў гаворыць, што ўлады баяцца, што за сем месяцаў сытуацыя ў Беларусі можа выйсьці з-пад яе кантролю:

(Суздальцаў: ) "Яны кантралююць сытуацыю з апазыцыяй, у нейкай ступені кантралююць праект "адзіны кандыдат". Але яны не кантралююць рашэньні Масквы. Масква да гэтага часу не сказала цьвёрда, што яна падтрымлівае Лукашэнку. Яна наагул нічога не сказала. Яны баяцца, што Захад будзе ўжываць нейкія невядомыя ім тэхналёгіі. І мабыць яны прыйшлі да высновы – трымаць выбарчую кампанію цягам сямі месяцаў – гэта вельмі цяжка".

Нагадаю нашым слухачам, што зусім нядаўна пра магчымасьць правесьці прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі раней казаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч.
XS
SM
MD
LG