Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Ірану на трыбуне ААН адчуў зьзяньне вакол сябе


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Іранскі прэзыдэнт Махмуд Ахмадзінэджад заявіў, што ў часе свайго выступу на Генэральнай асамблеі ААН адчуў зьзяньне вакол сябе і што ўвага ўсіх усясьветных лідэраў цалкам сканцэнтравалася на ім. Тэкст выступу Ахмадзінэджада ў Нью-Ёрку і відэазапіс ягонага камэнтару разьмешчаныя ў інтэрнэце. Таксама кампакт-дыск са шчыраваньнем прэзыдэнта распаўсюджваюцца ў Іране. Ці сапраўды Ахмадзінэджад быў натхнёны самім Богам?

Махмуд Ахмадзінэджад зрабіў такое прызнаньне аднаму зь вядучых клірыкаў Ірану – аяталу Джавадзі Амалі. Прэзыдэнт, нібыта, і сам адчуў зьзяньне вакол сябе, і яшчэ хтосьці з прысутных у зале яму пра гэта сказаў:

(Ахмадзінэджад: ) “Ён сказаў, калі вы пачалі словамі “ў імя Бога”, я ўбачыў, як вакол вас зьявілася зьзяньне, і яно заставалася да канца прамовы. Я гэта таксама адчуў. Раптам зьмянілася атмасфэра, і цягам 27-28 хвілін ўсе лідэры нават не міргнулі”.

Ахмадзінэджад дадаў, што ён не перабольшвае. Усе лідэры адчулі, быццам нейкая вышэйшая сіла прымусіла іх слухаць паведамленьне Ісламскай рэспублікі.

Адзін зь сяброў парлямэнту Ірану Акбара Аламі засумняваўся ў выказваньнях Ахмадзінэджада. Аламі кажа, што нават самыя сьвятыя асобы ісламу ня ў стане прымусіць на адлегласьці іншых людзей сябе слухаць і нават не міргаць. Меркаваньні ў грамадзтве падзяліліся.

Прыхільнікі прэзыдэнта кажуць, што, маўляў, сустрэча Ахмадзінэджада з аяталом Амалі была прыватнай, а таму распаўсюджваюць кампакт-дыск апанэнты прэзыдэнта з мэтай дыскрэдытаваць яго. Апанэнты ж цьвердзяць, што розныя неверагодныя гісторыі пра Ахмадзінэджада выдумвае ягонае атачэньне, каб пераканаць малаадукаваных людзей у сьвятасьці прэзыдэнта.

Гэтую думку падтрымліваюць і многія аналітыкі, падкрэсьліваючы, што Махмуд Ахмадзінэджад прыйшоў да ўлады дзякуючы галасам ніжэйшага саслоўя іранскага грамадзтва, якое верыць ў байкі пра звышнатуральныя зьявы. І гэтыя байкі час ад часу закідваюцца людзям. Тым самым падтрымліваецца дагматычны, харызматычны і сьвяты статус прэзыдэнта.

Заходнія аналітыкі зьвяртаюць увагу, што ў Іране ніхто ня будзе рызыкаваць, пашыраючы няправільную інфармацыю пра прэзыдэнта, дый ніхто гэтага ня можа зрабіць безь ягонага дазволу: прэзыдэнт там кантралюе міністэрства інфармацыі. Тым болей, што ніякага абвяржэньня гэтай гісторыі з боку Ахмадзінеджада няма. А Махамад Алі Абтахі, дарадца былога прэзыдэнта Ірану Махамада Хатамі, заявіў, што ў той час, калі ўвесь сьвет чакае разьвязаньня канфлікту з Тэгеранам у яго ядзернай праграме, улады наўмысна пераключаюць увагу на містычны досьвед прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG