Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Максім Багдановіч – нацыянальны вітамін ад ідэалягічнай сапсаванасьці


Галіна Абакунчык, Менск У літаратурным музэі Максіма Багдановіча ў Менску ў гонар дня нараджэньня паэта сёньня пачалася міжнародная навукова-практычная канфэрэнцыя “Максім Багдановіч – празаік, крытык і публіцыст”. Удзел у творчым форуме прынялі дасьледчыкі творчасьці паэта зь Беларусі, Украіны, Расеі й Злучаных Штатаў Амэрыкі. Навукоўцы заяўляюць, што Максім Багдановіч быў і застаецца лідэрам Нацыянальнага адраджэньня Беларусі й па сёньня.

Канфэрэнцыя сталася пачаткам сэрыі імпрэзаў, прымеркаваных да дня нараджэньня Максіма Багдановіча, якое будзе сьвяткавацца 9 сьнежня. Увогуле, гэта сёмы міжнародны форум, і кожны раз дасьледчыкі адкрываюць усё новыя старонкі творчасьці паэта – кажа загадчыца музэя Тацяна Шэляговіч.

(Шэляговіч: ) “Неабсяжная творчая спадчына Максіма Багдановіча. Зьмяняемся мы, зьмяняецца асяродак, і бачаньне творчасьці Максіма Багдановіча можа быць іншым. Менавіта дзеля таго ствараюцца такія канфэрэнцыі й навуковыя форумы, каб падняць новыя тэмы, знайсьці новыя погляды на ніве Багдановічазнаўства”.

Паводле спадарыні Шэляговіч, гэтым разам на разгляд канфэрэнцыі была прапанаваная малавядомая тэма “Публіцыстыка Максіма Багдановіча ў яраслаўскай прэсе”, а таксама “Максім Багдановіч – адзін зь першых папулярызатараў беларускай народнай міталёгіі” й многія іншыя.

Усяго – больш за 20 дакладаў навукоўцаў зь Менску, Санкт-Пецярбургу, Львову, Чыкага й іншых гарадоў. І галоўная думка многіх зь іх, што творчасьць Максіма Багдановіча ёсьць актуальнай й па сёньня. Гаворыць навуковец Віталь Скалабан:

(Скалабан: ) “Актуальная, канечне, актуальная. Па зразумелых прычынах”.

Акрамя таго, Максім Багдановіч быў і застаецца лідэрам нацыянальнага адраджэньня й ня толькі для беларусаў – заявіў "Свабодзе" дасьледчык творчасьці паэта, прафэсар Львоўскага ўнівэрсытэту Раман Лубкіўскі:

(Лубкіўскі: ) “У Багдановіча можна знайсьці бачаньне лідэра нацыянальнага адраджэньня. Насамрэч, такім лідэрам быў сам Багдановіч. Але гэта не завяршылася ў мінулым. І сёньня Беларусі патрэбны лідэр, а таму Багдановіч зьяўляецца актуальным і на сёньняшні дзень і для Беларусі, і для Ўкраіны, і для Расеі, і для ўсяе постсавецкай прасторы, дзе да канца не зрэалізаваная нацыянальная ідэя. Таму Багдановіч нам патрэбны ня толькі як клясык, але й як фактар ачышчэньня ад ідэалягічнай сапсаванасьці, а галоўнае – як свой родны, нацыянальны вітамін”.
XS
SM
MD
LG