Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напіцца ...парфумы цяпер будзе складаней


Любоў Лунёва, Менск Улады папярэдзілі прадпрымальнікаў, якія гандлююць парфумнымі вырабамі, што да 16 сьнежня тыя мусяць правесьці інвэнтарызацыю рэшткаў тавару. Потым, згодна з дэкрэтам А.Лукашэнкі ад 9 верасьня аб удасканаленьні дзяржаўнага рэгуляваньня вытворчасьці алькагольнай прадукцыі, ім забароняць прадаваць парфуму. Як вынік, тысячы людзей страцяць працоўныя месцы.

Прадпрымальнікі правялі сходы і накіравалі сваіх прадстаўнікоў у Дэпартамэнт прадпрымальніцтва, каб абараніць свае правы. Пад пагрозай беспрацоўя апынуліся некалькі тысяч чалавек. Паводле нормаў дэкрэту, гандляваць парфумнай прадукцыяй змогуць толькі юрыдычныя асобы. Але і тыя ня ўсе здольныя выканаць новыя патрабаваньні. Каб гандляваць гуртам, трэба мець ня менш за 100 тысяч эўра статутнага фонду, прынамсі 1000 квадратных мэтраў плошчы сховішчаў і стаж гандлю парфумай ня менш за 5 гадоў. Што тычыцца фізычных асобаў, то ім наагул забаронена прадаваць парфуму.

У Менску 42 буйныя рынкі. Каля чвэрці прадпрымальнікаў там гандлююць менавіта гэтай прадукцыяй. Гаворыць прадпрымальніца Тацяна Мялюк:

(Мялюк: ) “Людзі застануцца бяз працы, і яны выйдуць на вуліцу… Гэта глупства! Ніхто ня п’е нашай парфумы, якая каштуе 30—40 даляраў”.

Натальля Шаўчэнка дадала:

(Шаўчэнка: ) “Нехта хоча манаполію. Але мы ўжо шмат гадоў папрацавалі. Мы ўнесьлі шмат грошай, сілы, здароўя. Мы ня можам ужо іншым займацца”.

Многія прадпрымальнікі ўзялі крэдыты, цяпер яны разгубленыя. Гаворыць Іна Шубкіна:

(Шубкіна: ) “Куды падзець рэшткі? Што мне зь імі рабіць? Я хачу ведаць, хто мне кампэнсуе крэдыт, які я ўзяла на 10 тысяч даляраў?! Хачу ведаць, хто мне яго выплаціць? Кажуць, закрыць пункт, і ўсё”.

Іна пытаецца, хто ёй кампэнсуе яшчэ і грошы, што яна страціла сёлета, праводзячы сэртыфікацыю тавару, згодна з патрабаваньнем пастановы Савету міністраў.

Міхаіл Кручкоўскі заявіў, што прадпрымальнікі гатовыя выйсьці на вуліцу, як гэта было сёлета 1 сакавіка супраць увядзеньня ПДВ. Яны пэўныя, што ў іх папросту хочуць забраць бізнэс і перадаць яго іншым асобам.

(Кручкоўскі: ) “Чаму мы ня можам гандляваць тым, чым могуць гандляваць ва ўсім сьвеце любыя суб’екты гаспадараньня? Калі закранаць толькі эканамічныя пытаньні, то ўсё робіцца дзеля таго, каб узяць пад свой кантроль вялікі сэгмэнт рынку, а гэта недзе каля 40% прадукцыі. Прадпрымальнікі гатовыя, і больш за тое, усе гандляры, якія зь імі працуюць, гатовыя адстойваць свае законныя патрабаваньні. Нават ладзіць страйкі і пікеты”.

Некалькі дзясяткаў прадпрымальнікаў наведалі Дэпартамэнт прадпрымальніцтва, куды прыйшлі і прадстаўнікі Міністэрства падаткаў і збораў.

Лідэр аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка паведаміў, што сытуацыя можа выклікаць хвалю страйкаў, а таксама вулічныя акцыі. Чыноўнікі прапанавалі прадпрымальнікам падрыхтаваць свае прапановы і сабрацца 5 сьнежня ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG