Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Кітай — партнэры або канкурэнты?


Валер Каліноўскі, Менск У інтэрвію кітайскаму агенцтву “Сыньхуа” А.Лукашэнка заявіў, што “пакуль Беларусь разьвівае адносіны з Кітаем, яна ня можа быць ізаляванай на міжнароднай арэне” і спрагназаваў рост узаемнага таваразвароту ў два разы — да 1 мільярда даляраў на год. Інтэрвію было прымеркаванае да візыту А.Лукашэнкі ў Кітай, які пачнецца 4 сьнежня. Сёньня амбасадар Кітаю ў Беларусі У Хунбінь зазначыў, што кітайскія бізнэсоўцы лічаць інвэстыцыйны клімат у Беларусі неспрыяльным. Як ацэньваюць пэрспэктывы беларуска-кітайскіх дачыненьняў незалежныя эканамісты і палітыкі?

Менскі эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць таваразварот паміж Беларусьсю і Кітаем на 500 мільёнаў даляраў на год занадта малым у параўнаньні зь іншымі краінамі сьвету, і тлумачыць гэта ня толькі вялікай адлегласьцю, якая падзяляе Менск і Пэкін:

(Злотнікаў: ) “Галоўнае, што Кітай сам хутка рухаецца шляхам эканамічнага разьвіцьця і выцясьняе нашыя прадпрыемствы са зьнешніх рынкаў па ўсім сьвеце. Мы канкуруем у адной і той жа нішы тэхналягічнага разьвіцьця. Як мы можам добра гандляваць паміж сабой, калі мы ў канкурэнцыі?”

Спадар Злотнікаў нагадаў, што Кітай ужо выціснуў з рынкаў многія беларускія тавары лёгкай прамысловасьці, машынабудаваньня, нават інтэгральныя схемы. Беларускія і кітайскія тавары падобныя паводле іх тэхналягічнага ўзроўню, але кітайскія — таньнейшыя. Тое ж, што кітайскія бізнэсоўцы не сьпяшаюцца ўкладваць грошы ў беларускую эканоміку, спасылаючыся на кепскі інвэстыцыйны клімат, то, на думку Леаніда Злотнікава, Беларусь яны параўноўваюць не з самім Кітаем, а з разьвітымі краінамі сьвету:

(Злотнікаў: ) “Рэч ня ў тым, які інвэстыцыйны клімат у самім Кітаі, а які клімат у іншых краінах, у якіх яны могуць купіць нерухомасьць, прадпрыемствы і гэтак далей. Кітайцы ж інвэстуюць ва ўсе краіны сьвету”.

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін неаднаразова наведваў Кітай, меў кантакты з прадстаўнікамі мясцовай кампартыі, але пасьля 1996 году гэтыя кантакты спыніліся, бо, на думку спадара Калякіна, Пэкін ня хоча мець кантактаў з апазыцыйнымі кампартыямі. Падтрымку Кітаем А.Лукашэнкі ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях спадар Калякін тлумачыць геапалітычнымі амбіцыямі гэтай краіны:

(Калякін: ) “Кітай спрабуе стварыць такі блёк дзяржаваў, якія будуць падтрымліваць розныя кітайскія ініцыятывы. У абмен на гэта яны падтрымліваюць пазыцыі гэтых дзяржаваў. І Беларусь можа стаць дзяржавай, якая будзе выкарыстоўвацца Кітаем ва ўласных інтарэсах”.

Спадар Калякін сумняецца, што ў Беларусі ёсьць магчымасьць разгарнуць шырокае эканамічнае супрацоўніцтва з Кітаем. Ён перакананы, што апазыцыя ў выпадку прыходу да ўлады ў Беларусі будзе зацікаўленая ў адносінах з Кітаем, але гэтая краіна, відавочна, ня будзе ў шэрагу галоўных прыярытэтаў замежнай палітыкі.
XS
SM
MD
LG