Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва турмы: Аўтуховічу паставілі кропельніцу, даюць вітаміны


Сяргей Астраўцоў, Горадня Мікалай Аўтуховіч па-ранейшаму застанецца за кратамі. Дактары ацанілі, што пасьля 46 дзён галадоўкі ягоны стан — сярэдняй цяжкасьці. Тым часам у Ваўкавыску 16-ы дзень у падтрымку Аўтуховіча галадаюць шэсьць ягоных калегаў.

Мікалая Аўтуховіча агледзеў у турме кансыліюм дактароў з паліклінікі абласнога упраўленьня ўнутраных справаў. Адвакаты спадзяваліся, што сёньня магло быць прынятае рашэньне аб пераводзе галадоўніка ў шпіталь, але гэтага не адбылося.

Справу Аўтуховіча вядзе сьледчы упраўленьня фінансавых расьсьледаваньняў Мікалай Аліхвер. Паводле яго, ён не вырашае — пакідаць галадоўніка за кратамі ці пакласьці ў шпіталь.

(Аліхвер: ) “Калі адміністрацыя турмы вырашыць пытаньне аб тым, што яму патрэбна шпіталізацыя, тады яны прымаюць рашэньне самастойна. Калі дактары даюць заключэньне аб тым, што грамадзяніну неабходна шпіталізацыя, значыцца гэта вырашаецца сумесна дактарамі і адміністрацыяй турмы. З майго боку тут ніякіх ні пярэчаньняў, ні супярэчнасьцяў быць ня можа”.

Адвакат Надзея Станкевіч сёньня зноўку напісала хадайніцтва да сьледчага з просьбай зьмяніць Мікалаю Аўтуховічу меру стрыманьня — якраз з увагі на ягонае здароўе, паколькі ён ня можа браць удзел у сьледчых дзеяньнях. Паводле адвакатаў, галадоўнік не згаджаўся, каб турэмныя мэдыкі паставілі яму кропельніцу і палегчыць ягоны стан.

Аднак намесьнік начальніка гарадзенскай турмы Аляксандар Аліеў сьцьвярджае, што кропельніцу Аўтуховічу ўсё ж паставілі.

(Аліеў: ) “Паставілі і цяпер ён вітаміны ўжывае, таму сказаў, што калі яму стане горш, папросіць яшчэ, але пакуль няма ў яго ніякіх паказаньняў для шпіталізацыі. А калі пагоршыцца стан — мы яго трымаем на кантролі”.

Што датычыць ваўкавыскіх галадоўнікаў, дык адзін зь іх — Уладзімер Асіпенка паведаміў Радыё Свабода, што ўлады на іхнюю галадоўку не зьвяртаюць увагі, і ніхто імі не цікавіцца. Адно прыходзіў карэспандэнт “Местной газеты”, і ў наступным нумары будзе публікацыя пра іх і Мікалая Аўтуховіча.

***

Ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча арыштавалі 14 кастрычніка ў Горадні. Яго абвінавачваюць ва ухіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Яму налічылі недаплачаных падаткаў — 679 мільёнаў рублёў. Крымінальная справа супраць прадпрымальніка датычыць другой часткі артыкула 243, якім прадугледжана пакараньне — ад трох да сямі гадоў зьняволеньня. Суд можа пры гэтым таксама канфіскаваць маёмасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG