Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Gazetа Wyborczа”: Андрэй Вышынскі жыве ў Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Андрэй Вышынскі жыве ў Беларусі” – такі загаловак мае артыкул у сёньняшнім нумары “Gazety Wyborczej”. Аўтар піша, што Вышыскі, які быў генэральным пракурорам СССР у сталінскія часы і лічыцца адным з найбольш жорсткіх савецкіх катаў, быў бы задаволены з паправак, якія напярэдадні загадаў унесьці ў крымінальны кодэкс Аляксандар Лукашэнка.

“Калі ў беларусаў запытаць: “Як справы?”, часта можна пачуць адказ: “Справы ў пракурора”. Гэты сумны жарт, на жаль, з кожным днём становіцца ўсё менш сьмешны”, – піша публіцыст “Gazety Wyborczej” Вацлаў Радзівіновіч і знаёміць чытача з сутнасьцю паправак у крымінальны кодэкс Беларусі, прапанаваных напярэдадні беларускім кіраўніком. Паводле іх можна апынуцца ў турме за “дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь” ці “заклікі шкодзіць Беларусі”.

Далей газэта піша: “У часе сталінскіх працэсаў пракурор Андрэй Вышынскі ня мог абыйсьціся без выбітых катаваньнямі паказаньняў абвінавачаных, якія толькі пасьля працяглай “апрацоўкі” на Лубянцы прызнаваліся, што супрацоўнічалі з замежнымі выведкамі, рыхтавалі замахі на Сталіна і гэтак далей. У Беларусі ўсё будзе значна прасьцей. Чалавек сказаў нешта адрознае ад таго, што можна пачуць у дзяржаўным тэлебачаньні ці прачытаць у “Советской Белоруссии”, альбо пагаварыў з замежным журналістам і ўжо парушыў крымінальны кодэкс. Нават не выдзіраючы яму пазногці, можна адразу даць паўгода”.

“Gazetа Wyborczа” зьвязвае ўнясеньне паправак ў крымінальны кодэкс з прэзыдэнцкімі выбарамі, што адбудуцца ў Беларусі налета.

“Беларускі рэжым хоча хутка зьмяніць кодэкс напярэдадні выбараў, якія Лукашэнка абяцае выйграць “элегантна”, гэта значыць атрымаўшы прынамсі 70% галасоў. А хто пры такіх законах асьмеліцца ў часе перадвыбарчай кампаніі яго крытыкаваць ці пасьля выбараў будзе сумнявацца ў тым, што галасы былі падлічаныя сумленна, будзе “дыскрэдытаваць” альбо “шкодзіць”, – напісаў Вацлаў Радзівіновіч у артыкуле “Андрэй Вышынскі жыве ў Беларусі”, зьмешчаным у “Gazecie Wyborczej”.
XS
SM
MD
LG