Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прэзыдэнт Латвіі ўзнагароджаная міжнароднай прэміяй за Беларусь”


Алена Струвэ, Менск “Прэзыдэнт Латвіі ўзнагароджаная міжнароднай прэміяй за Беларусь”, “Албанскія крымінальныя групоўкі жорстка эксплуатуюць маладых усходнеэўрапейскіх жанчын”, “У Канадзе выйшла кніга мэмуараў Барыса Рагулі” . Гэта загалоўкі сёньняшніх артыкулаў у замежным друку.

Як піша нямецкая “Die Tageszeitung”, прэзыдэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга названая ляўрэатам прэстыжнай міжнароднай прэміі Ханаха Арэндта. Ад 1995 году прэмія ўручаецца ў Брэмене выбітным грамадзкім дзеячам, палітыкам, філёзафам. Паводле выданьня, сёлета журы аддала свае галасы Віке-Фрэйбэрга за яе мужную і пасьлядоўную пазыцыю ў дачыненьні да суседніх аўтарытарных рэжымаў у Беларусі і Расеі. Спадарыня Фрэйбэрга адкрыта крытыкуе дыктатарскія дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі, асуджае стан правоў чалавека ў Беларусі, сытуацыю зь незалежнымі мэдыямі, нелігітымнасьць апошніх прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў. Прэзыдэнт Латвіі настойліва патрабуе вызваленьня экс-амбасадара Беларусі ў Рызе Міхаіла Марыніча і ўсяляк падтрымлівае ягоную сям’ю. Вайра Віке-Фрэйбэрга неаднойчы заяўляла, што разам зь іншымі краінамі Эўразьвязу Латвія гатовая вітаць шлях Беларусі да дэмакратыі і дабрабыту. Як піша “Die Tageszeitung”, “жанчына і прэзыдэнт маленькай эўрапейскай краіны дастойна прадстаўляе сваю радзіму ў ЭЗ, яе пазыцыя заўсёды бачная, а голас заўсёды чутны ў моцным хоры вялікіх эўрапейскіх дзяржаваў”. Сярод мінулых ляўрэатаў прэміі Ханаха Арэнта – расейская праваабаронца Алена Бонэр, нямецкі палітык Фраймут Дувэ ды іншыя. Памер прэміі – 7,5 тысячаў эўра, піша нямецкая газэта.

Журналісты ўплывовай брытанскай газэта “Daily Telegraph” у выніку правядзеньня ўласнага расьсьледаваньня робяць наступную выснову: альбанскія банды на тэрыторыі былой Югаславіі жорстка эксплюатуюць маладых жанчын з Усходняй Эўропы, у тым ліку зь Беларусі. Калі брытанскаму прэм’еру Тоні Блэру сталі вядомыя вынікі гэтага журналісцкага расьсьледаваньня, ён сказаў: “Гэта шакуе. Размах, зь якім дзейнічаюць крымінальныя групоўкі – калясальны”. Паводле матэрыялаў, якія журналісты “Daily Telegraph” атрымалі ад македонскай паліцыі, групоўкі хавалі жанчын у патаемных бункерах непадалёк ад гатэляў. Дзяўчат выпускалі толькі для абслугоўваньня кліентаў. Першапачаткова ім абяцалі працу афіцыянтак, танцорак або нянькаў, але потым, пасьля прыбыцьця на месца, прымушалі займацца прастытуцыяй. Шмат зь іх потым траплялі ў якасьці сэкс-рабыняў у Лёндан, дзе, паводле Скотланд Ярду, альбанскія крымінальнікі кантралююць амаль усю прастытуцыю, піша брытанская “Daily Telegraph”.

Канадыйская газэта “London Free Press”, якая выдаецца ў правінцыі Антарыё, зьмяшчае на сваіх старонках анатацыю на кнігу мэмуараў Барыса Рагулі “Супраць патоку”(Against the Current). Гэтая кніга выйшла ў сьвет ужо пасьля сьмерці аўтара. Яна расказвае пра гісторыю жыцьця асобы і пра тое, які ўнёсак можа зрабіць чалавек у жыцьцё грамадзтва. Барыс Рагуля нарадзіўся ў 1920 годзе ў Беларусі, скончыў Наваградзкую гімназію. Браў удзел у нямецка-польскай вайне, тады ж трапіў у нямецкі палон. У 1941 быў арыштаваны НКВД. У 1943-1944 стаў камандзірам беларускага эскадрону. Пасьля эміграцыі атрымаў мэдычную адукацыю. Напачатку 1950-х пераехаў зь Нямеччыны ў Канаду. Ягоная прафэсійная дзейнасьць як лекара-анколяга працягвалася каля 40 год. Прыкладна столькі ж год Рагуля быў актывістам руху барацьбы з паленьнем. Спадар Рагуля быў членам Рады БНР, арганізатарам адпачынку чарнобыльскіх дзяцей ў Канадзе. Памёр сёлета ў красавіку, піша London Free Press.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG