Лінкі ўнівэрсальнага доступу

175 гадоў антырасейскаму паўстаньню ў Польшчы, Беларусі й Літве


Галіна Абакунчык, Менск 29-га лістапада спаўняецца 175 гадоў ад пачатку антырасейскага паўстаньня 1830 году. Першыя ўзброеныя выступленьні пачаліся ў Польшчы, а затым распаўсюдзіліся на тэрыторыю сучаснай Беларусі й Літвы. Удзельнікамі вызвольнага збройнага чыну сталіся вядомыя прадстаўнікі тагачаснай беларускай інтэлігенцыі. Аднак іхныя імёны й самая падзея амаль выключаныя з сучаснай гісторыяграфіі. З працягам тэмы Галіна Абакунчык.

На тэрыторыі Беларусі гэта быў другі нацыянальна-вызвольны рух супраць расейскага панаваньня пасьля паўстаньня 1794 году пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі. Калі першае яшчэ ўзгадваюць нават афіцыйныя ўлады, то другое – якому сёньня роўна 175 год, не адзначаецца...

Палітычны зьмест паўстаньня 1830 году, як адну з прычынаў замоўчваньня юбілейнай гадавіны гэтай падзеі, называе прафэсар Анатоль Грыцкевіч.

(Грыцкевіч: ) “Зразумела, яно ж было накіраванае на незалежнасьць ад Расейскай імпэрыі, на ўзнаўленьне былой Рэчы Паспалітай ну і, зразумела, тагачаснай Фэдэрацыі. І таму, афіцыйныя колы, да прыкладу, яго ніколі не прызнавалі. Ну а паколькі зараз усе структуры, у тым ліку навуковыя структуры Акадэміі навук, таксама ёсьць афіцыйнымі, то калі ёсьць магчымасьць нешта не ўзгадаць, дык можна й не ўзгадаць”.

Паводле Анатоля Грыцкевіча, адметнасьцю гэтага паўстаньня сталася тое, што да збройнага супрацьстаяньня масава далучылася беларуская інтэлігенцыя. Кампазытары Агінскі і Абрамовіч, вучоныя Балінскі і Дамейка, літаратары Ходзька і Гарэцкі, мастакі Сухадольскі і Дмахоўскі. Бальшыня паўстанцаў загінулі, былі пакараныя сьмерцю альбо мусілі зьехаць з радзімы. Так, 25-гадовая графіня й паэтка, Эмілія Плятар, якая камандавала паўстанцкім атрадам, загінула ў адным з баёў. Малады філёзаф і эканаміст Міхал Валовіч быў закатаваны пасьля разгрому паўстаньня. Сусьветна вядомы навуковец Ігнат Дамейка эміграваў у Чылі. Тое, што паўстаньне 1830 году варта памятаць, у тым ліку з прычыны ягоных катастрафічных наступстваў для гісторыі й культуры Беларусі, перакананы культуроляг Сяргей Харэўскі.

(Харэўскі: ) “Мы безумоўна павінны памятаць пра гэтую вайну і пра тыя страшныя страты, якія панесла нашая культура. Адабраньне маёнткаў, вываз ў Расею палацавых збораў бібліятэк, музэяў, масавае закрыцьцё усіх неправаслаўных кляштараў, што да непазнавальнасьці зьмяніла культурны ляндшафт. Але памятаць усё гэта трэба дзеля таго, каб разумець адкуль узялася гэтая татальная русыфікацыя, якія ахвяры пакладзеныя на тое, каб супрацьстаяць гэтаму. Што беларусы не клаліся пад гэтую татальную русыфікацыю добраахвотна і ціхмяна. Гісторыя таго гвалту можа вытлумачыць вельмі многія нашыя сёньняшнія праблемы: наш стан культуры, аховы нацыянальнай спадчыны й урэшце рэшт – стан нашай нацыянальнай сьвядомасьці”.

“Пра вынікі паўстаньня 1830 году на тэрыторыі Беларусі гаварыў культуроляг Сяргей Харэўскі. Кампазытар Міхал Агінскі, які таксама быў удзельнікам вызвольнага збройнага чыну, прысьвяціў героям паўстаньня 1830 году свой вядомы палянэз “Разьвітаньне з Радзімаю”. Адам Міцкевіч – паэму “Дзяды”, а таксама верш “Сьмерць палкоўніка”, якім ушанаваў памяць загіблай паўстанкі Эміліі Плятар. Імя беларускі Эміліі Плятар носіць зараз адна з цэнтральных вуліц Варшавы, помнік паўстанцы ўстаноўлены на галоўным пляцы мястэчка Капцёва, што каля Друскенік у Літве. У цокаль умураваная табліца зь вершам Адама Міцкевіча “Сьмерць палкоўніка”.
XS
SM
MD
LG