Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці прададуць пояс князя Вітаўта?


Алег Грузьдзіловіч, Менск 29-га лістапада кіраўнікі антыкварна-аукцыённага дому “Парагіс” будуць абмяркоўваць, ці варта выстаўляць на паўторны аўкцыён пояс князя Вітаўта. Падобна, што скандал вакол гэтай сярэднявечнай каштоўнасьці, значнасьць якой для Беларусі спэцыялісты параўноўваюць са славутым крыжом Эўфрасіньні Полацкай, яшчэ не завершаны.

На аукцыёне, які правёў мінулай нядзеляй антыкварны дом “Парагіс” на срэбраны пояс славутага князя Вітаўта пакупнікоў не знайшлося. Чаму? -- спытаў я ў выканаўчага дырэктара “Парагіса” Людмілы Конанавай.

(Конанава: ) “Замала часу прайшло ад таго моманту, як мы яго выставілі на аўкцыён. Мяркую, гэта прычына”.

Шмат хто, аднак, лічыць: пакупнікоў на “пояс Вітаўта” не знайшлося, бо вакол гэтага лота ходзіць задужа шмат чутак. Напрыклад, шмат хто ставіць пытаньне рубам: як атрымалася, што на аўкцыён патрапіла каштоўнасьць, якую некаторыя экспэрты па значнасьці лічаць другой у Беларусі пасьля крыжа Эўфрасіньні Полацкай?

Прафэсар гістарычнага факультэту БДУ Валянцін Рабцэвіч упершыню даведаўся пра пояс у 2004 годзе, калі прыватны калекцыянэр папрасіў яго правесьці агляд срэбных пласьцінаў зь невядомага паяснога камплекту. Крыху пазьней ён атрымаў умоўную назву “пояс князя Вітаўта”. Дасьледчыкі не выключаюць, што ўпрыгожваньне магло быць падарункам ад крымскага хана Хаджы-Гірэя князю Вялікага княства Літоўскага Вітаўту. Прафэсар Валянцін Рабцэвіч расказаў мне, што пояс ўваходзіў у скарб, выкапаны пад вёскай Літва Маладзечанскага раёну. У 1990-ых гадах ён асабіста вёў там раскопы.

(Рабцэвіч: ) “Я там быў з калегамі-археолягамі. Мы перацерлі зямлю ў вялікай яміне на ускрайку вёскі, дзе невядома хто ужо рыўся да нас. Знайшлі некалькі манэтаў з тых тысяч, што там былі раней, але галоўнае – знайшлі дэталі пояса. Гэта срэбныя скрэпкі, якімі мацаваліся бляхі пояса. Якраз гэтых скрэпак у камплекце і не хапала”.

Але хто менавіта знайшоў “пояса Вітаўта”, на думку прафэсара Рабцэвіча, адказаць цяжка. І хоць камплект апынуўся ўрэшце рэшт у аднаго з калекцыянэраў, яго афіцыйна ўнесьлі ў дзяржаўны рэестар гісторыка-культурных каштоўнасьцяў вышэйшай катэгорыі і ацанілі ў 80 тысяч даляраў. Пазьней пояс набыла расейская фірма. Тады прафэсар Рабцэвіч ініцыяваў судовае разьбіраньне: чаму нацыянальная каштоўнасьць была перапрададзеная? Але суд стаў на бок новых, фактычна замежных уладальнікаў пояса.

Паводле Валянціна Рабцэвіча, да продажу каштоўнасьці расейцам спрычыніўся Дзімітрый Бубноўскі, былы кіраўнік Дзяржаўнай інспэкцыі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Аднак спадар Бубноўскі ў размове са мной адверг усе прэтэнзіі прафэсара Рабцэвіча. Маўляў, законнасьць зьдзелкі тройчы пацьвердзіў суд, а дзяржава мела магчымасьць набыць “пояс Вітаўта” у першую чаргу, аднак не зрабіла гэтага...

“Пояс Вітаўта”, хутчэй за ўсё, будзе выстаўлены на аўкцыён зноў, магчыма, гэта адбудзецца 25 сьнежня. Дарэчы, яго арганізатары запрашаюць жадаючых наведаць рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі і пабачыць “Пояс Вітаўта” на свае вочы. Агляд каштоўнасьці бясплатны.
XS
SM
MD
LG