Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне разглядаюць справу затрыманьня беларусаў на мяжы год назад


Міхал Стэльмак, Менск На мінулым тыдні Грузія і Ўкраіна адзначалі гадавіны сваіх дэмакратычных рэвалюцый. У Тбілісі беларускую дэмакратыю прадстаўляла Ірына Красоўская. Лідэр грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем” выступіла на міжнародным форуме “Новая хваля вызваленьня Эўропы – дэмакратыя і трансфармацыя”.

А вось у Кіеве гасьцявала цэлая дэлегацыя зь Менску, у тым ліку кіраўнік Нацыянальнага камітэту Анатоль Лябедзька. Ён сустрэўся зь кіраўніцтвам партыі “Наша Ўкраіна”, прадстаўнікамі ўраду. Асобную праграму гаспадары склалі для Зьмітра Бандарэнкі, Алеся Атрошчанкі, Уладзімера Кобеца, Зьмітра Бародка: яны наведалі таксама Чарнігаў.

Тут працягваецца расьсьледаваньне леташняй крымінальнай справы. Нагадаю: год таму іх затрымалі па дарозе зь Кіеву, падчас допыту каардынатару грмадзянскай ініцыятывы “Хартыя-97” спадару Бандарэнку зламалі руку…

24 лістапада 2004 году Бандарэнка, Бародка, Кобец і Атрошчанкаў вярталіся з Майдану дадому. На памежнай станцыі “Гарнастаеўка” беларусаў затрымала група ўкраінскіх сілавікоў, у якой былі памежнікі, мытнікі, міліцыянты, а таксама асобы ў цывільным адзеньні. Яны заявілі грамадзянам Беларусі, што іх падазраюць у датычнасьці да тэрарыстычнай дзейнасьці.

Затрыманьне адбывалася ў жорсткай форме, з выкарыстаньнем спэцсродкаў. Праз суткі іх адпусьцілі, але Бандарэнка з сябрамі ўпэўненыя, што насамрэч іх затрымалі за салідарнасьць з украінскай апазыцыяй. І вось зараз вайсковая пракуратура Чарнігаўскага гарнізону высьвятляе падрабязнасьці таго затрыманьня. Гаворыць Зьміцер Бародка:

(Бародка: ) “Мы там бралі ўдзел у сьледчых дзеяньнях. Такіх як апазнаньне, вочная стаўка. Што магу сказаць на гэты конт? Мы спадзяемся, што справа дойдзе да лягічнага канца. Мы апазналі ўсіх тых, хто нас затрымліваў. Мы ўрэшце рэшт высьветлілі, хто ў Кіеве аддаваў загад па нашым затрыманьні. Досыць высокія асобы. Хтосьці выконваў загад, скажам так, зь ініцыятывай. Нездарма ж там Бандарэнку Зьмітру зламалі руку. Хтосьці выконваў загад, таму што гэта быў загад. Пакуль цягнецца сьледзтва, казаць пра ўсё немагчыма. І нас пра гэта папярэджвалі – шырокую інфармацыю даваць непажадана. Мы спадзяемся, што там вінаватыя ўсё ж будуць пакараныя”.

Мае суразмоўцы аднадушныя: каб ўкраінская рэвалюцыя атрымала паразу, расьсьледаваньнем іхняй справы ніхто б сёньня не займаўся. Вось якім меркаваньнем пасьля паездкі ва Ўкраіну падзяліўся Зьміцер Бандарэнка:

(Бандарэнка: ) " Людзі ў форме, у якой бы яны краіне не служылі, не павінны самі парушаць закон, а павінны быць прыкладам у зьдзяйсьненьні гэтых законаў і не павінны выконваць злачынныя загады. Людзі, зь якімі мы падчас сьледчых дзеяньняў сустракаліся, кажуць: хлопцы, прабачце, нам загадалі, мы ж не хацелі, што вы хочаце, у нас жа сем’і… А я кажу: прабачце, тут ужо закон павінен дзейнічаць, і вы ж ведалі, што вы робіце. Рука ж у мяне не сама зламалася, і я вельмі шмат грошай патраціў на аднаўленьне здароўя. Гэта першая справа, калі я бачу, што дзяржава хоча насамрэч дасьледаваць справу і высьветліць: хто мае рацыю і хто вінаваты. Я спадзяюся, што гэта стане ўрокам і для беларусаў. Таму што я неаднаразова сустракаўся з супрацьпраўнымі дзеяньнямі міліцыянтаў і шмат маіх знаёмых падвяргалася зьбіцьцю”.
XS
SM
MD
LG