Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваё 15-годзьдзе Ліцэй сустракае ў падпольлі


Любоў Лунёва, Менск Нацыянальнаму гуманітарнаму ліцэю імя Якуба Коласа сёньня споўнілася 15 гадоў. Калектыў ліцэю падсумоўвае вынікі сваёй працы і прымае віншаваньні. Сёлета адбудзецца першы выпуск за час існаваньня ліцэю ў нелегальных умовах.

Датай утварэньня адзінага ў дзяржаве беларускамоўнага ліцэю лічыцца 28 лістапада 1990 году. Менавіта ў гэты дзень была падпісаная Пастанова Савета міністраў БССР аб утварэньні культурніцка-адукацыйнага цэнтру. Некалькі разоў узьнікалі праблемы з будынкам, дзе праводзіліся заняткі. Выкладчыкі, ліцэісты і іх бацькі ладзілі пікеты і шэсьці ў абарону ліцэйскага будынку на вуліцы Кірава.

У 2003 годзе Міністэрства адукацыі ліквідавала ўнікальную навучальную ўстанову з фармулёўкай “у мэтах аптымізацыі навучальнага працэсу”.

Будынак ліцэю дагэтуль стаіць парожні. Сёлета там пачаліся рамонтныя работы. Напрыканцы навучальнага году ў былыя клясы ўедуць судзьдзі суду Цэнтральнага раёну Менску, а ў самім ліцэі адбудзецца першы выпуск навучэнцаў, якія ніколі не сядзелі за партамі ліцэю.

Сваю першую лінейку яны правялі на вуліцы каля брамы зачыненага будынку. Увесь час яны вучыліся на арэндаваных кватэрах. Сёлета ліцэісты штодня езьдзяць на вучобу за горад. Намесьніца дырэктара па выхаваўчай працы Ірына Сідарэнка лічыць, што ліцэй захаваўся, нягледзячы на страту будынку.

(Сідарэнка: ) “Будынак гэта важна, канечне. Але чаму мы тут усе разам? Лічу, што галоўнае не будынак, а атмасфэра. Яна трымаецца на прынцыпах, якія былі закладзеныя ў канцэпцыю ліцэю. Гэта салідарнасьць, гэта ўзаемадапамога, гэта супрацоўніцтва, гэта ўзаемная падтрымка, гэта калегіяльнасьць”.

Дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас упэўнены, што калектыў верне свой будынак. Ён спадзяецца, што менавіта суд Цэнтральнага раёну задаволіць пазоў аб вяртаньні будынку дзецям.

Намесьнік дырэктара Лявон Баршчэўскі адзначае, што навучэнцы пасьпяхова здалі іспыты ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі ды іншых краінаў. Але для нармальнага навучальнага працэсу бракуе некаторых рэчаў.

(Баршчэўскі:) “Не хапае нам лябараторый. Заняткі па інфарматыцы мы можам праводзіць. Фізыку, хімію, біялёгію мы пакуль не цалкам можам забясьпечыць. Самае галоўнае – гэта вера, што мы не дарма ўсё пачалі. Галоўнае, каб гэта вера не пахіснулася, бо заўсёды, калі пачынаецца, ёсьць эўфарыя, ёсьць энтузіязм, а потым пачынаецца штодзённая праца. Няма выходных, няма адпачынкаў. Паколькі дакладна вызначанага тэрміну, калі мы можам вярнуцца да нармальных умоваў, няма, то псыхалягічна гэта не проста”.

Гэтымі днямі выкладчыкі ліцэю ўзгадвалі сваіх былых выпускнікоў, сярод якіх лідэр “Партнэрства” Мікола Астрэйка. 31 кастрычніка яго пакаралі 15 суткамі арышту за арганізацыю ўстаноўчай канфэрэнцыі ініцыятывы, якая займаецца назіраньнем за выбарамі.

(Астрэйка: ) “Ліцэй, сапраўды, моцна адрозьніваўся ад простай школы, дзе я вучыўся раней. Безумоўна, яго ўплыў на мой лёс вельмі вялікі. Тое, як я фармаваўся, тыя веды, тыя перакананьні, якія я маю зараз, на 50%, калі ня болей, былі створаны менавіта ліцэем. Тое, які шлях я абраў у жыцьці, тое, чым я зараз займаюся, гэта больш як за палову ўплыў ліцэю. Я вельмі хачу, каб маі дзеці вучыліся ў ліцэі. Мне было вельмі шкада, калі яго зачынілі і ён пераўтварыўся ў падпольную ўстанову”.

Ліцэй віншавалі грамадзкія дзеячы, знакамітыя рэжысэры з замежжа. Да навучэнцаў прыехалі госьці з Польшчы і Літвы, а таксама амбасадары з краінаў Эўразьвязу і ЗША.
XS
SM
MD
LG