Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па "ўсенародным" абмеркаваньні Лукашэнка прыняў Правілы дарожнага руху


Ганна Соусь, Менск Сёньня Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў новыя Правілы дарожнага руху. Яны набудуць моц 1 студзеня 2006 году. Як паведамляецца ў паведамленьні прэсавай службы прэзыдэнта, правілы былі прынятыя па выніках усенароднага абмеркаваньня.

У новых Правілах прапісаны шэраг новых нормаў дарожнага руху – найперш, што тычацца дадатковых гарантый бясьпекі для пешаходаў; стане больш жорсткай адказнасьць за кіраваньне аўтамабілям нападпітку, зьмены будуць тычыцца і руху маршрутнага транспарту, правілаў абгону, а таксама працы аўташколаў – будзе праведзеная комплексная праверка іхняй дзейнасьці.

Ад 1 красавіка 2006 году будзе забаронена езьдзіць на аўтамабілях з танаваным шклом.

Адметна, што паводле новых правілаў аўтамабілісты не абавязаныя абавязкова езьдзіць з уключаным сьвятлом, тады як гэтая норма прадугледжаная ў Правілах дарожнага руху пераважнай большасьці эўрапейскіх краінаў. Гэтае правіла год таму адмяніў сам Аляксандар Лукашэнка, якому не спадабалася, што ўсе аўтамабілісты езьдзяць з уключанымі ліхтарамі.

Намесьнік старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай партыі юрыст Сяргей Альфэр лічыць, што такія нарматыўныя дакумэнты, як Правілы дарожнага руху мусяць рыхтаваць прафэсіяналы, абапіраючыся на міжнародную практыку, а не на гэтак званыя ўсенародныя абмеркаваньні.

(Альфэр: ) “Правілы дарожнага руху – старыя і цяпер новыя адрозьніваюцца неістотна. У любым выпадку яны павінны адпавядаць міжнародным зацьверджаным нормам, каб любы кіроўца, які будзе тут у Беларусі ці ў іншых краінах, мог нармальна разумець, якім чынам яму ехаць. Усе гэтак званае народнае волевыяўленьне, якое было падчас нібыта абмеркаваньня, ні аб чым не гаворыць. Абсалютна дрэнна, што правілы дарожнага руху зацьверджвае прэзыдэнт. Я лічу, што кожны павінен займацца сваёй справай”.

Экс-старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч жыве ў раёне праспэкта Машэрава, і штодня назірае, як перакрываецца рух транспарту дзеля праезду эскорту Аляксандра Лукашэнкі з Драздоў.

Станіслаў Шушкевіч згадвае, што ў тыя часы, калі ён быў адным з кіраўнікоў Беларусі гэткія манэўры ладзіліся ў выключных выпадках з патрабаваньняў бясьпекі, напрыклад, падчас візыту Біла Клінтана ў Беларусь.

(Шушкевіч: ) “У мае часы, калі імкнуліся таксама недзе перакрываць рух, я вельмі пратэставаў супраць гэтага. Я бачыў, як гэта робіцца ў Францыі, там, фактычна, няма перакрыцьця руху ў Парыжы. У нас жа тут такое вар’яцтва робіцца, што не пад’ехаць да праспэкту, усё перакрываецца. А ў мяне тут вуліца Дразда і Ерусалімская, цяпер новы праспэкт Машэрава, тут вялікія пробкі бываюць. Усе чакаюць, плююцца, пакуль праедзе Лукашэнка ці іншыя дэлегацыі. Я да гэтага ставіўся і стаўлюся дрэнна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG