Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пракуратура адмовілася завесьці справу па факце сьмерці журналіста


Іна Студзінская, Менск Сёньня пракуратура Менскага раёну прыняла пастанову аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы паводле факту сьмерці журналіста Васіля Гроднікава.

Праверку па справе аб сьмерці пазаштатнага карэспандэнта “Народнай Волі” Васіля Гроднікава праводзіў сьледчы Менскай раённай пракуратуры Дзьмітры Кірыльчык. Паводле яго, рашэньне аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы прынятае з прычыны адсутнасьці складу злачынства.

Спадар Кірыльчык быў нешматслоўным:

(Кірыльчык: ) “Я ня бачу падставаў у завядзеньні крымінальнай справы. Мне здаецца, што ён сам ўпаў”.

Сьледчы Дзьмітры Кірыльчык адмовіўся паведаміць пра якія-небудзь падрабязнасьці праверкі, а таксама пра вынікі судова-мэдычнай экспэртызы, паколькі гэта канфідэнцыйныя зьвесткі, і азнаёміцца зь імі могуць толькі блізкія Васіля Гроднікава, у прыватнасьці, ягоны брат. Вядома толькі, што ў заключэньні судова-мэдычнага экспэрта Менскай абласной клінічнай бальніцы паведамляецца, што Васіль Гроднікаў памёр у “выніку кантакту з тупым прадметам”.

Брат загіблага Мікалай Гроднікаў расчараваны такім падыходам Менскай раённай пракуратуры да справы сьмерці Васіля.

(Мікалай Гроднікаў: ) “Ім жа чым менш крымінальных справаў, дык праца лепш цэніцца. Чэрапна-мазгавая траўма, гэта па-першае. Па-другое, у сямнаццаці месцах – кроў. Гэта зафіксаваў спадар Кароль на фота. Кроў засталася і дагэтуль там. Што тычыцца дзьвярэй, адчыніць іх і зачыніць – дык гэта цьвіком можна зрабіць было. Мы адвёрткай невялікай адчынялі. Так для добрых людзей гэты замок”.

(Карэспандэнтка: ) “Але ж вашы перакананьні, што яго забілі?”

(Гроднікаў: ) “Дапамаглі. Вельмі дапамаглі… Калі б упаў – у адным месцы кроў была. А так – у 17-ці месцах…”

Міколай Гроднікаў мае намер атрымаць вынікі судова-мэдычнай экспэртызы і разам з адвакатам дамагацца правядзеньня аб’ектыўнага і ўсебаковага расьсьледаваньня сьмерці свайго брата, журналіста Васіля Гроднікава.

***

Нагадаем, пазаштатны карэспандэнт “Народнай Волі” Васіль Гроднікаў быў знойдзены мёртвым раніцай 18 кастрычніка 2005 года ў сваім доме ў Заслаўі. Яго цела знайшоў брат. На галаве загінулага была запечаная кроў, плямы крыві былі таксама па ўсёй хаце. Сьледчы Менскай раённай пракуратуры Дзьмітры Кірыльчык і раней заяўляў, што не выключае: нябожчык мог упасьці і ўдарыцца аб вугал сьцяны.
XS
SM
MD
LG