Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што пазбавілі працы супрацоўніцу БРТІ?


Любоў Лунёва, Менск Кіраўніцу аддзелу Бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі Людмілу Якімовіч пазбаўляюць працы за тое, што яна выдала новы тэхнічны пашпарт на будынак, які належыць пратэстанцкай грамадзе “Новае жыцьцё”. Улады раней пазбавілі пратэстантаў зямельнага ўчастку, а потым пачалі працэдуру пераводу будынку з прыватнай у дзяржаўную маёмасьць.

Кіраўніца аддзелу Людміла Якімовіч лічыць, што адміністрацыя скасавала зь ёй кантракт, бо яна выдала тэхнічны пашпарт на будынак пратэстантам.

Грамада “Новае жыцьцё” набыла будынак (былы калгасны кароўнік) у 2002 годзе. Вернікі самі адрамантавалі яго і дагэтуль ладзяць там набажэнствы. Там знаходзіцца і нядзельная школа. У жніўні, калі пачаліся судовыя працэсы над іншымі пратэстанцкімі суполкамі з прычыны таго, што яны зарэгістраваныя ў жылым фондзе, пратэстанты з “Новага жыцьця” атрымалі ліст зь Менгарвыканкаму аб пазбаўленьні будынку. Чыноўнікі сваё рашэньне матывавалі тым, што будынак (былы калгасны кароўнік) выкарыстоўваецца не па прызначэньні (гэта пры тым, што трымаць кароваў у межах гораду законам забаронена). Спачатку чыноўнікі пазбавілі вернікаў зямельнага ўчастку. Потым пачалі працэдуру пераводу будынку з прыватнай у дзяржаўную маёмасьць.

Тым часам Бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі выдала пратэстантам новы тэхнічны пашпарт на будынак, у якім пазначана, што ён мае культавае прызначэньне. Загадчыцу аддзелу і супрацоўніцу, якія выдалі пашпарт, прымусілі напісаць тлумачальныя. Загадчыцу аддзелу Людмілу Якімовіч пазбавілі прэміі на 30%, а яе падначаленую — на 50%. Людміла падпісала спавешчаньне аб тым, што зь ёй працягваюць кантракт. Але праз тыдзень, калі адміністрацыя Бюро даведалася, што Людміла наведвае царкву “Новае жыцьцё”, ёй паведамілі, што кантракт будзе скасаваны. Людміла Якімовіч упэўнена, што гэта стала помстай уладаў за новы пашпарт.

(Якімовіч: ) “Я ўпэўнена, што прычынай, чаму са мной не працягнулі кантракту, стала тое, што я наведваю царкву “Новае жыцьцё”. Як ім гэта стала вядома, я ня ведаю. Новы тэхпашпарт зрываў пляны Менгарвыканкаму альбо іншых структураў, каб прыдушыць царкву. Было паседжаньне ў Маскоўскім райвыканкаме, і там прагучала, што пытаньне пра царкву “Новае жыцьцё” палітычнае. Тое, што са мной падоўжылі кантракт, а потым раптам скасавалі, сьведчыць аб тым, што гэта справа палітычная. Мне паведамілі людзі, прозьвішчаў якіх я не магу назваць, аб тым, што пачалася праверка вернікаў з “Новага жыцьця”. Будуць высьвятляць, дзе яны працуюць, чым займаюцца… Да чаго гэта прывядзе, можна здагадацца”.

Прадстаўнік адміністрацыі БРТІ Мікалай Вількот паведаміў Радыё Свабода, што ня бачыць палітычнага падтэксту ў пытаньні сваёй падначаленай.

(Вількот: ) “У адносінах да пратэстанцкай царквы вы ў мяне дарадцаў ня знойдзеце. Я нармальнай арыентацыі, таму мне гэта абсалютна не патрэбна. Вось калі б вы ў мяне спыталі: “А якія віды паслугаў ваша агенцыя аказвае насельніцтву?”, мне было б неабыякава, што і каму я кажу. У мяне ў Сухарава іх пяць штук. Памяшканьні, пра якія праваслаўныя толькі марылі”.

Днямі вернікі грамады “Новае жыцьцё” атрымалі ліст з райвыканкаму Маскоўскага раёну Менску аб тым, што царкву пазбаўляюць рэгістрацыі з прычыны таго, што ў дакумэнтах няма подпісаў усіх вернікаў (гэта каля 1000 чалавек). Тэхнічны пашпарт будзе прызнаны несапраўдным. Вернікам прапанавана вызваліць будынак. Яго кошт вызначылі на 35 мільёнаў рублёў (каля 15 тысяч даляраў). Гэта пры тым, што на сёньняшні дзень аднапакаёвая кватэра ў Менску каштуе каля 30 тысяч даляраў. Адміністратар грамады “Новае жыцьцё” Васіль Юрэвіч паведаміў Радыё Свабода, што самі вернікі будынку не аддадуць. Яны будуць зьвяртацца па дапамогу ў розныя міжнародныя арганізацыі.
XS
SM
MD
LG