Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы патрабуюць ад А.Лукашэнкі адклікаць папраўкі


Алесь Дашчынскі, Менск Беларускія праваабаронцы запатрабавалі ад кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі адклікаць прапанаваныя ім палітычныя артыкулы ў крымінальнае заканадаўства, а ад Нацыянальнага сходу — не прымаць унесенага прэзыдэнтам законапраекту.

На сумеснай прэсавай канфэрэнцыі ў Менску праваабаронцы заявілі, што прапанаваныя зьмены ў Крымінальны кодэкс супярэчаць ня толькі канстытуцыі краіны, але і міжнародным актам у галіне правоў чалавека, якія ратыфікавала Беларусь.“Мы глыбока перакананыя, што гэты законапраект мае выключна рэпрэсіўны характар, скіраваны на запалохваньне грамадзянаў краіны напярэдадні чарговых прэзыдэнцкіх выбараў”, — гаворыцца ў сумеснай заяве прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў Беларусі. — Зьмены ў заканадаўстве прывядуць да яшчэ большага ўзмацненьня палітычных рэпрэсіяў, вернуць Беларусь у найгоршы час савецкага таталітарызму”. Гаворыць прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак:

(Гулак: ) “Ніякіх падставаў для ўвядзеньня жорсткіх абмежаваньняў на розную публічную дзейнасьць, на падрыхтоўку розных масавых акцыяў мы проста ня бачым. Нашы ўлады нават не спрабуюць хаваць, што гэта ў сувязі з надыходзячымі прэзыдэнцкімі выбарамі і што гэтыя зьмены ў заканадаўстве прадугледжаныя дзеля таго, каб кантраляваць сытуацыю”.

Алег Гулак лічыць, што ў выніку прыняцьця згаданых паправак нельга будзе гаварыць ні пра якія выбарчыя працэдуры ў краіне. Прапанаваны прэзыдэнтам артыкул “дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь” фактычна пазбаўляе праваабаронцаў магчымасьці праводзіць маніторынг выбарчай кампаніі і прэзэнтаваць яго вынікі беларускай і міжнароднай грамадзкасьці.

(Гулак: ) “Відавочна, што вядзецца падрыхтоўка да фальшаваньняў вынікаў і робіцца ўсё, каб праваабаронцы, палітыкі не змаглі расказаць людзям праўду аб тым, што адбывалася. І тое, што такім чынам робіцца цяпер, гэта выключна накіравана на запалохваньне людзей, на ўсталяваньне такіх квазі-прававых умоваў, квазі-прававых нормаў, якія дадуць магчымасьць прымяніць квазі-законную адказнасьць для людзей”.

Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі зьвяртаюць увагу на пагаршэньне сытуацыі ў краіне. Паводле юрыста зьліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, увядзеньне палітычных артыкулаў у крымінальнае заканадаўства можа прывесьці да значнага павелічэньня ў Беларусі палітычна матываваных справаў.

(Стэфановіч: ) “Калі на сёньня ў нас з палітычных матываў за кратамі знаходзіцца шэсьць чалавек, то з прыняцьцём гэтых зьменаў у Крымінальны кодэкс, я думаю, можна будзе весьці гаворку пра сотні палітычных вязьняў. Паколькі дзейнасьць грамадзянаў у адстойваньні сваіх правоў у межах нейкай арганізацыі, няхай і нефармальнай, будзе цягнуць за сабой крымінальную адказнасьць. Уладам на сёньня стала мала адміністрацыйнай адказнасьці. Яны вырашылі ўвесьці крымінальную адказнасьць на ўзор краінаў Сярэдняй Азіі. Таму любая актыўнасьць перад выбарамі будзе расцэньвацца адпаведным чынам”.

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі зьвярнуліся ў Міжнародную фэдэрацыю правоў чалавека і фэдэрацыю Хэльсынскіх камітэтаў з заклікам выкарыстаць усе магчымыя мэханізмы для ўціску на беларускія ўлады, каб спыніць прапанаваныя кіраўніком краіны палітычныя артыкулы ў крымінальнае заканадаўства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG