Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кансыліюм дактароў – стан здароўя Аўтуховіча вельмі сур''ёзны


Сяргей Астраўцоў, Горадня Мікалая Аўтуховіча агледзеў кансыліюм дактароў, прызнана, што ягоны стан пасьля 46 дзён галадоўкі вельмі сур''ёзны.

Сёньня дактары з паліклінікі абласнога упраўленьня ўнутраных справаў агледзелі ў гарадзенскай турме Мікалая Аўтуховіча. Яны адзначылі, што калі ён ня згодзіцца легчы пад кропельніцу і ня скончыць галадоўку, яго варта будзе пакласьці ў шпіталь.

Паводле адваката Галіны Івановай, калі будзе прынятае рашэньне наконт шпіталізацыі, галадоўніка хутчэй за ўсё павязуць у Менск у рэспубліканскі турэмны шпіталь. Яна лічыць, што ў такім паважным стане яго пабаяцца надалей трымаць у сьледчым ізалятары турмы.

Дактары, якія агледзелі Аўтуховіча, свае высновы накіруюць, праўдападобна, ня толькі кіраўніцтву турмы, але таксама сьледчаму Аліхверу упраўленьня фінансавых расьсьледаваньняў, якое за яго сёньня адказвае, а таксама ў пракуратуру, якая мае ажыцьцяўляць нагляд за сьледзтвам.

***

Мікалая Аўтуховіча арыштавалі 14 кастрычніка ў Горадні. Яго абвінавачваюць ва ухіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Яму налічылі недаплачаных падаткаў — 679 мільёнаў рублёў. Крымінальная справа супраць прадпрымальніка датычыць другой часткі артыкула 243, якім прадугледжана пакараньне — ад трох да сямі гадоў зьняволеньня. Суд можа пры гэтым таксама канфіскаваць маёмасьць.
XS
SM
MD
LG