Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Андрасюк : “Дурнота гэтай улады бывае бязьмежная...”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У мінулыя выходныя ў Гайнаўцы адбыліся юбілейныя дзясятыя польска-беларускія літаратурныя спатканьні “Бязьмежжа 2005”, у часе якіх пісьменьнікі з суседніх краінаў дзяліліся сваім досьведам. Гэта адна з найбольш значных падзеяў у беларускім літаратурным жыцьці Беласточчыны.

Удзельнікі двухдзённай імпрэзы, якую арганізаваў Беларускі саюз у Польшчы, гаварылі ня толькі пра літаратуру. У першы дзень у цэнтры ўвагі творцаў з Польшчы і Беларусі была мяжа – мяжа, якая існуе паміж дзьвюма дзяржавамі, але таксама мяжа, якую перакрочвае дзяржава, спрабуючы падпарадкаваць пісьменьніка.

Гаворыць адзін з арганізатараў “Бязьмежжа” , гайнаўскі літаратар Міхась Андрасюк.

(Андрасюк: ) “Пачынаючы гэтае мерапрыемства, мы хацелі паказаць, што літаратура можа перасякаць межы. Гэта так, але нашыя госьці зь Беларусі жывуць у вельмі вузкіх межах. “Бязьмежжа” перадусім спрыяе збліжэньню польскай і беларускай літаратуры. Мы выдалі некалькі кніжак перакладаў беларускай літаратуры на польскую мову. Гэта вельмі важна, бо маладая беларуская літаратура дрэнна вядомая ў Польшчы”.

Нягледзячы на тое, што ў другі дзень спатканьняў дамінавала паэзія – свае вершы дэклямавалі Міра Лукша, Надзея Артымовіч і Ежы Плютовіч зь Беласточчыны, а таксама Юры Гумянюк і Анатоль Івашчанка зь Беларусі – удзельнікі “Бязьмежжа” закраналі таксама і апошнія падзеі, зьвязаныя са стварэньнем праўладнай пісьменьніцкай арганізацыі ў Беларусі.

(Андрасюк: ) “Мы ўжо ведаем, што створаная альтэрнатыўная пісьменьніцкая арганізацыя, вядома што зь ініцыятывы ўладаў. Калі саюзам пісьменьнікаў кіруе генэрал, дык тут аказваецца, што дурнота гэтай улады можа быць бязьмежная. Тут перасякаюцца ўсе межы, зразумелыя эўрапейцу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG