Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць пра папраўкі ў Крымінальны кодэкс менчукі?


Галіна Абакунчык, Менск Як расцэньваюць папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якімі прадугледжваецца крымінальная адказнасьць за “дыскрэдытацыю Беларусі”, грамадзяне краіны? Гэтым пытаньнем у людзей на вуліцах Менску цікавілася наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Ці можна прыцягваць да Крымінальнай адказнасьці за публічнае выказваньне сваёй незадаволенасьці ўладай ці ладам гаспадараньня ў краіне?”

(Юнак: ) “Безумоўна, што нельга. Бо кожны чалавек мусіць мець права выказваць сваю думку там, дзе ён пажадае і таму, каму ён пажадае. Канечне, калі ён нікога не абражае пэрсанальна”.

(Юнак: ) “Што да мяне, дык я супраць адназначна. Гэта недэмакратычна, так не павінна быць у свабоднай краіне. Кожны чалавек павінен мець магчымасьць выказаць свае думкі на людзях”.

(Спадарыня: ) “У тым законапраекце гаварылася, што чалавек не павінен гаварыць пра дзяржаву кепска. А паводле нашага заканадаўства, любы закон павінен прымаць парлямэнт, ён не павінен зыходзіць ад аднаго чалавека. Акрамя таго, калі на тое пашло, і яны хочуць гэта зрабіць, то яны павінны правесьці рэфэрэндум і не прымаць такіх законаў на роўным месцы”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці варта прыцягваць да крымінальнай адказнасьці за публічныя выказваньні супраць дзейнай улады ці становішча краіны?”

(Юнак: ) “Нельга, бо гэта парушае мае правы як чалавека”.

(Юнак: ) “Нельга так рабіць, бо я лічу, што ў нас павінна быць свабода слова”.

(Спадарыня: ) “Я супраць гэтага, бо калі ўлада ўпэўнена ў сваёй праваце, то яна не павінна нічога баяцца. І крымінальнай адказнасьці за тое, што я выкажу незадаволенасьць палітычным ці сацыяльным становішчам, не павінна быць. Гэта мая асабістая думка, ніхто ня мае права мяне за гэта асуджаць”.

(Спадар: ) “Мне здаецца, што ўсё вельмі адносна, бо трэба шмат умоваў улічваць. Па-мойму, трэба крытыкаваць, але ў карэктных формах”.

(Юначка: ) “На маю думку, кожны чалавек павінен мець права выказваць сваю думку — і менавіта на шырокую публіку. І нельга прыцягваць да крымінальнай адказнасьці такіх людзей. Бо гэта не спрыяе разьвіцьцю грамадзтва: чалавека забіваюць, забіваюць, а праблемы толькі паглыбляюцца. І недзе ў глыбіні незадаволенасьць будзе толькі расьці, і ў канчатковым выпадку можа выліцца ў шмат большае, чым проста выказваньне”.
XS
SM
MD
LG