Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Гайдукевіч “у палітычным шоку” ад паправак у Крымінальны кодэкс


Ганна Соусь, Менск Сёньня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у сталых камісіях абмяркоўвалі прынятыя ў першым чытаньні папраўкі да крымінальнага заканадаўства, якія ўзмацняюць адказнасьць за крытычныя выстуленьні на адрас улады. Рэдактары недзяржаўных мэдыяў зьвяртаюць увагу на тое, што прапанаваныя папраўкі нэгатыўна адаб’юцца на дзейнасьці незалежных сродкаў масавай інфармацыі.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч заявіў сёньня Радыё Свабода, што ён у “палітычным шоку” ад прынятых у першым чытаньні паправак у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Беларусі. Яны прадугледжваюць, сярод іншага, крымінальную адказнасьць за дыскрэдытацыю Беларусі. Сяргей Гайдукевіч, які ня браў удзелу ў галасаваньні, лічыць прапанаваны праект вялікай памылкай кіраўніцтва Беларусі.

(Гайдукевіч: ) “Рашэньне абсалютна непрадуманае. Дзякуй Богу, што ў першым чытаньні. Гэта выклікае незразумелую рэакцыю вакол Беларусі. Для мяне і як кандыдата на прэзыдэнта, і як лідэра партыі незразумела, што адбываецца. Гэты непрадуманы крок, які дасьць абсалютна адваротны эфэкт, чым плянавалі. За дзесяць гадоў мяне ўпершыню зьдзівілі. Я дэпутат, я буду рабіць пэўныя захады і тлумачыць, што ёсьць пытаньні, якія нельга такім чынам вырашаць. Нічога добрага ня будзе”.

Дэпутатка Вольга Абрамава, якая гэтаксама не прысутнічала на галасаваньні, кажа, што не прагаласавала б за прапанаваны праект, аднак ёй зразумелая лёгіка дзяржавы ў гэтых дзеяньнях.

(Абрамава: ) “Гэта спроба абараніць дзяржаву, найперш яе імідж ад нэгатыўнага вонкавага ўзьдзеяньня. Як палітык, я часта сутыкаюся з сытуацыяй, якая там прапісана. У Беларусі дастаткова палітыкаў, якія, калі знаходзяца за мяжой, падаюць абсалютна скажоную карціну таго, што адбываецца ў Беларусі”.

Дэпутат Сяргей Касьцян галасаваў за прапанаваныя папраўкі ў крымінальнае заканадаўства.

(Касьцян: ) “Я гэта рабіў, таму што мне вельмі дарагая мая радзіма, і я не жадаю, каб яе таптаў амэрыканскі бот”.

Калі прапанаваныя папраўкі набудуць моц закону, яны нэгатыўным чынам паўплываюць і на дзейнасьць незалежных мэдыяў, лічыць рэдактар газэты “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевч. Паводле яго, гэта яшчэ адзін рычаг для ціску на незалежныя СМІ.

(Старыкевіч: ) “Будзе яшчэ адна дубіна ў руках улады. Трэба зазначыць, што нашая практыка горшая за любое заканадаўства. Усё роўна, калі ўлада пажадае зьнішчыць любую газэту, то яна зможа зьнішчыць яе ў самы кароткі тэрмін”.

Рэдактар штотыднёвіка “Белорусы и рынок” Вячаслаў Хадасоўскі прагназуе ўзмацненьне ўнутранай цэнзуры ў незалежных мэдыях. Спадар Хадасоўскі лічыць, што яшчэ існуе шанец, што папраўкі ня будуць прынятыя з прычыны адыёзнасьці праекту. Шэф-рэдактар незалежнай газэты “Народная Воля” Сьвятлана Калінкіна зьвяртае ўвагу, што папраўкі ў крымінальнае заканадаўства незалежных мэдыяў наўпрост ня тычацца, аднак, паводле спадарыні Калінкінай, улада дае знак, што будзе вельмі жорстка распраўляцца з усімі, хто мае настрой на супраціў.

(Калінкіна: ) “Гэтыя папраўкі супярэчаць нашай Канстытуцыі, але ўсё ж гэта не спыніла ні Сухарэнку, ні Лукашэнку, які на самой справе падпісаў і накіраваў у парлямэнт праект такога закону”.

У прынятых у першым чытаньні папраўках прадугледжваецца ўнясеньне ў Крымінальны кодэкс палажэньня аб крымінальнай адказнасьці за зварот да іншаземнай дзяржавы з заклікам гвалтоўнага ўмяшаньня альбо эканамічнай блякады. Прапануецца гэтаксама ўнесьці артыкул “незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, фонду альбо ўдзел у іх дзейнасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG